19 марта 2024, вторник, 10:34
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Рыжы

4
Рыжы

Ён зайшоў у камеру для асуджаных схіліўшыся ці не да падлогі. Я спачатку падумаў, што занадта ўжо хлопец кешара нагрузіў.

Апынулася, што нагрузіў не ён, нагрузілі яму – чатыры за гандаль наркатой. І хаця гэта быў даволі вялікі зэк – метры пад два ў столю на метар у плячах, насекчы бровы (1) такому мог любы – настолькі небарака зрабіўся мяккацелым і бязвольным. Такое ў турме сустракаюцца часта, калі судовы вырак робіць з моцнага – слабака.

- Супакойся, Рыжы, чацвёрка барыжніку (2) – гэта срыў (3). Заганяцца (4) трэба было, калі банчыў (5), а не цяпер, - пасмейваліся з яго адразу сукамернікі.

Я таксама разважыў, што чатыры для гандляра смерцю – гэта неяк замала. Я б такім без развагаў па 25, а пры паўторы – і вышку не грэх выпісаць. Але гнеў мой да хлопца трываў да таго толькі часу, пакуль ён не распавёў пра сваю дзелюгу (6).

- Рыжы, а навошта табе трэба было банчыць, хацелася добра зарабляць? - запытаў я яго неяк, чым парушыў нормы турэмных законаў – запытваць падрабязнасці судовай справы нельга. Але мы з ім былі першаходамі (7) – і нас такія нюансы яшчэ не хвалявалі.

- Супакойся ты, якое банчыць – я адзін раз у жыцці касяк (8) у рукі ўзяў. Вось табе і ўвесь гандаль, - сумна адмахнуўся Рыжы і схіліў да долу свае рыжыя кудры, якія ўжо прадчувалі зонаўскую брытву.

- Як так адзін раз?! – не паверыў я, бо ў турме быў толькі пару месяцаў і хоць сам асуджанны па поўнаму бесу (9), але яшчэ быў перакананы, што большасць побач са мною – законна сядязць. Ды і як такое можа быць, - думаў я, - каб чалавеку далі проста так чатыры гады за гандаль наркотыкамі?!

І вось калі мы пачалі шпацыраваць па хаце (а ў далёкім 2006-ым камеры для асуджаных фармаваліся па нейкіх там норамах і яшчэ былі прасторныя – выдаткоўвалася шэсць квадратаў на нос, на якіх было дзе разгуляцца) Рыжы мне распавёў, як насамрэч працуе ў Беларусі барацьба з наркатрафікам.

Сам Рыжы, гадоў, калі не памыляюся, 23 хлопец, працаваў апошнія пару год таксістам – зарабляў і на сябе, і на сям’ю. І вось месяцаў колькі таму падвадзіўся да яго сусед, які балаваўся наркотыкамі: “Рыжы, дастань дУры (10) карабель (11)”. Рыжы, канечне, пайшоў у адмову (12): “Табе трэба, ты і даставай”. Але сусед патрапіўся навязлівы – умольваў пры кожнай сустрэчы.

Ну і аднойчы Рыжы, заехаўшы па замове на цыганскі пасёлак, узгадаў надакучлівага суседа ды ўзяў для яго дозу. У гэты ж дзень патэліў і прапанаваў аддаць, бо цягаць паўсюль з сабою наркату не было ніякага жадання.

І вось цудоўным восеньскім вечарам ідзе Рыжы да суседняга пад’езда, паціскае руку наркоту, дастае пакунак, цягнецца ўзяць грошы і ўжо спрабуе развітваецца, як тут жа з кустоў налятае зграя ў масках, сцеле яго ў калюжыну ля бардзюра – і для Рыжага пачынаецца новае жыццё. Праз тры месяца яму, як гандляру наркотыкамі, даюць чатыры гады, а суседа, за супрацу са следствам, вызваляюць ад крымінальнай адказнасці.

Першы раз пачуўшы такі аповед, ты яшчэ можаш дапусціць, што апавядальнік хлусіць. Але калі ты, катаючыся па турмах/зонах, раз за разам чуеш падобныя аповеды і чытаеш аднатыпныя пастановы “суда”, ты пачынаеш разумець сапраўдную схему барацьбы з “наркатрафікам”. А схема гэта найпрасцейшая.

Як мы ведаем, уся нашая краіна жыве паводле планава-размеркавальнага прынцыпу. У калгаснікаў ёсць план на збожжа, у ДАІшнікаў ёсць план на штрафы, у аддзела па барацьбе з наркотыкамі ёсць план па пасадцы гандляроў смерцю. Аднак ёсць таксама і нюанс: як садзіць таго, хто цябе корміць? Таму распрацоўваецца наступны алгарытм.

На мурзачы (13) бяруць за пятую кропку тусач умазаных (14) наркаманаў і пад пагрозаю турмы ўсім прапануецца супраца. Вы будзеце здзіўлены, але і сярод наркаманаў ёсць людзі з прынцыпамі, таму палова ідзе ў турму, а адзін-два згаджаюцца працаваць. Праца ж не пыльная: выкананне плана па барацьбе з наркатрафікам. Запускаецца такі памагаты органаў у народ з простаю легендаю: “Рыжы, дастань дозу”.

Ну а хто не ведае ў нашым горадзе, дзе дастаць дозу? Я гадоў пяць працаваў на розных менскіх рынках і на кожным рынку ведаў: дзе, хто і чым гандлюе. Часам нават бачыў, як прыходзіла да такіх гандлючых крыша ў пагонах здымаць адкаты. А калі хто не ведае рынкаў, дык ёсць гугал, які выдасць кучу спасылак напаўлегальных гандляроў чым толькі захочаш. І я перакананы на тысячу працэнтаў, каб у беларускага рэжыма сапраўды было жаданне перакрыць гандаль наркатой, яго б перакрылі цягам некалькіх дзён. Ну а так, стаяць адкрыта цыганскія катэджы, з якіх гэтак жа адкрыта паўзе зараза па ўсёй Беларусі.

Усё функцыянуе па коле: гандаль наркатой працягваецца і корміць сваіх гаспадароў, а Рыжыя сядзяць і выконваюць план па барацьбе з наркатрафікам.

Ну давайце разважым лагічна, няўжо такі маналітны рэжым, які за 21 год навучыўся зачышчаць любыя праявы іншадумства, не мае сілаў перакрыць наркатрафік? Няўжо безліч сілавых структураў, трымаючы пад наглядам кожнага палітычнага актывіста, не можа пракантраляваць гандлюючых у інтэрнэце макам? Чаму ёсць структуры, здольныя накрыць ля Чырвонага касцёла малітву за Беларусь і пасадзіць на суткі за бел-чырвона-белы шалік, але няма структураў, якія б накрылі менскія прытоны? Ды дайце хоць бы мне гэты сілавыя падраздзяленні на трое сутак – і ў Беларусі не застанецца ніводнай кропкі па гандлі наркатой.

Вы зразумейце мяне правільна, нельга сказаць, што ўсе спрацоўнікі “наркатычнага” аддзела крышуюць наркатрафік ці скрозь пальцы з ім змагаюцца, ёсць, канечне, і сумленныя супрацоўнікі. Прапорцыі сумленных, мяркую, такія ж, як і сярод наркаманаў. Але ў нашай краіне сама структура рэжыму заточана толькі пад тое, каб дзень і ноч пільнаваць тых, хто выстуе ці за незалежнасць, ці за дэмакратычныя выбары, ці хто зусім скаціўся ў тэрарызм – патрабуе змены прэзідэнта. А на тое, хто і чым гандлюе, у лепшым выпадку, напляваць. У горшым выпадку, яны самі гэты гандаль і ажыццяўляюць.

І толькі пасля гучных забоўстваў пад спайсамі і смерцяў ад перадозу ўладумаючыя галосяць: павялічаннымі тэрмінамі спынім гандаль наркатой! Ды аддайце свае карныя структуры на сутак трое хоць аднаму сумленнаму міліцыянту, загадаўшы садзіць не за бел-чырвона-белы сцяг, а за гандаль наркатой – і праблема будзе вырашана! А так, адны толькі заявы. У той жа час наркатрафік працуе і корміць сваіх гаспадароў, а Рыжы сядзіць і выконвае план па барацьбе з наркотыкамі. І ад таго, чатыры гады дадуць Рыжаму ці дзесяць, нічога, як вы разумеце, не зменіцца.

Зміцер Дашкевіч, спецыяльна для charter97.org

1. насекчы бровы – збіць, пабіць

2. барыга - гандляр

3. сарвацца – пазбегнуць горшых наступстваў

4. Заганяцца – пераймацца, хвалявацца

5. банчыць – гандляваць наркотыкамі

6. дзелюга – крымінальная справа ці справа, з-за якой зэк сядзіць, у больш шырокім значэнні

7. першаход – зэк, які сядзіць у турме/зоне першы раз

8. касяк –цыгарэта, у якой замест тытуню ці ў дадатак да яго - наркотык

9. па бесу – беззаконна, насуперак нейкіх правілаў ці нормаў

10. дур - наркотык

11. карабель – карабок з-пад запалак, які звычайна служыць меркаю

12. пайсці ў адмову – не прызнаваць, адмаўляць сваю датычнасць

13. мурзач – кватэра ці нейкае памяшканне, дзе збіраецца аднадумцы па п’янцы ці накротыках

14. умазанны – наркаман, каторы прыняў наркотык і знаходзіцца пад ягоным уздзеяннем

Написать комментарий 4

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях