2 мая 2024, четверг, 8:51
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Беларускае ў Беларусі

47
Беларускае ў Беларусі

Шчыра кажучы, першапачаткова я хацеў зрабіць гэты артыкул на «великом и могучем». Маўляў, так хутчэй зразумеюць тыя, каму ён і напісаны.

А потым зразумеў: менавіта гэтага яны і дамагаюцца, калі трактуюць «двуязычие» так, як выгадна ім, а не так, як гэтага патрабуе закон. Не хачу «адбіраць» хлеб у юрыстаў, аднак любы з іх пацвердзіць, што патрабаванне «говорить нормально» цалкам за межамі існуючай юрыспрудэнцыі. Як і ўсё астатняе, што датычыцца «моўнай праблемы».

І не трэба казаць, што яе ў нашай шматнацыянальнай краіне не існуе ўвогуле. Яшчэ як «існуе». Толькі называецца яна па іншаму - «стабільнасцю». Гэта калі «стабільна» не бачаць таго, што адбываецца вакол.

Так што, калі крочыць сённяшнім законам, усіх, хто адмаўляецца разумець мову нашай зямлі, можна з дапамогай міліцыі адпраўляць на вуліцу імя баявога лётчыка, Героя Савецкага Саюза Барыса Акрэсціна. Дарэчы, не віна загінуўшага каля Мінска старэйшага лейтэнанта, што яго прозвішчам назвалі вуліцу, на якую з усёй беларускай сталіцы прывозяць бамжоў, п'яніц і дэбашыраў. А апошнім часам да гэтай «катэгорыі» дадалі яшчэ і іншадумцаў.

Як вядома, рабіць прагнозы - справа не вельмі ўдзячная, таму пра канкрэтныя тэрміны (усё залежыць ад нас саміх) нічога пісаць не буду. Адзначу толькі: калі на Акрэсціна зноў зменіцца кантынгент, што абавязкова некалі адбудзецца, я бы даў таму месцу новую назву. Вуліца Стабільнасці, напрыклад.

Не адношу сябе да тых, хто (не без падстаў) блытае інтэграцыю з акупацыяй, аднак тое, што Беларусь зноў ператвараецца ў нейкую заходнюю правінцыю ўсходняга славянскага брата - відавочны факт. І наконт правінцыі аўтар нічога не выдумаў. У часы СССР у Крамлі нашу краіну называлі менавіта так.

Некалькі тыдняў таму з чарговай вандроўкай мне пашчасціла пабываць у старажытным Полацку. Там здарыўся інцыдэнт, які і стаў падставай для напісання гэтага артыкула. У знакаміты Свята-Ефрасіннеўскі манастыр нас банальна не пусцілі. Дакладней, не пусцілі са сваім гідам, што асабіста мяне літаральна шакавала, бо ў Беларусі не шмат такіх гістарычна дасведчаных людзей, як старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Маўляў, у манастыра гіды свае.

Спрачацца, з апошняй тэзай ніхто не стаў, аднак на просьбу правесці экскурсію на беларускай мове, зноў прагучала адмова. На рускай, ангельскай і нават французскай - калі ласка, а на беларускай - нікога няма. Зрабіць выключэнне (наконт свайго гіда) магла бы самая галоўная манашка, але ў той дзень яе не было. Знаходзілася на нейкім мерапрыемстве ў Маскве.

Прапанова ж правесці экскурсію на той мове, на якой размаўляла сама Ефрасіння Полацкая, і ўвогуле вызвала ледзь не перапалох. Каб Антон Астаповіч, нейкім чынам не правёў падпольную экскурсію, да нашай групы прыставілі двух ахоўнікаў... Так што на святую зямлю мы крочылі «пад аховай»... Як у канцлагер...

Шчыра кажучы, нічога падобнага (так блізка да Бога!) я нават уявіць не мог, таму вельмі хачу, каб гэты артыкул прачытаў мэтрапаліт Філарэт і адказаў, у якой краіне ён лічыцца героем? Можа ў Францыі?.. Не палічыце перабольшваннем, аднак на фоне таго, што адбылося ў Полацку прыгоды з друкарнямі накшталт «Карандаша», на мой погляд, не больш, чым падхалімскае жаданне «лізнуць да прастаты»...

Дарэчы, не так даўно Полацк зноў вызначыўся. У гэтым горадзе адбылася пятая па ліку алімпіяда школьнікаў так званай саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная агульнасць». Як і трэба было чакаць, усе конкурсы праходзілі выключна рускай мове. Быццам бы яна ў нашай краіне і стала зараз галоўнай.

Нічога не маю супраць мовы Талстога-Дастаеўскага-Тургенева, але ўпэўнены - яны былі не супраць, калі б у «саюзнай дзяржаве» праводзілі спаборніцтвы не толькі на мове ўсходняга хаўрусніка.

Так што вядомую фразу «всё, что не сделал русский штык, доделает русский поп и учитель» зараз лагічна працягнуць так: «а ўсё, што не дарабілі рускі штык, поп і настаўнік, даробіць...» Думаю, самае вядомае ў краіне прозвішча называць яшчэ раз ніякай патрэбы няма, бо ад яго і так праблемы са страўнікам.

Да таго ж, у нашым жыцці ўсё змяняецца з такой хуткасцю, што я б не стаў спадзявацца толькі на жорсткае «закручванне гаек». Чаўшэску таксама быў «моцным кіраўніком» і пасля кожнага паціскання праціраў рукі спіртам, бо страшна баяўся мікробаў. А чым усё скончылася...

Магчыма, нехта не пагодзіцца з тым, што «занадта добра - таксама не вельмі добра», але яўны усходні крэн, аб чым не раз казаў сам А.Г., у рэшце рэшт вызаве тую ж рэакцыю, што і яго прозвішча.

...А яшчэ раней, мне выпала (з боку Польшчы) заехаць у «заходнія вароты» не начным цягніком. Быў вельмі расчараваны тым, што ўсе спробы ўбачыць у Брэсце хоць адну шыльду на беларускай мове былі безвыніковымі. Не супакоілі нават назвы вуліц і мне стала крыху шкада замежнікаў – разабрацца, ў якую краіну ты прыехаў, сапраўды цяжка. І не толькі ім.

Я ўжо пісаў, што на адным з прыёмаў у «Доме дружбы» афіцыянтка не ведала, што «чырвоны», калі «говорить нормально», азначае «красный». Як бы сумна гэта не было прызнаваць, аднак апошнія дваццаць год пануе менавіта такая тэндэнцыя. А гэта дзве траціны майго дарослага жыцця. І вельмі не хочацца, каб з часам яны ператвараліся ў нешта больш значнае...

Як чалавек выхаваны «пралетарскім інтэрнацыяналізмам» па вялікаму рахунку я не павінен нешта казаць супраць «таджыкскіх вуглоў» альбо «кітайскіх тэхнапаркаў». Я і не кажу. А проста хачу спытацца: а нешта беларускае ў Беларусі будзе?

Аляксандр Тамковіч, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 47

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях