Архіяпіскап Логін: Памолімся за ліцьвінаў-беларусаў, за вязьняў і выгнанцаў
26- 7.01.2014, 8:32
- 18,586
Першаiерарх Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы архіяпіскап Сьвятаслаў Логін звярнуўся да вернікаў з калядным пасланьнем.
Яго тэкст прыводзіць «Радыё Свабода».
«Нова радасьць стала, яка не бывала,
Над Бэтлеем зорка ясна на ўвесь белы сьвет зазьзяла»
(Беларуская калядка)
Любыя браты й сёстры ў Хрысьце!
Надыходзіць вялікае сьвята Нараджэньня Хрыстовага — Каляды! Гэтую падзею сьвяткуем урачыста штогод, бо вынікам прыходу на зямлю Сына Божага Ісуса Хрыста ёсьць Хрысьціянства, да якога тысячу гадоў таму далучыліся й продкі беларусаў. Яно зьмяніла сьвет, прапаведуючы мір і любоў як паміж людзьмі, так і паміж цэлымі народамі. Сьведчаньне пра мір было першаю весткаю ад анёлаў у Калядную ноч: «Слава Богу ў вышынях, і на зямлі мір, і ў людзях добрая воля!» (Лк.2:14).
З айчыннае гісторыі вядома, што мір, шчасьце й духоўны ўздым былі, калі Беларускі народ жыў самастойна, меў сваю дзяржаву і нацыянальную Царкву, а заваёўнікі прыносілі толькі гора, матэрыяльны й духоўны заняпады. Сёньня таксама маем небясьпеку засяленьня маці-Беларусі чужаземцамі, што ўжо адкрыта прапагандуе дыктатарская ўлада пад прыкрыцьцём патрэбы росту эканамічных паказчыкаў краіны, у выніку чаго беларусы стануць чужакамі на сваёй спрадвечнай зямлі, гэтак жа, як і беларускую мову й культуру гэтая ўлада робіць чужымі ў сваёй дзяржаве.
Таму шануем нашых продкаў, у кожным пакаленьні якіх былі змагары за свой вольны Беларускі дом пад хрысьціянскім эўрапейскім дахам. І ў наш час шмат людзей разумеюць неабходнасьць змагацца за гэта, хоць ня ўсе і не заўсёды адкрыта можам паступаць так, як падказваюць нам сэрца і вера, але кожны можа ўзьнесьці да Госпада малітву за Беларусь, за ейных змагароў, асабліва за пакутуючых у зьняволеньні й на выгнаньні, і за ўсіх ліцьвінаў-беларусаў, якія жывуць на Бацькаўшчыне і ў Замежжы.
У многіх праваслаўных малітвах заўсёды просім Госпада: «... і пазбаў нас ад міжусобіцаў і ад нашэсьця чужынцаў...» — і дзяржаву нашу Беларусь і Царкву! І каб беларускія каляднікі заўсёды па-беларуску віншавалі:
Хрыстос нарадзіўся! Слаўце Яго!
Зь любасьцю й малітвамі,
Сьвятаслаў,
Архіяпіскап Наваградзкі, Першаіерарх
Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.