5 мая 2024, воскресенье, 18:26
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Хуліганы барочнай музыкі

1
Хуліганы барочнай музыкі

Гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» прачнуўся ад пяцігадовай спячкі.

Музыкі доўгі час разбіраліся з усялякімі музычнымі сшыткамі і нарэшце выдалі дыск «Santa Maria». У новы альбом увайшлі увайшлі 13 кампазіцый. Гэта танцы са зборніка «Полацкі сшытак», танцавальныя творы кампазітараў, якія жылі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага і дзве песні XIII і XIV стагоддзяў, якія гучаць у перакладзе на беларускую мову з латыні.

Варта адзначыць, што гэты твор можна назваць усяго толькі першай часткай дыска. Як распавёў на прэс-прэзентацыі альбома кіраўнік гурта Зміцер Сасноўскі, за пяць «безальбомных» гадоў было назапашана вельмі шмат матэрыялу. Таму музыкі падзялілі матэрыял на дзве часткі. Першая — своеасаблівая палацава-камерная, і ёсць дыск «Santa Maria». «Пасля таго, як мы адыграем гэтую праграму, недзе ўвосень наступнага года, мы збярэмся, каб запісаць другую, застольна-песенную частку», — паабяцаў Сасноўскі.

Акрамя твораў Рэнесанса і Барока ў альбом «Santa Maria» ўвайшлі яшчэ дзве адметныя рэчы, якія, як кажа Сасноўскі, «не вельмі ўласцівыя для нашага рэпертуару». «За 14 гадоў існавання гурта ў нас было ўсяго дзве рэлігійныя песні. У альбом «Santa Maria» вайшлі яшчэ дзве песні духоўнага зместу, гэта ўласна «Santa Maria» 13-га стагоддзя і «Ave Maria», — адзначыў Сасноўскі.

Увогуле, ў Сярэднявеччы было шмат духоўнай музыкі. Але пакуль што «Стары Ольса» аддае перавагу «свецкай» частцы музыкі. Нягледзячы нават на гэта, гурт часцяком запрашаюць зрабіць канцэрты цэрквы — не толькі каталіцкія, але і праваслаўныя і пратэстанцкія.

Яшчэ альбом адметны тым, што ўпершыню «Стары Ольса» выпускае альбом самастойна. «Гэта першы альбом, які мы зрабілі без прадзюсараў і без спонсараў. Гэта першы альбом, на які ўплывалі толькі нашыя асабістыя эстэтычныя і навуковыя погляды. Знешняга крытэру выканання кампазіцый, падрыхтоўкі альбому, і іншых рэчаў, не існавала. Мы запісалі яго самастойна у фінансавым сэнсе, і адпаведна, не мелі абавязкаў прыслухоўвацца да думак іншых людзей. Адпаведна, мы крыху падраслі ў сэнсе тэхнічнага выканання, навуковага даследавання, паглыблення ў традыцыі XVI–XVII стагоддзяў», — кажа Сасноўскі.

Гэта страшнавата, прызнаўся Сасноўскі, бо музыкі рызыкуюць сваімі грашыма. Але, па ягоных словах, колькасць ужо замоўленых дыскаў дае спадзяванні, што альбом як мінімум акупіцца.

Прэзентацыя новага альбому пройдзе ў Мінску, у ДК МАЗ ужо 17 лістапада. Прычым, праграма канцэрту будзе складацца як з першай, запісанай, так і другой, застольна-песеннай, яшчэ не запісанай частцы.

«Напрыклад, скажыце, якую сярэднявечную песню ведаюць усе музыкі, усе людзі, і амаль усе яе спявалі, некаторыя нават на латыні? Няшмат хто на гэтае пытанне адказвае. Так, гэта «Gaudeamus igitur», так званы студэнцкі гімн. Калі паглядзець, як гэтая песня створаная, і як яна зараз выконваецца, узнікае пачуццё дзікай неадпаведнасці. Бо насамрэч песня «Будзьма весяліцца, пакуль маладыя» — гімн студэнтаў, але гэта гімн па-за межамі навучальнай установы. Гэтая песня стваралася і спявалася ў карчмах, а значыць, толькі па-за вучэбным працэсам. А зараз выходзяць магістры ў шапачках з бубачкамі, прафесара сядзяць… Нібыта, ніхто не ведае, што у песне пяецца пра тое, што трэба піць віно і любіць жанчынаў, пакуль маладыя, а не пра навучанне», — кажа Сасноўскі.

Песня ў апрацоўцы «Старога Ольсы» будзе выкананая на канцэрце 17 лістапада «абавязкова», адзначыла дударка Марыя Шарый, бо менавіта 17-га будзе Дзень студэнта. Пра што Сасноўскі ўжо забыўся.

Так што «Старому Ольсе» яшчэ ёсць чым парадаваць моладзь, і не толькі.

Зразумела, адным Мінскам прэзентацыя новага альбому не абмяжуецца — гэта будзе сапраўдны «тур у падтрымку альбома». «Гародня, Гомель Кіеў, зараз абмяркоўваецца Магілёў, Полацак, Берасце, Віцебск. Што тычыцца замежнага выкананя альбома, то 11–12 студзеня ў Львове, а далей — ужо ў наступным канцэртным сезоне», — паведаміў Сасноўскі.

Між тым, музычныя крытыкі ўжо ахрысцілі новы альбом «сярэднявечным рок-н-ролам». «Мы не зусім сышлі ў рок-н-рол. Я думаю, што дух старадаўнасці ў альбоме прысутнічае. Ален ўсе ўжо ведаюць, што «Полацкі сшытак» — гэта маленькія тэмы па чатыры —восем тактаў. І гэта дае магчымасці музыку больш імправізаваць. Таму шмат імправізацый, можа быць, з-за гэтага і яго назвалі рок-н-ролам. Бо рок-н-рол, гэта свабода, варыяцыі на тэму», — адзначыў лютніст Ілля Кульбіцкі.

«Хуліганамі з барочнай музыкі нас называюць ва многіх краінах. Таму што склалася такая непрыемная тэндэнцыя, што барочную музыку выконваюць на класічных інструментах. Але класічныя інструменты некаторыя сфарміраваліся на сто, сто пяцьдзесят, дзвесце год пазней. То бок, гэта не аўтэнтычныя для барока інструменты. Мы граме на інструментах, якія існавалі ў час барочнай музыкі, але не на ўсіх, канешне. І ізноў жа, цяжкасць — не скаціцца ў камерную музыку», — адзначыў Сасноўскі.

Карацей, «Стары Ольса» у чарговы раз здзіўляе аматараў сярэднявечнай музыкі. Пэўна, альбом «Santa Maria» раскупяць хутка. І не толькі з-за таго, што гэта альбом, выдадзены праз пяць год «маўчання» гурта. Шмат хто набудзе яго толькі для таго, каб «хуліганы барочнай музыкі» хутчэй пачалі пісаць новую, застольна-песенную ягоную частку.

Сяргей Пульша, «Новы час»

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях