29 апреля 2024, понедельник, 10:10
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Вацлаў Іваноўскі: міністр і навуковец

9
Вацлаў Іваноўскі: міністр і навуковец

Сёння спаўняецца 133 гады з дня нараджэння беларускага палітыка і навукоўца Вацлава Іваноўскага.

Ён з'явіўся на свет 7 чэрвеня 1880 года.

Вацлаў Іваноўскі нарадзіўся ў сям'і Леанарда Іваноўскага, уладальніка фальварку Лябёдка Лідскага павета Віленскай губерні. Скончыў Пецярбургскі тэхналагічны інстытут. З 1904 года займаўся навуковай і выкладчыцкай работай у сталіцы Расійскай імперыі.

У 1902 годзе Вацлаў Іваноўскі заснаваў Беларускую рэвалюцыйную партыю. Пасля стаў членам ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Адыграў важную ролю ў арганізацыі прапагандыскай работы БСГ, заснаванні партыйнай друкарні ў Мінску і выдавецтва «Грамада» ў Пецярбургу.

Але вядомы ён не толькі як палітык, але і як асветнік.

Вацлаў Іваноўскі займаўся выдавецкай дзейнасцю, зрабіў апрацоўку першага буквара сучаснай беларускай мовы. На пачатку 1906 ўзначаліў створанае ім у Пецярбургу першае беларускае выдавецтва — суполку «Загляне сонца і ў наша аконца». Адначасова супрацоўнічаў з газетай «Наша доля» і «Наша ніва».

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ён ўключыўся ў палітычную дзейнасць, удзельнічаў ва Усебеларускім з'ездзе ў Мінску. Вырашэнне пытання беларускай дзяржаўнасці спачатку звязваў з нацыянальнай праграмай бальшавікоў.

Вацлаў Іваноўскі стаў міністрам асветы ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі, які ўзначальваў Антон Луцкевіч. У снежні 1918 года, пасля адступлення нямецкіх войск, застаўся ў Мінску разам з той часткай Рады БНР, якая спадзявалася на стварэнне кааліцыйнага ўрада БССР з удзелам камуністаў і сацыял-дэмакратаў. У траўні наступнага года яго арыштавалі савецкія ўлады. Былы міністр быў інтэрніраваны ў горад Смаленск.

Пасля вызвалення Вацлаў Іваноўскі вярнуўся ў Мінск, дзе працаваў загадчыкам літаратурна-выдавецкага аддзела Мінскага губернскага камісарыята асветыЛітоўска-Беларускай ССР.

Восенню 1919 года, пераканаўшыся ў памылковасці арыентацыі на Савецкую Расію, ён пачаў супрацоўнічаць з польскай адміністрацыяй, увайшоў у Часовы беларускі нацыянальны камітэту Мінску. У лютым-сакавіку 1920 года ў якасці упаўнаважанага Найвышэйшай рады БНР удзельнічаў у беларуска-польскіх перагаворах, імкнуўся прадухіліць падзел Беларусі і выступаў за стварэнне федэрацыі Польшчы і Беларусі. Адначасова займаўся пашырэннем сеткі беларускіх школ на Міншчыне, кіраваў Мінскім беларускім педагагічным інстытутам, арганізаваў выпуск літаратурнага штотыднёвіка «Рунь». У кастрычніку 1920 стаў дырэктарам дэпартамента гандлю ва ўрадзе Сярэдняй Літвы.

Падзел Беларусі ў выніку Рыжскага мірнага дагавора пазбавіў В.Іваноўскага надзеі на ажыццяўленне ідэі беларускай дзяржаўнасці. Ён вярнуўся да навуковай працы - займаў пасаду прафесара Варшаўскага політэхнічнага інстытута і выкладаў у Віленскім універсітэце.

У першыя месяцы нямецкай акупацыі Беларусі Вацлаў Іваноўскі кіраваў адноўленым Беларускім нацыянальным камітэтам у Вільні. У 1942 годзе быў прызначаны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі на пасаду бургамістра Менска. Праз год Вацлаў Іваноўскі ўзначаліваў Беларускую народную самапомач. Падтрымліваў сувязь з прадстаўнікамі Арміі Краёвай.

Першы міністр асветы БНР загінуў у выніку тэрарыстычнага замаху. Пахаваны на мінскіх Кальварыйскіх могілках.

Вядомыя беларускія грамадскія дзеячы таго часу — такія, як Яўген Хлябцэвіч і Браніслаў Тарашкевіч вызначылі Вацлава Іваноўскага як цэнтральную фігуру беларускага жыцця ў Пецярбургу, а Максім Гарэцкі - як правадыра нацыянальнага адраджэнскага руху перад Першай сусветнай вайной.

Написать комментарий 9

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях