3 мая 2024, пятница, 1:13
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Імперыя вяртаецца ў Еўропу

21
Імперыя вяртаецца ў Еўропу

Правіцель упэўнена здае незалежнасць.

Інтэграцыя, з якой ужо смяяліся і кпілі, набыла нечакана шалёны тэмп. Калі і надалей усё пойдзе ў тым жа рытме, праз нейкі год-другі суверэнітэт Рэспублікі Беларусі дасягне ўзроўню незабыўнай БССР.

Яшчэ зусім нядаўна інтэгратары збіраліся ў Мінску. І вынікам таго разрэкламаванага саміту быў абсалютны нуль. Пагаварылі. Паспрачаліся. І кожны застаўся пры сваіх меркаваннях. Калі б не ўрачыстае адкрыццё новага палаца тутэйшага правіцеля, журналістам, акрэдытаваным на тым злёце лузераў, увогуле не было б пра што пісаць.

Але не паспеў яшчэ скончыцца год, а ўжо збіраецца новая нарада. І не ў тым панылым ЦАЛ ДИР БИЕ, а ў Крамлі. Пад параднымі партрэтамі расійскіх імператаратараў. Каб правінцыйныя баі не забывалі свайго месца. І ўжо зусім іншы паварот. Пытанне пастаўлена рубам: Еўразійскі эканамічны саюз павінен нарадзіцца не пазней 2015 года. Адступаць не было куды. Яшчэ спрабаваў пярэчыць у нечым Назарбаеў. Як напіша потым “Коммерсант”, ён спадзяваўся нейкім чынам абараніць суверэнныя правы будучых удзельнікаў новага, больш жорсткага альянсу: “В отличие от коллеги из Белоруссии, господин Назарбаев против того, чтобы наделять высший орган Совета наднациональными полномочиями, обязательными для всех государств”. Вось так! Назарбаеў супраць. А “коллега из Белоруссии” не пярэчыць стварэнню наднацыянальных органаў у гэтым непрыхавана імперскім аб’яднанні.

Усім, хто дазваляў сабе хістанні на той крамлёўскай нарадзе, выразна патлумачылі, што гэта галоўны інтэграцыйны праект Расійскай Федэрацыі на постсавецкай прасторы. І што “горизонт планирования у РФ более широкий”.

Як гэта ўсё нагадвае гісторыю стварэння імперыі савецкай. Тады адзін з дэлегатаў з’езда Саветаў у Маскве, старшыня ЦВК БССР Мікалай Галадзед, настойліва дамагаўся бездакорнай дакладнасці юрыдычных фармулёвак. Каб правы рэспублік, у тым ліку і на выхад з СССР, ні ў каго не выклікалі сумневу. Але ўжо ў хуткім часе ўсе пераканаліся, што вырвацца з цесных абдымкаў старэйшага брата можна хіба толькі з куляй у патыліцы.

Аднак хто ў гэткія моманты ўзгадвае змрочныя факты гісторыі. Дамовіліся, што ўжо ў наступным годзе падпішуць дамову аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза. І ўрачыстасць тую прымяркуюць да першамайскага свята. Вядома ж – пралетарыіі!

А начальніку тутэйшаму і ўвогуле пашчасціла. Ужо на наступны дзень яму паабяцалі пазыку ў два мільярды даляраў. Найперш на падтрыманне магільнага спакою на падкантрольнай тэрыторыі. Ва ўсякім разе, адданасць спецназу ды іншых вертухаяў ён зможа забяспечыць.

Апошнім часам Пуцін здзіўляе ўсіх неверагоднай шчодрасцю. Нібы Дзед Мароз, раздае шыкоўныя падарункі. І гэта пры тым, што шалёныя грошы ніадкуль не зваліліся. Расія не атрымала меркаваных сродкаў ад падаткаў. У найбольш прыбытковай нафтавай прамысловасці – вялікія праблемы. І ўвогуле, па прагнозах вядомых эканамістаў кошты на нафту ў наступным годзе могуць істотна панізіцца. Здавалася б, трэба змагацца за кожную капейку. А тут раптам спісваюць шматмільярдныя кубінскія даўгі. Януковічу кідаюць ажно дванаццаць мільярдаў. Але і гэта яшчэ далёка не ўсё.

Расія аднаўляе ў Арктыцы сваю поўнавартасную ваенную прысутнасць. Разгортвае праграму забеспячэння войска найноўшым узбраеннем. І ўсё гэта патрабуе неверагодных сродкаў. Здавалася б, ва ўмовах стагнацыі – шлях да катастрофы.

Але не ўсё так проста. Крамлёўскае кіраўніцтва абірае найбольш дзейсны спосаб аб’яднаць грамадства – імперскую ідэю. Вяртанне былой велічы. Там усе заадно, ад алігарха да апошняга бамжа, калі “Россия встаёт с колен”. Тым болей, што пры гэтым яна заўсёды далучае і землі сваіх суседзяў.

Былым савецкім рэспублікам, заціснутым паміж Расіяй і Кітаем, няма куды падзецца. А таму ўся ўвага Крамля скіравана зараз на захад. Без Украіны і Беларусі няма імперыі.

Пакуль у Кіеве віруе Майдан, Крэмль спяшаецца заняць плацдарм у Беларусі. Цана пытання зусім мізэрная – нейкія два мільярды. Голы, можна сказаць, кручок.

Паведамленне пра тое, што першыя расійскія самалёты прызямліліся ў Баранавічах, асаблівай трывогі не выклікала. Сапраўды, дробязь. Драздоўскі гарант незалежнасці ўсіх паспяшаўся запэўніць, што дамова аб дыслакацыі авіябазы яшчэ дыскутуецца. Аднак вайсковы міністр Шайгу ў рапарце Пуціну развеяў нават цень сумневу: авіябаза ў Беларусі будзе разгорнута ўжо ў наступным годзе.

Пакуль тутэйшы правадыр заклікаў народ сысці ў зямлянкі ды легчы з гранатамі пад гусеніцы натаўскіх танкаў, акупанты вярталіся ў Беларусь. Толькі не з таго боку, адкуль чакалі. Іх пакуль яшчэ няшмат. Але яны ўжо тут. І зноў ўсё паводле формулы губернатара Мураўёварускі штых, руская школа, рускі поп у адным флаконе. Што не паспелі тады, даробяць гэтым разам.

Аднак грамадства наша гэткімі дробязямі не пераймаецца. Ёсць больш надзённая праблема. Ужо на даляглядзе чарговыя выбары нязменнага дыктатара. І будзе абвешчаны набор у падтанцоўку. Не спазніцца б!

Час такі няпэўны і няпросты. Трэба перажыць. Затое потым можна будзе распавядаць дзецям і ўнукам, як мужна ў гады ліхалецця сядзелі пад венікам. Але што характэрна, нават у той нялёгкі год хакей у Чыжоўцы быў шыкоўны.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 21

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях