27 апреля 2024, суббота, 7:59
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Аблава на аднадумцаў

12
Аблава на аднадумцаў

Усё было так цудоўна. Жыццё ішло няспешна, у рытме звыклага драздоўскага блюза.

Адсвяткавалі дажынкі. Адзначылі дзень Вялікай Кастрычніцкай Рэвалюцыі. Новы год ужо выразна пазначыўся на даляглядзе. І раптам – гэта чорная пятніца.

Грымнуў гнеў. Паляцелі галовы. Ды не абы якія, а самых надзейных таварышаў. З найбліжэйшага атачэння правадыра. Так бы мовіць, ленінская гвардыя Драздоў. Шмат каго проста змяло з пасады. У пыл. У наменклатурны нябыт. Савецкія папярэднікі сённяшніх гаспадароў жыцця ў гэткіх выпадках, гледячы ўслед разжалаванаму небараку, вымаўлялі зазвычай сакральнае слова: недавыслужыўся!

Маланка найвышэйшага гневу шуганула па чынавенскіх галовах на магістральным напрамку. Можна сказаць, на стратэгічным плацдарме айчыннай вытворчасці. Там, дзе правіцелю ўжо мроіліся немалыя прыбыткі ў цвёрдай валюце. Па афіцыйнай версіі ён завітаў на “Барысаўдрэў”, каб пераканацца, што бліжэйшае атачэнне старанна і бездакорна рэалізуе акрэслены ім асабіста план мадэрнізацыі прадпрыемства. Але па невядомых прычынах адхіліўся ад маршрута, вызначанага з гэтай нагоды. І быў проста агаломшаны тым, што разгарнула перад ім не прычасаная загаддзя рэчаіснасць. Тое відовішча было далікатна акрэслена як “крайняя степень бесхозяйственности”. А можна было б назваць выразным і больш зразумелым у сферах наменклатурных словам – бардак.

І ўзнікла у той момант амаль што спантанна выразная батальная сцэна з жыцця рашучага вайскавода, які велічным жэстам пасылае штрафнікоў адбіць у ворага дамінуючую вышыню, нядбайна страчаную напярэдадні. Велічны ўзмах рукі, скіраваны ў бок цаглянай хібаркі. Жорсткае, як прысуд трыбуналу, пытанне: “Это что там за туалет?” Няўцямнае мармытанне чыноўніка ў адказ. І вокаімгненна – план прарыву на вызначаны рубеж: “Батуру освободить от занимаемой должности и направить сюда руководителем. Если через три дня не выйдет на работу, возбудить уголовное дело”.

Вось так, без кампрамісаў і сантыментаў. Рашуча, з пляча. “Администрация президента: приехали сюда как наблюдатели. Поэтому приказ об освобождении Тура. По Кобякову – строгий выговор с последним предупреждением”.

Але блукаць далей у гэтым жалезна-цагляным бязладдзі ўжо няма сэнсу. Ва ўсім павінна быць мера. “Вы хотите, чтобы я прошел везде? Это не проблема для меня. Но вы в этой грязи можете остаться вместе с Кобяковым и губернатором”.

Стаяць цесным натоўпам маўклівыя дзядзькі. Здранцвелыя ад жаху. А ён перад усёй краінай бэсціць і зневажае іх, памагатых і аднадумцаў. Усіх тых, хто аддана і пакорліва яму служыў. І гэта бачаць іх сябры і блізкія. Жонкі. Дзеці. Унукі. Але ніхто не наважыцца нават агрызнуцца ў адказ. Ні ценю годнасці. Толькі зрэдку прашапаціць у гэтым палахлівым натоўпе кароткае слова: “Есть!” Вайскоўцы, бачыце. Рукі па швах, жываты наперад. У вачах затоеная надзея – а раптам суцішыцца. І заўтра ці пазней зноў дасць пасаду. Не істотна, якую. Абы пры ўладзе, пры карыце. Разам.

Яны ж ведаюць добра, што як бы ні злаваўся іх валадар, а ўрэшце рэшт давядзецца яму тасаваць усё тую ж засаленую калоду. Іншых няма. Яшчэ ніколі Беларусь не несла на сабе столькі нядбайнай, хцівай, некампетэнтнай наменклатуры. А выбраць лепшых няма з каго. Усе на адзін капыл. Нікога з іх не падкінуў ва ўсім вінаваты Захад, ніводнага не прывяла ў калідоры ўлады каварная апазіцыя. Усё гэта кадры правіцеля. І не варта было б яму палаць гэткім праведным гневам перад тым палахлівым натоўпам. Сам старанна іх выбіраў і выхоўваў, каб былі шэрымі, паслухмянымі і не выяўлялі ніякай ініцыятывы. Бо ў гэтай краіне ёсць толькі адзін палітык. І толькі адзін гаспадар. А ўсе астатнія – маўклівая чэлядзь.

Гэты разнос нядбайных падначаленых меў бы, магчыма, хоць нейкі сэнс, калі б адбываўся паміж імі сам-насам. Але ж барысаўскі эпізод рашучай барацьбы з тупым чынавенствам псуе адна акалічнасць – загаддзя падрыхтаваныя тэлекамеры.

Няма тут ніякай імправізацыі. Усё старанна падрыхтавана. Распісаны мізансцэны. Запушчаны чарговы перадвыбарчы тэлесерыял памерам у два гады. Пра змаганне тутэйшага Робін Гуда са злом. Пра тое, што “ён хоча, а яму мяшаюць”. Набліжаецца поўны гамон, і ў тым вінаватыя ўсе, але толькі не ён. Тэма старая, але што зробіш – крызіс настойліва грукае ў дзверы. І ўжо не крызіс нават, а звычайная катастрофа. А таму патрабуецца тэрмінова шыкоўнае відовішча для электарата.

Не выключана, што серыял, з такой помпай распачаты ў чорную пятніцу, прынясе пастаноўшчыку пэўныя дэвідэнды. Магчыма, зноў “Сярэбраную галёшу” да пары. А можа, нават чарговага Шнобеля.

Але гэта ўжо як фішка ляжа.

Уладзімер Халіп, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 12

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях