19 марта 2024, вторник, 7:16
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Пакайцеся

Пакайцеся
Зміцер Дашкевіч

Падзенне расейскага самалёта ў Егіпце яскрава прадэманстравала тое становішча, у якое Пуцін загнаў Расею і ўсе тыя здабыткі, якіх дамогся ненажэрны “рускі сьвет” за апошнія пару год.

А здабыткі сумныя.

Расейскі самалёт зьнік з радараў а 7 ранку 31 кастрычніка, а 18 жа гадзіне выходнага дня ля расейскай амбасады ў Менску фотажурналісты налічылі сем пар гваздзікоў. Ці трэба нам яшчэ тлумачыць што-небудзь пра мітычную “саюзную дзяржаву”, пра незразумелую “еднасьць брацкіх народаў”?

Ну добра, зашуганае “расейскім сьветам” грамадзтва, а дзе тысячы адэптаў гэта самага сьвету? Дзе тыя прарасейскія фармаваньні, якія з аўтаматамі бегаюць па лясах і рыхтуюцца да вайны; дзе тыя ідэолагі, якія з кожнага слупа крычаць пра духовы ўздым Расеі; дзе тыя пісарчукі, якія выдаюць стосамі каменты ў “аднакласьніках” і “кантактах”? Дзе яны ўсе? Ці на двухмільённы Менск такіх набралося толькі сем чалавек? Ці можам толькі з аўтаматамі бегаць і пену ізрыгаць у сацсетках ды ў каментах?

Сем пар гваздзікоў у сталіцы “самай прарасейскай” рэспублікі былога сэсэсэра – гэта прысуд пуцінскай Расеі.

Іншы гаворыць: пакінем успаміны пра акрываўлены расейцамі Данбас і іншыя злачынствы Масквы, шчыра паспачуваем загінулым. Мы, канешне, спачуваем, але што мяняецца? Бо асабіста я мяркую, што мяняцца нешта павінна. Перадусім, расейцы павінны задумацца пра тое, да чаго яны давялі “брацкія народы”, што нават пад час такіх трагедый ля расейскіх амбасадаў ляжыць па пару кветак? Каб у Беларусі і ва Ўкраіне былі тысячы і тысячы жадаючых шчыра спачуваць і несьці кветкі ў такіх выпадках, Расея павінна пакаяцца і праз пакаяньне памяняцца.

Мела месца падобная падзея ў гісторыі. У часы пропаведзі Ісуса Хрыста ў Ерасаліме ўпала Сілаамская вежа і прыдушыла васямнаццаць чалавек. Хрыстос, гаворачы аб гэтай трагедыі, сказаў наступным чынам:

“Альбо, ці думаеце, што тыя васямнаццаць чалавек, на якіх упала вежа Сілаамская і забіла іх, былі вінаватыя больш за ўсіх, хто жыве ў Ерусаліме? Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе гэтак сама загінеце” (Паводле Лукаша 13:4,5) .

Я мяркую, нехта і тады мог казаць: ніякага спачуваньня, адкінем усё ў бок і аплачам ахвяры! Але чаму Хрыстос не пра аплакваньне гаворыць у гэтым выпадку, а пра пакаяньне? Што, Бог ня мог плакаць? Мог, мы чытаем пра гэта ў іншым месцы, калі Ісус аплакваў сьмерць свайго сябра Лазара.

“Ісус, калі ўбачыў яе, што плача, і Юдэяў, якія прыйшлі зь ёю і плачуць, Сам засмуціўся духам і ўзрушыўся”… (Паводле Яна 11:33).

У выпадку ж з ахвярамі Сілаамскай вежы Хрыстос акцэнтуе ўвагу не на смутку, а заклікае адумацца і пакаяцца ўвесь народ, каб Ізраіль не загінуў гэтак жа, як і васямнаццаць ахвяраў пад камянямі. Як мы ведаем з далейшай гісторыі, Ізраіль не пакаяўся і праз трыццаць тры гады пасьля укрыжаваньня Хрыста Ерусалім быў зруйнаваны і Юдэя акупавана. Можна быць пэўным, што большасьць людзей, якія чулі той заклік Хрыста да пакаяньня, на ўласныя вочы пабачылі вайну і сьмерць, што прыйшлі ў іх дом.

224 чалавекі, якія загінулі ва ўпаўшым расейскім самалёце, яны што, былі больш грэшныя за іншых расейцаў? Мяркую, што не, не былі больш грэшнымі. Але гэтая трагедыя і амаль пустыя расейскія амбасады па сьвеце, ці гэта не заклік Бога да Расеі: “Калі не пакаецеся, усе гэтак сама загінеце”?

Зміцер Дашкевіч, спецыяльна для charter97.org

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях