2 траўня 2024, Чацвер, 11:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаргінец падае ў суд на незалежных журналістаў

12

Старшыня «палаты прадстаўнікоў» па нацыянальнай бяспецы Мікалай Чаргінец падаў пазоў у суд супраць вядомага журналіста Аляксандра Тамковіча і прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Время новостей», якое выдае недзяржаўную газету «Новы час».

Нібыта за «нанясенне шкоды гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі» Чаргінец патрабаваў 500 мільёнаў рублёў з ПВУП “Время новостей” і 100 мільёнаў рублёў з аўтара артыкула «Генерал-сенатар Мікалай Чаргінец» Аляксандра Тамковіча.

«У адным з нумароў газеты ў рубрыцы “Найноўшая гісторыя ў асобах” быў апублікаваны артыкул Аляксандра Тамковіча “Генерал-сенатар Мікалай Чаргінец”, у якім аўтар пісаў пра кар'еру “пісьменніка-парламентарыя” Мікалая Чаргінца», – распавёў прэс-службе Хартыі’97 шэф-рэдактар газеты «Новы час» Аляксей Кароль.

Як адзначанае ў пазове, Чаргінец абурыўся, што ў артыкуле згадвалася пра яго дачыненне да гучнай “віцебскай” справе 80-х гадоў, калі, нагадаем, падчас расследавання былі асуджаныя нявінныя людзі, пры чым адзін з іх быў расстраляны.

У артыкуле сцвярджалася, што Чаргінец, які меў непасрэднае дачыненне да расследавання, пазбег пакарання дзякуючы вельмі своечасовай паездцы ў Аўганістан, адкуль вярнуўся героем. Мікалаю Чаргінцу не спадабалася, што аўтар артыкула назваў “камандзіроўку” ў Аўганістан “выратаваннем” для далейшай кар'еры цяперашняга “парламентарыя”.

Аднак, па словах рэдактара “Новы час”, больш за ўсяго не спадабалася Чаргінцу, як аўтар апісаў яго творчую дзейнасць. “Абурэнне выклікала сцвярджэнне, што для сваіх раманаў Чаргінец выкарыстоўвае працу “літаратурных рабоў”, а таксама тое, што ў артыкуле ён быў названы кіраўніком “правільнага” саюза пісьменнікаў”, – гаворыць Аляксей Кароль.

Разгляд пазову адбудзецца 5 снежня ў Першамайскім судзе Менска. Аднак у рэдакцыі лічаць, што суд не падтрымае патрабавання “парламентарыя”, бо ў артыкуле не было ні паклёпу, ні абраз, а толькі – факты. “У крайнім выпадку, нам могуць прапанаваць даць слова Мікалаю Чаргінцу для аспрэчвання звестак, прылучаных у артыкуле”, – сказаў прэс-цэнтру Хартыі’97 Аляксей Кароль.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках