8 траўня 2024, Серада, 5:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Некалькі сакрэтаў ад спецыялістаў, як выбраць добрую ялінку на Новы год

2
Некалькі сакрэтаў ад спецыялістаў, як выбраць добрую ялінку на Новы год
Фото: belapan.by

Шлях елкі ад гадавальніка да елкавага кірмашу складае сем гадоў.

У Беларусі запрацавалі елкавыя кірмашы. Naviny.by пабылі ў Смалявіцкім і Драчкоўскім лясніцтвах і даведаліся ў спецыялістаў, як выбраць добрую ялінку на Новы год.

Памочніца ляснічага Смалявіцкага лясніцтва Вольга Сіняк у першую чаргу раіць звярнуць увагу на колер іголак.

«Калі елка свежая, то ейныя іголкі маюць зялёны насычаны колер», – апавядае Вольга Сіняк.

Яна таксама раіць выбіраць елку з вельмі густа размешчанымі іголкамі. Прасцей кажучы, з пышнымі галінкамі.

Кіраўніца гадавальніка Драчкоўскага лясніцтва Алена Сыцько таксама рэкамендуе выбіраць елкі «больш пышныя і зялёныя».

Каб дрэва даўжэй прастаяла, спецыялісты рэкамендуюць ставіць яго ў вядро з пяском.

«І пажадана ставіць елку далей ад батарэй, інакш яна хутка асыплецца», – адзначае Вольга Сіняк.

Паліваць ялінку трэба адпаведна падсыханню пяску. Пры гэтым спецыялісты не рэкамендуюць карыстацца народнымі метадамі і дадаваць у ваду аспірын, анальгін і іншыя сродкі.

«Дастаткова толькі вады, і, я думаю, увесь студзень ялінка можа прастаяць», – кажа Алена Сыцько.

Ейная калега Вольга Сіняк кожны год набывае сабе дадому елку ў кадцы і вясной высаджвае яе ў вёсцы ў бацькоў.

«Да Новага года яе трэба вынесці ў дапаможнае памяшканне і проста паліваць. Прынамсі раз на тыдзень. І ўсё з ёй будзе добра. А потым вясной, калі прыгрэе сонейка і адпусціць зямлю, яе можна высадзіць, напрыклад, на лецішчы, і яна будзе расці. Такім чынам мы шкоду прыродзе ўвогуле не наносім», – апавядае памочніца ляснічага Смалявіцкага лясніцтва.

Сёлета з 21 снежня ў Беларусі арганізаваная праца 1100 елкавых кірмашоў, на якіх плануецца прадаць блізу 150 тысячаў дрэваў. Кошт жывых елак і соснаў вышынёй 1 – 2 метра складае 8 – 10 рублёў, у кадках – блізу 20 рублёў.

Міністэрства лясной гаспадаркі нагадвае, што за незаконную высечку або пашкоджанне елак і соснаў прадугледжаны штраф ад 5 да 30 базавых велічыняў (ад 105 да 630 дэнамінаваных рублёў).

Цікава ведаць!

Шлях елкі ад гадавальніка да елкавага кірмашу займае сем гадоў. Зімой ляснічыя збіраюць шышкі і здаюць іх на насенне, якое вясной высаджваецца ў гадавальніках. Пасевы паліваюцца і праполваюцца цягам двух-трох гадоў. Потым маладыя елкі перасаджваюць у лес.

Цягам трох гадоў пасля пасадкі ўсе непажаданыя расліны выдаляюцца з участку, каб не перашкаджалі ялінкам расці. Пасля дасягнення сямі гадоў елкі высякаюцца для продажу на кірмашах.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках