ISW: Украіна можа аднавіць сілы для магутнага контрнаступлення
1- 28.04.2024, 15:01
- 5,968
Названыя тэрміны.
Украінскія войскі, атрымаўшы амерыканскую дапамогу, хутчэй за ўсё, прадухіляць маштабы наступлення расейскіх акупантаў гэтым летам і змогуць стабілізаваць лінію фронту ў найбліжэйшыя месяцы, мяркуюць у Інстытуце вывучэння вайны (ISW).
Акрамя таго, самі УСУ змогуць аднавіць сілы да контрнаступлення ў канцы 2024 - пачатку 2025 гадоў.
У справаздачы за 28 красавіка аналітыкі спасылаюцца на леташні досвед баёў, калі УСУ паспяхова стрымлівалі акупантаў на фронце за кошт рэгулярных паставак боепрыпасаў і тэхнікі.
«Добра абсталяваныя ўкраінскія сілы раней не дазвалялі расейскім войскам дамагчыся нават тактычных поспехаў падчас папярэдніх буйнамаштабных наступальных аперацый ва Украіне. І малаімаверна, што расейскія войскі змогуць гэтым летам правесці наступальную аперацыю, якая на задуму павінна быць значна больш маштабнай і інтэнсіўнай за папярэдні наступ», - гаворыцца ў справаздачы.
Інстытут вывучэння вайны цытуе матэрыял Financial Times, у якім ішла гаворка пра галоўныя праблемы акупантаў на фронце, якія Пуцін і Ко не могуць развязваць дагэтуль. Напрыклад, дэфіцыт новай тэхнікі і дрэнна навучаныя салдаты. На ацэнку амерыканскіх чыноўнікаў, расейскае войска тэхнічна не палепшылася з часоў поўнамаштабнага ўварвання ў 2022 годзе.
На разлікі заходніх аналітыкаў, у найбліжэйшыя месяцы ўкраінскія вайскоўцы змогуць стабілізаваць сітуацыю на лініі фронту.
У канцы 2024 ці пачатку 2025-га ўкраінскія абаронцы адновяць сілы для контрнаступальных аперацый, мяркуюць у Інстытуце вывучэння вайны.