6 траўня 2024, панядзелак, 7:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады ідуць на дыялог?

10
Улады ідуць на дыялог?

У Менгарвыканкаме адбылася сустрэча заяўнікаў Еўрапейскага Марша з прадстаўнікамі гарадскіх улад. Старшыня аргкамітэта Еўрапейскага Марша, намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка, адзін з лідэраў "Маладога Фронта" Зміцер Хведарук і актывіст грамадзянскай кампаніі «Джынс – за Свабоду» Яўген Афнагель сустрэліся з кіраўніком ідэалагічнага ўпраўлення Менгарвыканкама Генадзем Курбекам, намеснікам пракурора Менска Аляксандрам Стукам і намеснікам начальніка ГУУС Менгарвыканкама Іванам Мельнікавым.

Прадстаўнікі Менгарвыканкама паведамілі, што рашэнне з нагоды дазволу Еўрапейскага Марша пакуль не прынятае і запрасілі арганізатараў акцыі да абмеркавання варыянтаў правядзення Еўрапейскага Марша. Бакі абмяняліся меркаваннямі з нагоды магчымых варыянтаў правядзення акцыі. Па словах актывіста кампаніі «Джынс – за Свабоду» Яўгена Афнагеля, сустрэча з прадстаўнікамі гарадскіх улад прайшла «канструктыўна».

«Абодва бакі выказалі жаданне канструктыўна абмеркаваць варыянты правядзення Еўрапейскага Марша. І улады, і мы выказалі жаданне правесці акцыю мірна. Мы прапанавалі даць інфармацыю аб Еўрапейскім Маршы па дзяржаўных тэлевізійных каналах, радыёстанцыях і газетах, а таксама прасілі даць нам машыны з гукаўзмацняльнікамі. Упершыню за шматлікія гады ўлады не даводзілі да апазіцыі гатовае рашэнне, а вялі дыялог. Прадстаўнікі Менгарвыканкама паведамілі, што рашэнне будзе прынятае з улікам сённяшняй сустрэчы і будзе накіраванае заяўнікам Еўрапейскага Марша», – паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 Яўген Афнагель

Старшыня аргкамітэта Еўрапейскага Марша Віктар Івашкевіч таксама адзначае, што ўлады ідуць на дыялог з апазіцыяй у справе правядзення Еўрапейскага Марша.

«Па-першае, прадстаўнік Менгарвыканкама Генадзь Курбека сказаў, што яны сустрэліся з намі, каб правесці дыялог з нагоды акцыі, паспрабаваць знайсці прымальнае рашэнне. Так што дыялог мае месца як факт. Па-другое, Курбека размаўляў на беларускай мове. Па-трэцяе, нам не проста далі загадзя прынятае рашэнне, а абмеркавалі з намі магчымыя варыянты і сказалі, што будуць думаць. Я спадзяюся, што нашы аргументы будуць ўспрынятыя, і заўтра ўлады прымуць рашэнне, якое ўлічвае нашы падыходы», – паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 Віктар Івашкевіч.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках