З дробнай хлусьнёй не мірыцца
3- Зміцер Дашкевіч
- 25.07.2016, 12:16
- 12,182
Калі мы прывучым сябе ніколі і ні пры якіх абставінах не мірыцца з дробнай хлусьнёй, то над намі ніколі не запануе і буйная хлусьня.
На паўночных могілках, перад пахаваньнем Паўла Шарамета, пыдышлі мы да шэрагу шапікаў з кветкамі набыць гваздзікоў. Я ледзь ужо не сую грошы аднаму дзядзьку, а Раман Васільеў адзёргвае мяне:
“Ты што, глянь”.
Я: “Што такое”.
“Ды во”, – паказвае той на майку дзядзькі. Я – глядзь, а там – Пуціна лыч.
“Во засляпіла мяне,” – падумаў я сам сабе, а дзядзьку кажу: “Ты шо гэтага тэрарыста напяліў на пуза?” Пачалі мы абурацца, а дзядзька нешта пыжыць на нас у адказ. Але асабліва нешта даказваць ватану не было часу – і мы пайшлі на могілкі.
Па вяртаньні ж я прапанаваў паглядзець на дзядзьку і ацаніць выяву некаторым іншым сябрам, у тым ліку Паўлу Севярынцу і Мікалаю Аўтуховічу – і яны, канешне, рушылі. Праз хвілін пару пасьля іх іду я да шапіка, а Севярынец ужо рушыць цьвёрдым крокам назад.
“Ну што, бачыў дурня?” – пытаю я яго.
“Пагаварылі, - адказвае Паша, - Ён яе ўжо пераапрануў унутраным бокам”.
Падыходжу я да кропкі пуціноіда і бачу: сапраўды, стаіць ён сарамліва ўнутры шапіка, а на пузе заместа ганарлівага лыча Путлера – вывярнутая унутраным бокам на вонкі майка.
Класік беларускай літаратуры Пімен Панчанка пісаў у прарочым вершы “Мала сказаць: ненавіджу…”
Мала сказаць: ненавiджу,
Мала сказаць: прызнаю,
Бiцца за праўду — i выжыць,
Нiбы салдат у баю.
Дрэннаму — не пакарыцца,
Добрае — не празяваць.
З дробнай хлусьнёй не мiрыцца,
З буйнай хлусьнёй ваяваць.
І ці не пачатак гэта хлусьні, калі навокал нас ходзяць ў вопратцы з савецкай сымболікай, злачыннымі лычамі Леніна, Сталіна ці Пуціна? І што, мы робім выгляд, што ня бачым іх? Ці проста нешта мармычам абуральнае сабе пад нос? Але пакуль Бог мілуе нас ад неабходнасьці браць у рукі аўтамат і страляць, ты проста падыдзі ды скажы: “Навошта ты апрануў гэтую нечысьць на пуза?” Ня трэба біць, ня трэба страляць, ня трэба чыніць гвалт – проста скажы Слова. Раніцай у метро выкажаш сваё абурэньне ватніку ты, па абедзе ў сталоўцы падыдзе да яго нехта іншы выказацца – і я перакананы, што перад вяртаньнем да дому з працы ватнік перагорне сваю майку унутраным бокам і так паедзе дахаты.
Ваяваць з буйнай хлусьнёй стараюцца многія. Але ж усё буйнае пачынаецца з чагосьці малога. І я мяркую, што калі мы прывучым сябе ніколі і ні пры якіх абставінах не мірыцца з дробнай хлусьнёй, то над намі ніколі не запануе і буйная хлусьня.
Зміцер Дашкевіч, Facebook