18 мая 2024, суббота, 16:53
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Інтэграцыя ў стылі «Цал Дир Бие»

11
Інтэграцыя ў стылі «Цал Дир Бие»

Горад зноў пастаўлены на рогі.

Перакрываюць вуліцы. Міліцыянты шыхтуюцца кардонамі і ланцугамі. Гойсаюць зыркія таптуны. Аэрапорт калоціць ліхаманка. Аўтобусы зрываюцца з маршрутаў і пад гнеўны лямант пасажыраў ледзь не агародамі прабіваюцца да свайго апошняга прыпынку. Па Мінску пракаціліся аблавы – хапалі моладзевых актывістаў і паспешліва кідалі кожнаму традыцыйныя пяць сутак.

І ўсё дзеля таго, каб не сапсаваць якой-небудзь прыкрай нечаканасцю свята душы драздоўскага правіцеля. А то як жа – доўгачаканы момант. Саміт! З’язджаюцца зацятыя супернікі і нібыта сябры. І ён, правіцель, у ролі гасціннага гаспадара. Генеральная рэпетыя будучага ўзлёту. Да таго ж на новай сцэне – у толькі што збудаваным палацы, за якім дасціпныя мінакі ўжо замацавалі экзатычную назву «Цал Дир Бие». Што сімвалізуюць гэтыя літары, налепленыя аднойчы на сцяне таго палаца паўночнакарэйскімі гастарбайтэрамі, не ведае ніхто. Але ж затое як гучыць!

Дык што было там адмысловага, у парадку дня таго саміта, каб уздымаць гэткі вэрхал? А нічога. З’ехаліся, каб сфатаграфавацца разам, пасварыцца, перакінуцца з’едлівымі рэплікамі ды прыйсці да згоды, што нікому, акрамя Масквы, Мытны саюз нічога карыснага не дае. І паведаміць свету, што ўжо ў 2015 годзе ўзнікне новы хаўрус усё тых жа незадаволеных інтэгратараў – Еўразійскі эканамічны саюз. І, па магчымасці, зрабіць выгляд, што гэта новы рашучы крок да шчасця. А куды падзецца? Пуціну ж трэба супакоіць нацыяналістаў – паказаць чарговую моркаўку імперскіх намаганняў. Назарбаеву таксама не зашкодзіў бы пазітыўны сігнал той частцы свайго электарата, якая ўсё яшчэ сумуе па савецкім часе.

Вось толькі тутэйшы правіцель гэтай архаікай не цікавіцца зусім. У яго на гэтым полі свая гульня. І стаўка ў той гульні насамрэч болей, чым жыццё.

Дваццаць год пры ўладзе – гэта ўжо не жарты. Час, калі давядзецца пакаваць чамаданы, набліжаецца няўмольна. Тым болей што краіна пад ягоным мудрым кіраўніцтвам паспяхова дайшла да той рысы, за якой - бездань. Крэдытаў ніхто ўжо не дае. Казна пусцее. Таварыш крах настойліва грукае ў дзверы. Каб вылезці з багны, патрэбны грунтоўныя рэформы. А гэта – непазбежная страта ўлады.

Але падобна на тое, што ён знайшоў сабе іншае выйсце.

Яшчэ ў 1996 годзе, падпісваючы ў Крамлі пагадненне аб стварэнні гэтак званай саюзнай дзяржавы, ён паспрабаваў вырвацца на расійскую палітычную прастору ў якасці канкурэнта старога і хворага Ельцына. І вось на саміце ў Мінску зноў адгукнулася рэха тых даўніх падзей. На тле будзённай постсавецкай валтузні пачуліся словы, поўныя застарэлай крыўды і няздзейсненых амбіцый. Перакладаць той тэкст не варта. “Суверенитет – не икона. Все имеет цену, и если мы хотим жить лучше, надо чем-то жертвовать. Главное – это благополучие людей”. Зразумела, толькі аб тутэйшых людзях, асабліва драздоўскіх, ягоны вечны клопат. Праматаў усе незлічоныя крэдыты на лядовыя палацы ды клюшкі, цяпер няма чым гандляваць. Давядзецца выставіць на продаж незалежнасць.

Каб у патэнцыйнага пакупніка не было ніякага сумневу ў тым, што «намеренья как воздух гор чисты», ён разгортвае велічную панараму татальнай інтэграцыі: «Мы создаем не межгосударственное образование, а совместный орган государственного управления, который должен принимать решения каждый день, и эти решения должны исполняться на всей территории нашего Союза».

Проста ідылічнае відовішча ў перспектыве гэтага Еўразійскага саюза, непазбежнасць якога так упарта дэкляруе Крэмль. Ствараецца наднацыянальны орган. Ягоныя рашэнні абавязковыя для ўсіх краін, стваральнікаў саюза. І хто на той вяршыні? Зусім не адназначнае пытанне.

А яшчэ зусім нядаўна шмат каму падалося дзіўным, што правіцель зноў вярнуўся да старой практыкі запрашэння расійскіх правінцыйных журналістаў. Ды яшчэ пяць гадзін распавядаў ім байкі пра тутэйшы росквіт. Нічога выпадковага ў гэтай краіне не бывае. І рэйтынг правіцеля у расійскага электарата зноў імкліва падвышаецца.

Калісьці Пуцін, страціўшы цярплівасць у валтузні з галоўным інтэгратарам, падаў каманду неадкладна ўвайсці ў склад Расіі шасцю губернямі. Цяпер ён больш абачлівы. Паслядоўна і ўпарта расстаўляе пасткі. І шмат чаго з гэтай стратэгіяй здолеў дамагчыся.

У ельцынскія часы, калі сваю незалежнасць бараніў народ на плошчах, каму ў галаву магло прыйсці, што неўзабаве расійскія бамбардзіроўшчыкі па-гаспадарску атабарацца паблізу Ліды, і маскоўскія тэлерэпарцёры, захлынаючыся ад радасці, будуць распавядаць пра тое, як расійскія войскі на нібыта сумесных вучэннях выходзяць на заходнія межы Беларусі.

Ганебны вынік гульняў двух хітруноў, якія спрабуюць злавіць адзін аднаго на голы кручок. І хто ў гэтых імперскіх гульнях першым трапіць у пастку зусім неістотна. У поўным пройгрышы застанецца Беларусь, яе народ. Продаж незалежнасці прыбытку не прынёс нідзе нікому. І мы не будзем выключэннем.

На што спадзяемся, чаго яшчэ чакаем?

Уладзімер Халіп, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 11

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях