26 апреля 2024, пятница, 18:48
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Пад каго стваралася ВКЛ

42
Пад каго стваралася ВКЛ

Такая знаёмая нам сёння назва Вялікае Княства Літоўскае на дзвесце гадоў маладзейшая за саму тую дзяржаву.

Калі Літва была каралеўствам

Тытул манарха мае вялікае сімвалічнае значэнне. Гэта публічная маніфестацыя статусу і, у пэўным сэнсе, замежнапалітычнай арыентацыі. Напрыклад, першых кіеўскіх князёў летапісцы часам называлі «каганамі», што сведчыла пра моцную яшчэ повязь з іудзеямі-хазарамі. Уладары літоўскія ад самага пачатку вымушаныя былі дэманстраваць прыхільнасць да заходняга вектару развіцця. Каб гуляць на адным палітычным і вайсковым полі з Польшчай і крыжацкімі Ордэнамі, трэба было мець з імі роўны статус. Інакш, па жорсткіх законах тых часоў, суседзі ўспрымалі б Літву як плямёны дзікуноў, вартыя толькі асіміляцыі і вынішчэння.

Таму Міндоўг (гады кіравання 1250-я—1263), які ствараў вакол Наваградку новую дзяржаву, хрысціцца ў каталіцтва і ў 1253 г. карануецца каралеўскай каронай, дасланай Папам Інакенціем IV. «Божай міласцю кароль Літвы» — так называюць Міндоўга ў дакументах яго канцылярыі 1253—1261 гг. У сваю чаргу Папы Інакенцій IV і Аляксандр IV звярталіся да Міндоўга, як да «найяснейшага караля Літвы». Што характэрна, Папа называе Міндоўга каралём і звяртаецца да яго так яшчэ да афіцыйнага каранавання, але пасля хросту. І пасля дзяржаўнага перавароту, калі змоўшчыкі Даўмонт, Таўцівіл і Транята забілі Міндоўга, Папа у адным з афіцыйных лістоў выказвае шкадаванне з нагоды смерці «нашага хрысціянскага караля, забітага паганцамі».

Наступны этап: герцагства Літоўскае

Наступным кіраўніком дзяржавы, які строга сачыў за паслядоўным ужываннем свайго тытулу, быў Гедымін (1316—1341). У актах, якія зыходзяць ад яго імя, ён першым з літоўскіх князёў пачаў называць сябе «каралём ліцвінаў і русінаў». Напрыклад, дакоры крыжакам, якія адмаўляліся выдаць дзве тысячы збеглых у Ордэн смердаў, прыходзілі за такім подпісам. Так звярталіся да кіраўніка літоўскай дзяржавы заходнія ўладары і нямецкая Ганза. У нямецкамоўнай карэспандэнцыі Гедымін падпісваецца таксама «скарочанай формулай» — «кароль літоўцаў»: «konig van Lettouen».

Часам Гедымін называўся «dux» — «князь» ці ў заходняй традыцыі — «герцаг». Герцагствы тады не саступалі каралеўствам. Згадаем змаганне Французскага Каралеўства і Вялікага Герцагства Бургундскага.

Каралеўскі тытул зрэдку ўжываўся ў дыпламатычнай перапісцы і пасля Гедыміна. Альгерд (1341—1377) быў «каралём Літвы», «вялікім каралём», але таксама і «найвышэйшым князем» і «вялікім князем». Ягайла (1382—1391) яшчэ да хрышчэння ў каталіцтва зваўся «каралём», «вялікім каралём», «вялікім князем», «найвышэйшым каралём», «найвышэйшым князем». То бок вялікай розніцы між «каралём» і «князем» літоўскія ўладары тады не бачылі.

Хоць у суседскіх хроніках гэта выклікала блытаніну. Бо словы князь/герцаг у розных мовах па-рознаму перакладаюцца. Калі старабеларуская і польская тэрміналогія ведаюць толькі аднаго «князя» і «ksiкcia», дык у лаціне існуе два тэрміны — «princeрs» і «dux», як і ў нямецкай мове — «Fürst» і «Herzog».

Тытул «кароль ліцвінаў» трымаўся нароўні з «князем» да Крэўскай уніі (1385 г.), падчас якой Польшча і Літва заявілі пра інтэграцыйныя памкненні. Адразу ж пасля яе тэрмін «konig» («кароль») у дачыненні да вялікага князя літоўскага перастае ўжывацца ў нямецкамоўных крыніцах. Выключэнне — калі вялікі князь быў адначасова і польскім каралём, як Ягайла.

Ледзь не сталі Польскім каралеўствам

У лацінскіх актах яшчэ до хросту Ягайлу называюць «dux». У далейшым — «supremus dux» («найвялікшы князь»), а ад сярэдзіны 1386 г. усталёўваецца тэрмін «princeрs» («валадар»), а «dux» знікае. «Рrinceрs» — гэта болей, чым «dux», але ж меней, чым «rex» («кароль»). Функцыяй «princeрs» было адрозненне Ягайлы ад падлеглых яму ліцвінскіх князёў. З’яўленне тытулу «princeрs» магло выконваць ролю «кампенсацыі» за спыненне ўжывання тэрміну «кароль» да кіраўніка Літоўскай дзяржавы.

Цяпер, пасля Крэва, хрышчэння і каранацыі, Ягайла стаў «каралём Польшчы, найвышэйшым князем літоўскім і дзедзічам рускім». З юрыдычнага пункту гледжання пункты Крэўскай дамовы прадугледжвалі інкарпарацыю Літоўска-Беларускай дзяржавы ў склад Польскай Кароны. Але на практыцы ажыццявіць «інтэграцыю» не ўдалося. Дзякуючы актыўнасці грамадскіх сілаў краю, незадаволеных умовамі, якія прапанаваў польскі бок, паглынанне дзяржавы нашых продкаў Польшчай так і засталося на паперы.

Які князь вялікшы?

Літоўскія незалежніцкія памкненні ўвасабляў Вітаўт. Дакладней, выкарыстоўваў іх у барацьбе за ўладу з стрыечным братам Ягайлам, каралём і «найвышэйшым князем». У 1392 г. апошні быў змушаны перадаць Вітаўту кантроль над літоўска-рускімі землямі, але зваўся Вітаўт проста «князем». «Вялікім князем» ён стаў сябе называць ад студзеня 1401 г. Тады ў Вільні была падпісаная Віленска-Радамская унія. Гэты акт прызнаваў палітычную асобнасць Літоўскага княства да смерці Вітаўта. Пасля яе ўлада мусіла перайсці да Ягайлы ці яго пераемнікаў. Кракаў прызнаваў афіцыйны тытул Вітаўта, але і той вымушаны быў пайсці на значныя саступкі — палітычная вага Вільні падупала пасля катастрофы на Ворскле (1399 г.), дзе татары высеклі большую частку літоўска-рускага войска.

І ўсё ж браты-князі не пераставалі спрачацца пра свае правы на княства і свой статус у ім. Сагнуць Ягайлу Вітаўт змог толькі пасля Грунвальду. У 1411 г. асобным актам Ягайла афіцыйна прызнаў за Вітаўтам тытул «magnus dux» («вялікі князь»). Польскі кароль фармальна застаўся суверэнам дзяржавы — «princeps», а тэрмін «dux» знік з яго тытулу.

Вітаўт не думаў спыняцца на гэтым. Наступнай сваёй задачай ён бачыў атрыманне каралеўскай кароны, роўнай Ягайлавай. А там — хто ведае: магутнасць літоўска-рускага княства расце, Ягайла старэе… Аднак карона Вітаўта, якую везлі з Рыму, «згубілася» на польскіх дарогах. І ўсё ж, дзякуючы тым спробам вялікага князя, яго дзяржава займела нарэшце афіцыйную назву.

Дзень народзінаў ВКЛ

Яшчэ і пасля Крэўскай уніі ў дакументах яе называюць і terra Letouie et Russie, і terra Lithuaniae, і terrae Litwania et Russia (зямля літоўцаў і русінаў; зямля Літоўская; Літоўская і Руская зямля)… Але ж усё гэта — апісальныя назвы, але не афіцыйны тытул дзяржавы!

Толькі ў 1419 г. у сумесным дакуменце Ягайлы і Вітаўта сустракаецца назва «ducatus Litwanie» («княства Літоўскае»). А тытул дзяржавы «Magnus Ducatus» («Вялікае Княства») упершыню быў запісаны толькі 2 студзеня 1430 г. у адным з актаў, складзеных якраз у той час, калі Вітаўт чакаў літоўскую каралеўскую карону. І далей пачаў выкарыстоў¬вацца рэгулярна.

Фактычна, тытул дзяржавы быў утвораны ад тытулу вялікага князя Вітаўта. Выходзіць, пад яго, пад уладара з ягонымі амбіцыямі і правамі, фармавалася дзяржава.

У 1411 г. тытул «вялікі князь» выконваў функцыю адрознення Вітаўта ад іншых князёў дзяржавы і не быў яшчэ ў поўным сэнсе тытулам манарха. Толькі з 1430 г. тытул «вялікі князь» становіцца канчаткова адпаведным тытулу дзяржавы, назва якой паўстае ў той форме, якая нам сёння так знаёмая — Вялікае Княства Літоўскае.

Написать комментарий 42

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях