9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка спадзяецца, што «расейская» АЭС выратуе яго ад Расеі?

42

Аляксандр Лукашэнка не ў поўнай меры здаволены ходам падрыхтоўчых прац па будаўніцтве атамнай электрастанцыі. Пры гэтым ён заяўляе, што АЭС з'яўляецца рэальнай магчымасцю «супрацьстаяць дыктату манапалістаў», «мінімізаваць шкоду пры ўзнікненні крытычных сітуацый» і «ўмацаваць незалежнасць». Нагадаем, што раней Лукашэнка заяўляў, што будаваць АЭС ён будзе пры дапамозе Расеі.

"Падрыхтоўка да будаўніцтва АЭС ідзе павольна, няма выразнага бачання і алгарытмаў вырашэння фундаментальных задач у сферы ядзернай энергетыкі, слаба прагназуецца развіццё сітуацыі вакол будаўніцтва з улікам усіх унутраных і знешніх фактараў. Дагэтуль няма дакладнасці па шматлікіх найважнейшых аспектах: месцы будаўніцтва, праекце і генеральным падрадчыку", – заявіў беларускі кіраўнік на пасяджэнні Савета бяспекі Беларусі.

Беларускі кіраўнік канстатаваў, што ў працэсе падрыхтоўкі да будаўніцтва АЭС застаецца шэраг праблем, недапрацовак, адрозненняў у падыходах і ацэнках, адсутнічае належная каардынацыя. "Такую сітуацыю нельга больш цярпець, таму што яна стрымлівае тэмпы пасоўвання падрыхтоўчых прац", – адзначыў А.Лукашэнка.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што "не забяспечаная рэальная маштабная інфармацыйна-прапагандысцкая праца". "Некаторыя гарачыя галовы з асяродку апанентаў улады настойліва спрабуюць арганізаваць нейкую, так званую, шырокую антыядзерную кампанію сярод насельніцтва", – сказаў ён. У яго складаецца ўражанне, што "некаторыя нашы апазіцыянеры і навукоўцы жывуць у вакууме". "Увесь свет сёння арыентаваны на будаўніцтва АЭС у сувязі з воплескам цэн на вуглевадародную сыравіну, плануецца пабудаваць вялізную колькасць рэактараў вакол Беларусі. А у нас як заўсёды "беларускасць" бяжыць наперадзе розуму", – заявіў А.Лукашэнка. Ён дадаў: "Мы пачынаем з кутка пазіраць і абмяркоўваць – нам трэба гэта ці не трэба. Увесь свет вызначыўся, а мы разважаем.

Супрацьстаяць дыктату манапалістаў

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што развіццё атамнай энергетыкі ў краіне з'яўляецца найважнейшым фактарам гарантавання энергетычнай бяспекі краіны і ўмацавання дзяржаўнай незалежнасці.

"Развіццё атамнай энергетыкі, нараўне з мадэрнізацыяй дзейнай энергасістэмы, выкарыстаннем аднаўляных крыніц энергіі, скарачэннем энергаёмістасці ВУП і дыверсіфікаваннем крыніц паступлення вуглевадароднай сыравіны, з'яўляецца найважнейшым фактарам гарантавання энергетычнай бяспекі краіны", – заявіў А.Лукашэнка на пасяджэнні Савета бяспекі краіны.

Паводле яго слоў, гэта з'яўляецца "рэальнай магчымасцю супрацьстаяць дыктату манапалістаў і мінімізаваць шкоду пры ўзнікненні крытычных сітуацый". "У канчатковым выніку – забяспечыць дадатковыя гарантыі ўмацавання дзяржаўнай незалежнасці і эканамічнай самастойнасці", – сказаў А.Лукашэнка.

АЭС збіраюцца будаваць у «максімальна сціснутыя тэрміны»

Як адзначыў Лукашэнка, выкананыя на сёння даследаванні пацвердзілі, "па-першае, эканамічную мэтазгоднасць будаўніцтва АЭС, па-другое, наяўнасць у рэспубліцы прыдатных тэрыторый для размяшчэння атамнай электрастанцыі, па-трэцяе, адсутнасць тэхнічных перашкод для ўключэння санкцыі ў энергасістэму рэспублікі".

Паводле яго слоў, рэалізацыя беларускага атамнага праекту патрабуе вырашэння комплексу "прынцыпова новых задач сістэмнага характару: палітычных, эканамічных, навукова-тэхнічных, экалагічных і сацыяльных".

Па словах беларускага кіраўніка, "Беларусь прыступае да рэалізацыі ўласнага ядзернага праекту на фоне складаных і супярэчлівых тэндэнцый на сусветным атамным энергетычным рынку". "Усе кінуліся на будаўніцтва рэактараў, абвастраецца канкурэнцыя за доступ да ўранавай сыравіны, попыт на якую ў свеце сёння блізкі да ажыятажнага," – адзначыў А.Лукашэнка.

У такіх умовах, паводле яго слоў, краіна павінна ў максімальна сціснутыя тэрміны пабудаваць і ўвесці ў эксплуатацыю атамную электрастанцыю. "Гэта складаная, але рэальна выканальная стратэгічная задача для нашай дзяржавы, ад якой мы адмаўляцца не маем намеру", – падкрэсліў А.Лукашэнка.

Будучыя пакаленні ацэняць….

Беларускі кіраўнік сказаў, што "наступіў момант, калі нам неабходна яшчэ раз прааналізаваць усе гэтыя аспекты і зрабіць галоўнае – прыняць прынцыповае палітычнае рашэнне адносна неабходнасці развіцця атамнай энергетыкі ў рэспубліцы". "Гэтае рашэнне носіць, па сутнасці, гістарычны характар. Бо ад яго залежыць эканамічная, энергетычная, а значыць, і палітычная незалежнасць будучых пакаленняў нашых беларусаў", – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама дадаў, што "сёння мы закладаем аснову функцыянавання беларускай дзяржавы ва ўмовах, калі на Зямлі абвастраюцца глабальныя праблемы спусташэння запасаў вуглевадароднай сыравіны". "Я думаю, што будучыя пакаленні ацэняць наша рашэнне", – сказаў Лукашэнка.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках