Севярынец: У пятніцу будзем патрабаваць вызвалення Пальчыса проста ў судзе
- 25.10.2016, 13:13
- 13,938
Прысуд стваральніку сайта 1863x.com можа быць вынесены ў пятніцу.
Прысуд паводле справы блогера, заснавальніка сайта 1863x.com Эдуарда Пальчыса будзе абвешчаны ў пятніцу, 28 кастрычніка, у Менскім гарадскім судзе.
Пра гэта «Свабодзе» паведаміў сустаршыня аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец. Сёмы дзень запар разам з іншымі актывістамі ён ладзіць пікет у падтрымку Эдуарда Пальчыса каля будынку Менскага гарадскога суда.
Са слоў Паўла Севярынца, акцыя падтрымкі з заснавальнікам сайта 1863x.com пройдзе і 28 кастрычніка.
«Акцыя салідарнасці будзе. На абвяшчэнне прысуду ўсіх ахвотных павінны запусціць у залу суда. Думаю, прыйдзе значна больш людзей, і невядома, ці змесцяцца яны ўсе ў судзе», - заявіў актывіст.
Пры гэтым у судзе журналістам гэтую інфармацыю не пацвердзілі.
Нагадаем, Эдуард Пальчыс абвінавачваецца ва ўчыненні злачынстваў паводле ч 1 арт 130 (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або калатнечы) і ч 2 арт 343 (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Эдуард быў затрыманы ў студзені 2016 года ў Расеі, а ў траўні блогера экстрадавалі ў Беларусь, дзе ён быў адразу ўзяты пад варту.
25 жніўня суд Цэнтральнага раёну Менску разгледзеў справу аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863х.com. У выніку закрытага судовага пасяджэння 9 артыкулаў, размешчаных на гэтым сайце, прызналі экстрэмісцкімі.
Напярэдадні суду міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» заклікала ўлады Беларусі вызваліць Пальчыса «неадкладна і без усялякіх умоў».