Жыхару Камянца суд забараніць выдаткоўваць заробак
10- 4.05.2024, 21:52
- 9,550
На гэтым намагала яго былая жонка.
Жыхарка Камянца пайшла да раённага пракурора з просьбай паўплываць на яе 55-гадовага былога мужа, з якім яна жыве ў адной хаце і вядзе сумесную гаспадарку. Яна распавяла, што ён пакутуе на хранічны алкагалізм, сістэматычна злоўжывае спіртнымі напоямі і ладзіць скандалы з сямейнікамі.
Паводле вынікаў разгляду пракуратурай Камянецкага раёну звароту мясцовай жыхаркі мужчына, які ставіў сям'ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча праз злоўжыванне спіртнымі напоямі, абмежаваны судом у дзеяздольнасці.
Раней яго ўжо адпраўлялі ў ЛПП, пасля «медыка-сацыяльнай рэадаптацыі» ён знайшоў працу і працягнуў жыць з былой жонкай і дарослым сынам. Але потым зноў пачаў піць і выдаткоўвай свой заробак на спіртное. У выніку прадукты, лекі, прадметы першай неабходнасці куплялі за ўласныя грошы выключна іншыя дамачадцы, яны ж аплачвалі камуналку.
«Сваімі дзеяннямі мужчына ставіў сямʼю ў цяжкае матэрыяльнае становішча. Факт злоўжывання ім алкагольнымі напоямі пацвердзілі сваякі», – распавялі ў пракуратуры.
Таму накіравалі ў суд заяву аб прызнанні мужчыны абмежавана дзеяздольным, якая была задаволеная. Пастанова ўвайшла ў законную сілу.
Згодна з арт. 30 Грамадзянскага кодэксу, асоба, абмежаваная ў дзеяздольнасці, мае права здзяйсняць дробныя бытавыя ўгоды, але атрымліваць заробак або іншыя даходы і распараджацца імі можа толькі са згоды ўстаноўленага папячыцеля.