29 апреля 2024, понедельник, 5:12
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Круцейшы за Бруса Уіліса

1

Вядомы рэкламіст Сяргей Скараход упэўнены, што толькі культура можа быць рухавіком паспяховай дзейнасці.

Сённяшні герой відэа з серыі «Культура паляпшае жыццё» — вядомы рэкламіст Сяргей Скараход, кіраўнік спецыялізаванага рэсурсу Marketing.by, суарганізатар Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі «Ad.nak!». Услед за Віталём Гурковым і Юліяй Рудзіцкай Сяргей дзеліцца думкамі і назіраннямі. Пра што? Пра самае важнае — пра культуру, што вакол нас і ўнутры нас. А каб даказаць, што менавіта рэклама — рухавік культуры, у новым роліку Сяргей прадэманстраваў, чаму ён круцейшы за Бруса Уіліса. А дэдлайн Фестывалю «Ad.nak!» тым часам пераносіцца на 10 чэрвеня, таму пасля прагляду роліка ў вас яшчэ цэлы тыдзень, каб падаць сваю працу для ўдзелу ў ім, піша budzma.org.

Ролік не змясціў усіх Сяргеевых развагаў, якія многім блізкія, а яшчэ частцы дадуць падставы паразважаць: »Мы прывыклі скардзіцца на тое, што нас акружае: несправядлівыя сітуацыі, нецікавая праца, няякасныя рэчы, некультурныя людзі. Але чаму так адбываецца? Што трэба зрабіць, каб было па-іншаму? Пераехаць жыць за мяжу? Многія ўпэўненыя, што вось там «усё культурна і цывілізавана». Я глыбока перакананы, што само сабой там цывілізавана не стала.

Я працую ў сферы, якая моцна мяняецца. І змяняецца дзякуючы тым людзям, якія шукаюць, спрабуюць, эксперыментуюць. Сёння нашы рэкламісты актыўна развіваюцца, сочаць за тым, што робяць іх калегі ва ўсім свеце, убіраюць усё самае інавацыйнае, спрабуюць быць на крок наперадзе беларускага часу. І я бачу, як паволі пачынае фармавацца наша ўласная рэкламна-камунікацыйная культура. Фармуецца, вядома ж, не сама: гэта ўсе людзі, іх унутраная культура — вось што рухае сферу маёй прафесійнай дзейнасці.

У маім свеце ўсё больш людзей, якія перастаюць быць замкнёнымі і няўпэўненымі ў сабе. Яны ўсё часцей ездзяць, маюць зносіны, атрымліваюць новы вопыт, расказваюць пра яго, выкарыстоўваюць у сваёй справе, робяцца шчаслівейшымі і больш паспяховымі. І гэтыя людзі (якія дзейнічаюць і рэалізуюць глабальныя праекты) залучаюць іншых людзей, паказваюць ім сваім прыкладам альтэрнатыву гібенню і разгубленасці. Змяняючыся да лепшага, мы не толькі павышаем сваю культуру, але і ўвесь свет вакол сябе робім больш прыгожым».

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях