29 марта 2024, пятница, 14:54
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Музыка – лепшы амбасадар Беларусі

4

Гісторыя пра тое, як польская дзяўчына захапілася беларускай музыкай і вырашыла звязаць свой лёс з Беларуссю.

Погляд на нас і нашу рэальнасць «з-за Буга», піша ampby.org.

Уражаная беларускай атмасферай

Дзякуючы свайму брату Марціну, польскаму музычнаму журналісту, Агнешка Полэць (Agnieszka Połeć), аднойчы пачула беларускія гурты “Garadzkija” і “N.R.M.”. Агнешка пачала актыўна ездзіць на “Басовішчы”, наведваць беларускія канцэрты ў Варшаве, вывучаць беларускую мову і дапамагаць беларускім музыкам. Цяпер яна выдатна размаўляе па-беларуску і актыўна наведвае Беларусь.

- Агнешка, як пачалося тваё захапленне Беларуссю і беларускай культурай?

- Маім першым беларускім гуртам быў гурт Піта Паўлава “Garadzkija”. Пасля ўжо “NRM”, “Уліс”, “Крамбамбуля” і “Нейра Дзюбель”. Я, уражлівы падлетак, вельмі захапілася новым гучаннем. Гэта быў зусім іншы свет. Я была не толькі ўражана музыкай, але і самой беларускай атмасферай, беларускай дыяспарай. Я адчула, што гэтыя людзі сапраўды займаюцца годнай справай.

Мне было вельмі крыўдна пачуць, што яны маюць праблемы на радзіме з-за сваёй роднай беларускай мовы і бел-чырвона-белага сцяга. Бо мы, палякі, вельмі цэнім сваю родную мову, культуру і сцяг.

- Як ты змагла так добра вывучыць беларускую мову? Ты размаўляеш як сапраўдная беларуска.

- На Басовішчы мне падаравалі кніжку Аляксандра Мілна “Віня-Пых” у беларускім перакладзе. Я доўга-доўга чытала і паралельна вывучала кірыліцу. Затым прыняла рашэнне паступаць на беларускую філалогію ў Варшаўскі універсітэт.

Беларускае прозвішча, якое ведаюць дакладна, – гэта Лукашэнка

- Як увогуле польская моладзь ставіцца да Беларусі?

- Калі казаць пра большасць, яны не цікавяцца Беларуссю і мала пра яе ведаюць. Адзінае беларускае прозвішча, якое дакладна ведае ўся польская моладзь, гэта Лукашэнка.

Ёсць больш свядомыя маладыя людзі, якія цікавіцца нашай супольнай гісторыяй і культурай. Такія людзі ведаюць, напрыклад, што большую частку арміі генерала Андэрса складалі беларусы (АМП: Армія Андэрса – польскае вайсковае фарміраванне падчас Другой сусветнай вайны), і ніколі не скажуць на Беларусь “крэсы ўсходні”, як некаторыя нашыя бабкі.

У палякаў і беларусаў падобны менталітэт, падобная мова, і ім вельмі лёгка пасябраваць. Паляку нашмат цяжэй знайсці супольную мову з немцам ці расейцам, чым з беларусам.

Атмасфера напружаная, як у СССР

- Давай пагаворым пра твае паездкі ў Беларусь. Ці цяжка грамадзяніну Польшчы атрымаць візу ў Рэспубліку Беларусь?

- Даволі цяжка. Мне трэба было мець запрашэнне ад прыватнай асобы і скан яе пашпарту. Я заплаціла 25 еўра за кароткатэрміновую візу і чакала два тыдні, пакуль яе зробяць. Сама атмасфера ў беларускай амбасадзе напружаная, як у СССР. Супрацоўнікі зусім няветлівыя, трэба моўчкі чакаць, пакуль яны дап’юць сваю каву, а тое яшчэ адмовяць у візе…(смяецца). А на беларускай мяжы ўсё прайшло якраз вельмі хутка, я чакала, што будзе нашмат горш.

- Якія ўражанні ад Менску?

- Першае, што я пабачыла па дарозе ў Менск – гэта надпіс “Минск – город герой”. Як гэта разумець, што ўсе мінчане – героі? Жартую. Затым мой аўтобус праехаў позна вечарам каля Нацыянальнай бібліятэкі. Шчыра кажучы, я падумала, што гэта вялікі начны клуб.

Безумоўна, мяне ўразіў Ленін на плошчы Незалежнасці, будынак КДБ, вялікія шапкі міліцыянераў, бюст савецкага ка́та Дзяржынскага. Адразу ўзніклі асацыяцыі з “паркам савецкага перыяда”. Метро мяне зацікавіла, такое своеасаблівае, пампезнае.

А вось транспартная сетка зусім не спадабалася, даволі часта няма раскладу, назваў прыпынкаў па-ангельску. Замежніку вельмі цяжка разабрацца ў схемах руху аўтобусаў і тралейбусаў.

«З апазіцыяй не разгаварываю»

Ну і, канечне, непрыемна было , што мая беларуская мова тут зусім непатрэбная, і некаторыя людзі на яе нават кепска рэагуюць. Аднойчы я заблукала ў раёне Трактарнага завода і запыталася аднаго мужчыну па-беларуску, як прайсці на патрэбную мне вуліцу. Ён злосна адказаў: “З апазіцыяй не разгаварываю”. І смех, і грэх.

Каб падсумаваць, то, насамрэч, Менск – гэта нармальны сучасны горад, які не засынае ў дванаццаць ночы, як мне казалі. Лепшае ўражанне ад Менску – мае беларускія сябры.

- Распавядзі, калі ласка, пра тваё эпахальнае наведванне "Дажынак- 2011"

- Я прыехала ў Мінск восенню, якраз падчас праходжання “Дажынак” у Маладзечна. У мяне быў выбар, альбо наведаць Нясвіж, альбо “Дажынкі”. Адзін мой сябра сказаў, што Нясвіж стаіць і будзе стаяць, а вось маразм “Дажынак” можна пабачыць толькі раз у жыцці. Таму я выбрала “Дажынкі”.

Чакала савецкага маразму, але памылілася. На “Дажынках” агульны настрой быў нашмат больш беларускі, чым у Мінску: бабулі размаўлялі па-беларуску, людзі весяліліся. Там прадаваліся шматлікія рэчы, зробленыя ў Беларусі. Больш за ўсё мяне здзівіла, што камбайнёр, які перамог у конкурсе, атрымаў “Ладу” замест новага трактара.

БДУ: катлеты на сняданак, абед і вячэру

- Наступны раз ты трапіла ў Мінск летам 2012 года на спецыяльныя курсы пры БДУ для замежнікаў, якія вывучаюць беларускую мову…

- Так, БДУ арганізаваў двухтыднёвыя курсы ў чэрвені. Былі палякі, сербы і украінцы. Заняткі праходзілі у маленькіх групах, выкладчыкі былі вельмі прафесійныя, усе студэнты адказна падыходзілі да справы. Студэнты БДУ нам паказвалі беларускія строі, танчылі народныя танцы, спявалі фальклорныя песні. А яшчэ нас вельмі шмат кармілі. Мяне вельмі здзівіла сістэма харчавання ў БДУ, якая складаецца з трох абедаў у дзень: катлеты на сняданак, катлеты на абед, катлеты на вячэру. Есці, канечне, можна было.

Нас пасялілі ў новыя інтэрнаты калі стадыёна Дынама. Алкаголь быў забаронены, беларусы, якія жылі ў інтэрнаце, сапраўды падпарадкоўваліся гэтаму правілу. Мы не выконвалі інтэрнатаўскія правілы ў адносінах алкаголя.

Яшчэ існавала такое смешнае правіла, што трэба вяртацца строга ў адзінаццаць вечара. Шчыра кажучы, я заўсёды вярталася пазней.

У канцы курсаў жанчыны на вахце махнулі на мяне рукой, бо я ў іх заслужыла рэпутацыю Агнешкі – “п’яніцы з Польшчы”.

- Як ты падтрымліваеш свае стасункі з Беларуссю зараз?

- У гэтым годзе я дапамагала некалькім польскім арганізацыям, якія ладзілі беларускія мерапрыемствы. Ёсць людзі і арганізацыі, якія ўжо даўно стабільна зарабляюць на грантах, накіраваных на падтрымку Беларусі, пры гэтым нічога не робяць і эксплуатуюць іншых.

Таму і “Басовішчы”, і канцэрты “Салідарнасць з Беларуссю” цяпер зусім не тыя, якімі былі падчас майго падлеткавага ўзросту.

У вольны час хаджу ў Беларускі Дом у Варшаве глядзець футбол разам з сябрамі беларусамі. Збіраюся яшчэ як-небудзь зрабіць візу і прыехаць у Беларусь.

- Што скажаш нашым чытачам на завяршэнне размовы?

- Я не вораг з Польшчы (смяецца). Я люблю Беларусь, і жадаю шчасця і здароўя яе жыхарам.

Написать комментарий 4

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях