3 траўня 2024, Пятніца, 12:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чыя возьме?

23
Чыя возьме?

Паводле інфармацыі газеты "Коммерсант", сёння прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін павінен прыняць дзяржсакратара так званай "саюзнай дзяржавы" Расеі і Беларусі Паўла Барадзіна.

Галоўнай тэмай сустрэчы будзе парадак пасяджэння вышэйшай дзяржаўнага савету саюза Расеі і Беларусі, якое пройдзе ў Менску 14 снежня. Як стала вядома газеце, у апараце дзяржсакратара ёсць адразу тры сцэнары аб'яднання дзвюх краін, кожны з якіх прадугледжвае ўвядзенне пасады адзінага "саюзнага" лідэра.

Тры для аднаго

У апараце дзяржсакратара "саюзнай дзяржавы" Расеі і Беларусі Паўла Барадзіна завяршаюць падрыхтоўкі да галоўнай падзеі года ў расейска-беларускіх стасунках: пасяджэння вышэйшага дзяржаўнага савета "саюзнікаў" у Менску. Яно прызначанае на бліжэйшую пятніцу і, як паведаміў Ъ памочнік дзяржсакратара Іван Макушок, сёння спадар Барадзін сустрэнецца з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным, каб абмеркаваць дэталі мерапрыемства, якое мае адбыцца. Яшчэ на мінулым тыдні прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі анансавала, што асноўнымі тэмамі пасяджэння будзе прыняцце дзяржсаветам бюджэту "саюзнай дзяржавы" на будучы год, а таксама разгляд прэзідэнтамі дзвюх краін праекту "саюзнага" канстытуцыйнага акту. Між іншым менавіта ў апошнім пункце і ёсць галоўная інтрыга пятніцкага пасяджэння. Бо калі лідэры дзвюх краін нарэшце ўзгодняць агульны варыянт акту, гэта будзе азначаць пераход да рэальнага стварэння "саюза" Расеі і Беларусі.

Як паведаміў учора Ъ Павел Барадзін, на сёння існуе тры праекты канстытуцыйнага акту, у кожным з якіх прапісанае палітычнае ўладкаванне "саюзнай дзяржавы" і размеркаванне ў ім уладных паўнамоцтваў. "Пра гэты акт гавораць ужо цягам сямі гадоў. І цяпер гэтая тэма актуальная па той простай прычыне, што для расейска-беларускіх стасункаў патрэбна нарматыўна-прававая база. Нарэшце з'явіцца агульны парламент, з'явяцца законы",– заявіў Ъ спадар Барадзін.

Дзяржсакратар перадаў Ъ тры працоўныя праекты канстытуцыйнага акту. Усе яны прапісваюць адзіны пералік сфер, якія будуць належаць да выключнага вядзення "саюзнай дзяржавы". Гаворка ідзе пра агульную абаронную палітыку і вайсковае супрацоўніцтва; міжнародную дзейнасць саюза РФ і Беларусі і прыняцце ў яго склад новых сяброў; памежную палітыку; бюджэтную, гандлёвую, мытна-тарыфную, грашова-крэдытную, валютную і падатковую палітыку. Акрамя таго, згодна з праектамі канстытуцыйных актаў суб'екты "саюзнай дзяржавы" перададуць у вядзенне наддзяржаўных органаў улады паўнамоцтва ў сферы кіравання агульнай уласнасцю – аб'яднанай транспартнай і паліўна-энергетычнай сістэмамі, а таксама сістэмай сувязі.

Па словах Паўла Барадзіна, будучы саюз адназначна прыме від канфедэрацыі з агульнымі органамі ўлады – саюзным парламентам і саветам міністраў. Што тычыцца першай асобы, то яе пакуль слушней называць наднацыянальным лідэрам, бо ў двух праектах канстытуцыйнага акту кіраўнік "саюзнай дзяржавы" называецца прэзідэнтам, а ў адным – кіраўніком вышэйшага дзяржсавета. Так, у першым варыянце акту гаворыцца, што пасаду прэзідэнта саюза займае прэзідэнт РФ, пры якім віцэ-прэзідэнтам будзе беларускі лідэр. У другім прапаноўваецца, каб адзінага прэзідэнта абралі расейскі і беларускі народы на аснове ўсеагульнага прамога галасавання, а пасады віцэ-прэзідэнтаў зоймуць кіраўнікі РФ і Беларусі па пасадзе. Нарэшце, у трэцім праекце прапаноўваецца, каб цэнтральным органам улады стаў вышэйшы дзяржсавет. У яго ўвойдуць кіраўнікі дзяржаў, урадаў і парламентаў Расеі і Беларусі. Падпарадкоўвацца яны пры гэтым будуць усенародна абранаму старшыне вышэйшага дзяржсавета.

Усё пра адно

У канцы мінулага тыдня магчымасць прыняцця канстытуцыйнага акту стала галоўнай навіной расейскіх СМІ. Пра тое, што ўжо 14 снежня "саюз" Расеі і Беларусі з віртуальнага стане рэальным, першай паведаміла радыёстанцыя "Эхо Москвы". У мінулую пятніцу, спасылаючыся на крыніцы ў асяродку Аляксандра Лукашэнкі, радыёстанцыя распаўсюдзіла інфармацыю, паводле якой падчас удзелаў Уладзіміра Пуціна ў менскім пасяджэнні вышэйшага дзяржсавета будзе падпісаны канстытуцыйны акт, які абвяшчае "саюзную дзяржаву".

Пасля гэтага, калі верыць крыніцы "Эха Москвы", спадар Пуцін стане прэзідэнтам новага дзяржаўнага стварэння, а Аляксандр Лукашэнка ўзначаліць саюзны парламент. Гэтую вестку з розніцай у некалькі гадзін аспрэчылі як у Крамлі, так і ў прэс-службе прэзідэнта Беларусі. Каментары абодвух бакоў звяліся да таго, што дадзеная інфармацыя – гэта "спекулятыўныя фантазіі шэрагу СМІ" і "поўнае трызненне".

Учора ў гутарцы з карэспандэнтам Ъ на гэтую тэму выказаўся і Павел Барадзін. "Мне апошнім часам падабаюцца журналісты. Яны лічаць, што законы і канстытуцыі пішуцца пад лідэра нацыі. Гэта глупства найчысцейшай вады", – абураўся спадар Барадзін. Паводле яго слоў, гаворка не ідзе пра тое, каб прымаць акт пад прэзідэнта Пуціна або яго беларускага калегу, і ад іх менскай сустрэчы можна чакаць хіба што палітычнага рашэння па гэтым пытанні. "Прэзідэнты могуць прыняць рашэнне як на двухбаковай сустрэчы, так і на пасяджэнні дзяржсавета. Потым дадуць даручэнне спецыяльнай камісіі ўсё падрыхтаваць. Далей пытанне выносіцца на абмеркаванне парламенцкага сходу "саюзнай дзяржавы", пасля на разгляд парламентаў Расеі і Беларусі, а потым ужо і на рэферэндумы, – паведаміў Павел Барадзін. – Галоўнае – паставіць пэўныя тэрміны. А то пра тое, што мы адзін аднаго любім і паважаем, можна яшчэ дзесяткі гадоў гаварыць". Зрэшты, па словах спадара Барадзіна, Уладзімір Пуцін цалкам можа прэтэндаваць на пасаду саюзнага лідэра, асабліва пасля таго, як расейскі народ выказаў яму вотум даверу на мінулых парламенцкіх выбарах.

Памочнік дзяржсакратара Іван Макушок лічыць, што за сумнеўнай уцечкай у прэсу, якая адбылася напярэдадні пасяджэння вышэйшага дзяржсавета, могуць стаяць супернікі рэальнай інтэграцыі дзвюх краін. "Інфармацыйны ўкід цалкам мог быць зроблены, каб вымусіць двух прэзідэнтаў адмовіцца ад таго, да чаго абедзве краіны рыхтуюцца шмат гадоў", – заявіў спадар Макушок Ъ.

Адзін на адзін

Так ці інакш, але паездка Уладзіміра Пуціна ў Менск – падзея знакавая. Эксперты даўно кажуць, што стасункі расейскага і беларускага прэзідэнтаў далёкія ад ідэальных. Прычым сапсаваліся яны пасля таго, як першы прэзідэнт РФ Барыс Ельцын абраў спадара Пуціна сваім пераемнікам. "Можна сказаць, што стасункаў няма. Або што яны ёсць, але вельмі дрэнныя, – сказаў Ъ кіраўнік беларускага аналітычнага цэнтра “Стратэгія” Леанід Заіка. – У свой час Лукашэнка дамаўляўся з Ельцыным пра стварэнне "саюзнай дзяржавы" з умовай, што ён яе калі-небудзь узначаліць. Пуцін жа перабег яму дарогу. Так што любіць Уладзіміра Уладзіміравіча Аляксандру Рыгоравічу няма за што. Для яго Пуцін – гэта чалавек, сарваў яго гістарычнае ўзыходжанне на крамлёўскі пасад".

Праўда, апошнім часам у расейска-беларускіх стасунках азначылася пэўнае пацяпленне. У мінулым месяцы амбасадар РФ у Менску Аляксандр Сурыкаў заявіў пра тое, што цана расейскага газу для Беларусі ў 2008 годзе будзе блізкая да $125 за тысячу кубаметраў. Ледзь пазней з падачы беларускага боку называлася лічба $119. Пра тое, што бакі ўзмоцнена шукаюць кропкі судотыку, гаворыць і запланаваны візіт расейскага прэзідэнта ў Беларусь, якому нададзены статус афіцыйнага. Спадар Пуцін прыбудзе ў беларускую сталіцу ўжо ў чацвер, то бок, за дзень да пасяджэння вышэйшага дзяржсавета. Гэты час расейскі лідэр мае намер прабавіць з Аляксандрам Лукашэнкам.

Зрэшты, паводле інфармацыі крыніц Ъ, на Старой плошчы на ўсялякі выпадак падрыхтавалі два варыянты парадку дня пасяджэння дзяржсавета. У адным з іх значыцца абмеркаванне нашумелага канстытуцыйнага акту і пытання пераходу РФ і Беларусі на адзіную валюту. У другім жа, мабыць, на выпадак нязгодлівасці спадара Лукашэнкі прапісаны разгляд бюджэту, узгадненне пытанняў знешняй палітыкі, вытворчых і сацыяльных праграм.

Між іншым шмат хто ў Крамлі не мае адмысловых надзей з нагоды праектаў, падрыхтаваных спадаром Барадзіным. "Калі б у Крамлі сур'ёзна ставіліся да перспектыў падпісання канстытуцыйнага акту, яго падрыхтоўку наўрад ці даручылі б Барадзіну, пры ўсёй да яго павазе, – сказала Ъ крыніца, блізкая да адміністрацыі прэзідэнта РФ. – Гэта прэрагатыва выключна адміністрацыі прэзідэнта. Такія планы абмяркоўваюцца напрост з адміністрацыяй Аляксандра Лукашэнкі. Распрацаваць новы акт у экстраным парадку немагчыма. Колькі гадоў яго ні спрабавалі ўзгадніць з Менскам, нічога не выйшла. Усё з прычыны сістэмнай праблемы – нежадання Лукашэнкі паступацца якой-небудзь уладай".

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках