26 красавiка 2024, Пятніца, 15:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Скрыпка: Мае любімыя беларускія словы - «Жыве Беларусь»

7

Мова, песня і культура - найлепшая зброя.

Гурт «Вопли Видоплясова» выступіла 2 кастрычніка ў Варшаве на канцэрце «Салідарныя з Беларуссю». Яе лідар Алег Скрыпка распавёў у інтэрв'ю «Радыё Свабода», ці змянілася яго стаўленне да Майдану, чаму ён прыехаў падтрымаць беларусаў і за што ён любіць нашу мову.

«Беларусы, якія ваююць за Украіну, ваююць і за Беларусь таксама»

- Мы страцім шмат людзей і шмат крыві, але свет абавязкова зменіцца ў найлепшы бок. Тое, як людзі цяпер аб'ядноўваюцца, як ваююць за свабоду, не баяцца ісці насустрач смерці, ахвяруюць сваім жыццём дзеля будучыні ды іншых людзей. Калі беларусы змагаюцца і гінуць ва Украіне, дзеля будучыні ўкраінцаў, я разумею, што гэтыя людзі змагаюцца і за сваю будучыню таксама, і за будучыню Беларусі ды ўсяго свету.

«Мы жывем у страшны і выдатны час»

- Мы жывем у страшны і выдатны час. Выдатна, што змены адбывацца вельмі хутка, і мы ўжо хутка ўбачым будучыню, дзеля якой людзі аддаюць сваю кроў. Свет зменіцца, і нам не трэба будзе хлусіць. Можна будзе гаварыць адкрыта праўду, што мы думаем. Сёння самая вялікая праблема свету: што словы, думкі і дзеянні разыходзяцца. Калі мы будзем думаць і гаварыць і рабіць тое ж, тады свет пераможа.

«Беларусы і ўкраiнцы - сапраўдныя браты»

- Ёсць праўда, што беларускі і ўкраінскі народ - гэта браты. Гэта гістарычная праўда. Калі прыязджаеш у Беларусь, размаўляеш з беларусамі, ці яны прыязджаюць... Паглядзіце, як беларусы да нас ставяцца! Гэта сапраўднае братэрства. Такое рэдка бывае паміж народамі! Ва Украіне, на жаль, мы мала ведаем пра Беларусь, рэдка ездзім туды. Спадзяюся, у будучыні, будзе нейкае аб'яднанне Беларусі і Украіны. Неабавязкова гэта будзе адна дзяржава, але сувязяў павінна быць больш чым цяпер.

«Я рады, што «Краiна мрiй» таксама стала гімнам для беларусаў»

- Песня па-беларуску - гэта мінімум, што мы можам зрабіць. Ініцыятыва была з Беларусі. Хлопцы мне зрабілі выдатны пераклад. Выдатна спяваецца, класна кладзецца. Я рады, што гэтая песня шмат круцілася на радыё, у хіт-парадах была. Гэта стала таксама пэўным гімнам для беларусаў. Яна вельмі важная і для ўкраінцаў: бо там закладзены пазітыўны мэсідж, і ён працуе для Беларусі таксама.

«Нельга было паміраць на Майдане»

- Ці патрэбны быў Майдан? Гэта вельмі цяжкае пытанне. Ёсць людзі, якія выбіраюць шлях крывавай барацьбы і пакут, і яны маюць рацыю. Яны кладуць свае жыцці ў імя перамогі. А ёсць людзі, як я, яны - за мірны шлях. Усё, што мы робім, мы робім з шчырымі імкненнямі. Галоўнае - жаданне зрабіць свет лепшым. Я мяркую, што нельга было паміраць на Майдане. Ні адна смерць не варта ніякай эфемернай волі. Я ўпэўнены, што можна мірным шляхам здабыць свабоду. Але здарылася тое, што здарылася. Цяпер я дапамагаю вайскоўцам, якія ваююць на фронце. Я сам не магу страляць у людзей. Я не чалавек вайны. Але я падтрымліваю тых, хто ваюе, усім сэрцам. Я перажываю за тыя сем'і, якія губляюць сваіх людзей. Я ведаю, што кожная кропля крыві - не дарма. Кожная кропля пралітая ў імя агульнай волі.

«Раю беларусам пазбягаць вайны»

- Ці варта баяцца вайны? Варта. Я раю беларусам любымі спосабамі пазбягаць канфлікту, пазбягаць вайны. Трэба дамаўляцца, суіснаваць і мірным шляхам развязваць праблемы. Паглядзіце, як дзейнічае Еўропа і Амерыка ... Мы ва Украіне шмат крытыкуем іх: яны не даюць нам зброю, яны маглі б увесці войскі і гэтак далей. Можа быць. Нам патрэбная дапамога, нам трэба надаваць па шапцы тэрарыстам і расейскім войскам, Пуціну ды іншым. Але з іншага боку я разумею, што міжнародная супольнасць ідзе на перамовы з любым злачынцам або тэрарыстам да самага апошняга моманту.

Я жыў у Францыі і бачыў, як праходзілі французскія антытэрарыстычныя акцыі. Яны з тэрарыстамі да самага апошняга моманту дамаўляюцца. І калі ўжо немагчыма, яны дзейнічаюць дакладна, мінімум крыві і дасягаюць мэты.

На стадыі Майдана вынікала пазбягаць супрацьстаяння да самага канца. Калі вайна пачалася, у Крыму ў першую чаргу, украінцы пачалі дзейнічаць наадварот. Трэба было адразу надаваць кухталёў і выгнаць «зялёных чалавечкаў». Я граў канцэрт у Данецку, аблдзяржадміністрацыя была захопленая. Мы гралі стралецкія песні на сцэне, і людзі прыйшлі ў вышыванках, поўная зала ў Данецку. Мае сябры сказалі, што ў аблдзяржадміністрацыі была пара дзясяткаў алкаголікаў тады. Калі трэба - трэба біць па мордзе. А калі не трэба - трэба пазбягаць супрацьстаяння.

               

«У мяне на тэлефоне - фотка Пуціна ў вышыванцы»

- У мяне ёсць на тэлефоне застаўка, дзе Пуцін, Назарбаеў ды іншыя «чувачкі» прыязджалі да Лукашэнкі, і ён іх апрануў у вышыванкі. І ў мяне ёсць на тэлефоне фотка Пуціна ў вышыванцы. Вышыванка, песня, мова, культура - вось наймацнейшая зброя. Калі не гучаць гарматы музычныя - тады пачынаюць страляць гарматы вайсковыя. Пакуль мы можам карыстацца гэтай зброяй - трэба выкарыстоўваць яе да самага канца. Трэба ўклеіць у мазгі ўсім палітыкам, што трэба ваяваць на франтах культурных. Хто перамагае на культурных франтах - той перамагае ў свеце.

«Жыве Беларусь!»

У мяне ёсць любімыя беларускія словы: «Жыве Беларусь», «сябры», «дзякуй».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках