28 апреля 2024, воскресенье, 0:50
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Разважанні «пад ёлачку»

3
Разважанні «пад ёлачку»

Традыцыйна зараз падводзяць розныя вынікі. Паспрабаваў і я. І адразу ж сутыкнуўся з уласнай «нячэснасцю».

Аб'ектыўнасці дзеля хацеў нешта аднесці да «плюсоў» улады, але не знайшоў нічога годнага. Можа, дрэнна шукаў, а можа, яшчэ раз правы Канфуцый наконт «чорнай коткі», якой у цёмным пакоі папросту няма.

Напэўна, калі не глядзець беларускае тэлебачанне, то дасягнення ўлады стануць такім ж рэдкімі, як чыстыя ад лёду тратуары ў райцэнтрах накшталт Маладзечна. Такое ўражанне, што камунальныя службы там працуюць выключна ля «вертыкальных» будынкаў. А гэтая зіма для іх і ўвогуле выратавальная.

Дарэчы, менавіта ў такіх выбарачных «дробязях» і есць адна з «прыкмет» нашага часу. Прынцып «из грязи – в князи» сёння стаў настолькі відавочным, што нармальнаму чалавеку вельмі цяжка не разгубіцца ў пошуках прыярытэтаў. Калі раней трэба было вучыцца-прабівацца, то зараз дастаткова палітычнай лаяльнасці.

Адзін з замежных калегаў для «раўнаважнага» артыкула пра сучасную Беларусь нядаўна папрасіў мяне назваць некалькі адэкватных і разумных прафесіяналаў на самым «версе». Шчыра кажучы, ніколі нават не думаў пра тое, што падобнае можа стаць ТАКОЙ складанай задачай. Калі лічыце, што аўтар згушчае фарбы, паспрабуйце гэта зрабіць самі.

Выбачайце за магчымую персанальную крыўду, але я лічу, што толькі патэнцыйныя пацыенты псіхдыспансераў могуць знайсці «геніяльнае выйсце» у выглядзе пошуку грошаў у дармаедаў, п’янтосаў і бамжоў. Адэкватны чалавек такога не прыдумае…

Не так даўно ў чарговы раз ехаў міма новай лукашэнкаўскай рэзідэнцыі, якая чамусьці называецца «Палац незалежнасці». Напэўна, маецца на ўвазе незалежнасць ад нас з вамі, бо вельмі цяжка зразумець, чаму чалавек, які прэтэндуе называцца самым адэкватным у краіне (звычка заўсёды быць першым), пачаў яе будаваць у разгар фінансавага крызісу? На такое здольныя толькі тыя «кіраўнікі», якія на свой народ робяць тое, што неэтычна робіцца з «высокіх вежаў».

Магчыма, некаму падобнае падацца перабольшваннем, але асабіста я не здзіўлюся, калі потым у «Палацы» знойдуць хакейныя клюшкі, зробленыя да чарговага «Рождественского турнира», альбо дзіцячыя аўтаматы з чыстага золата, бо калі праўда, што на будаўніцтва пайшло аж 600 мільёнаў даляраў, вельмі цяжка ўявіць, якія дзівосы можна зрабіць за такія грошы. Асабліва, калі ўлічыць, што ў гэты ж самы час народ душыўся ў чэргах на танных рынках.

Зрэшты, разважанні вакол астранамічных лічбаў - зноў не мае. Пра словы «ні рубля з бюджэту» чулі ўсе. Праўда, адна мая вельмі паважаная знаёмая даволі хутка даказала, што гэта чарговая хлусня, і на «экспрапрыяваныя» з нашых кішэняў сродкі можна было б пабудаваць сотні кватэр для сірот альбо вырашыць актуальную для Мінска праблему дзіцячых садкоў.

Так што таямнічае будаўніцтва новай прэзідэнцкай рэзідэнцыі «усенародцаабранага» (неалагізм!!!) можа лёгка прэтэндаваць на перамогу ў намінацыі «Хлусня года».

Наконт жа ўзгаданага вышэй хакейнага спаборніцтва, то тут можна было б прыдумаць нешта накшталт «Маразм года», бо здароваму чалавеку немагчыма паняць чаму называюць «неафіцыйным чэмпіянатам свету» пародыю на нейкае змаганне.

Па-першае, ужо зараз можна згадаць, хто там будзе сярод пераможцаў. Па-другое, цяжка ўстрымацца ад смеху, калі гульцы некаторых замежных зборных пачынаюць знаёміцца паміж сабой толькі ў Мінску. Па трэцяе, вельмі хацелася б дазнацца «за чей счет банкет»? Колькі ўсё гэта каштуе і з чыіх кішэняў бяруцца грошы?

А вось знайсці пераможца ў раздзеле «Глупства года» было б значна цяжэй. Надзвычай складана вызначыцца паміж адрынутай прапановай пра 100 даляраў за выезд за мяжу і «замарожаным» падаткам на гультаёў.

Затое з намінацыяй «Падман года» усё больш-менш ясна. Без ваганняў тут можна назваць чарговае будаўніцтва. Гаворка пра пяцізоркавы гатэль «Кемпенскі», які неўзабаве паявіцца побач з будынкам «Белдзяржцырку».

Можна толькі ўявіць, колькі на гэта «пятно застройки» было патрачана нерваў. І ўсяго астатняга, бо я, напрыклад, не ўяўляю дзеля чаго, можна пайсці на ТАКОЕ нахабнае парушэнне заканадаўства аб ахове гістарычных помнікаў і зруйнаваць першую мінскую электрастанцыю? Тым больш, што ў студзені 2010 года захаваць яе ў адпаведным лісце абяцаў цэлы намеснік міністра культуры.

Хочацца таксама даведацца ад шматлікіх кантралёраў «все ли в порядке» з дазволам на будаўніцтва у самым «сэрцы горада»? І цалкам лі яно адпавядае тэзісу пра «архітэктурную цэласнасць» цэнтральнага праспекта сталіцы?

І яшчэ, я бы пацікавіўся, можна лі было ўвогуле без дапамогі нейкага казачнага Гары Потара «улажыцца» у першапачатковыя тэрміны, то бок, паспець пабудаваць яго да 31 снежня 2013 года?

Можа падман тут быў запланаваны? Калі так, то можна прысвоіць яшчэ адну намінацыю – «Кідалава года». І ў якасці дадатку прапанаваць жэстачайшыя разборкі. Інакш можна будзе падумаць, што А.Г. больш нешта не кантралюе (будаўніцтва, напрыклад) ў нашай краіне…

Дарэчы, тое, што цікавае суседства стала магчымым, нельга лічыць (перакананы) звычайнай выпадковасцю. Падобны «цырк» можна ўбачыць толькі ў «стабільнай» краіне…

А вось узнагароду «Чаканне года» варта аддаць усім нам. За моцнае адчуванне блізкай дэвальвацыі. Не гледзячы на мантру пра тое, што яе не будзе, людзі аддавалі перавагу асабістым вачам, а не пустым абяцанням. І не памыліся. Вельмі хутка поўнае ігнараванне патэнцыяльнай бяды змянілася абяцаннем зрабіць яе «плаўнай».

Апошняе нельга ўспрымаць, як нешта выратавальнае. Асуджанага на смерць вельмі цяжка супакоіць тым, што яго расстраляюць не адразу, а «плаўна». Таму ў хуткім часе лагічна ўвесці яшчэ адну намінацыю – «За перамены».

Аляксандр Тамковіч, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях