29 красавiка 2024, панядзелак, 22:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускую АЭС пабудуюць на мяжы з Эўразьвязам?

6

Нацыянальная Акадэмія навук і Міністэрства энэргетыкі мяркуюць, што першую беларускую атамную электрастанцыю трэба будаваць на Астравецкай пляцоўцы, што на Гарадзеншчыне. Ад мяжы з Эўразьвязам яе аддзяляюць толькі 20 кіламэтраў.

Падчас Беларускага энэргетычнага і экалягічнага форуму было агучана, што Кукшынаўская і Краснапалянская пляцоўкі будуць трымаць у якасьці рэзэрву, пакуль не пачнецца будоўля. Пляцоўку ў Верхнядзьвінскім раёне забракавалі раней. Паказальна, што Астравецкая пляцоўка, якая знаходзіцца за 20 кілямэтраў ад літоўскай мяжы, пакуль найменей вывучаная, піша “Радыё Свабода”.

Выбар Астравецкай пляцоўкі, пра які падчас форуму гаварылі старшыня прэзыдыюму НАН Міхаіл Мясьніковіч і намесьнік міністра энэргетыкі Міхаіл Міхадзюк, экспэртам падаецца найбольш спрэчным. Участак паміж вёскамі Гоза і Міхалішкі, адрозна ад схаваных паміж балотамі пляцовак на Магілёўшчыне, знаходзіцца ў густа заселеных мясьцінах: да Астраўца — 18 кілямэтраў, да Вільні — 50, да Менску — 130.

Тым болей, што ў непасрэднай блізіні — багатая экасыстэма: да ракі Віліі 6 кілямэтраў, да Сарачанскіх азёраў — 14, да Сьвіры — 19, да Нарачы — 40. Эколягаў непакоіць, што, згодна з рашэньнем, могільнік для доўгатэрміновага захоўваньня радыёактыўных адкідаў мяркуецца стварыць у радыюсе 30 км ад будучай АЭС. І ўжо зусім асобная размова пра суседзтва патэнцыйнай АЭС з Эўразьвязам — да літоўскай мяжы ўсяго 20 кілямэтраў.

Па іроніі лёсу, будаваць АЭС зьбіраюцца на радзіме Юрася Бандажэўскага — экс-рэктара Гомельскага мэдычнага інстытуту, навукоўца, які прысьвяціў жыцьцё дасьледаваньню ўплыву на здароўе чалавека малых дозаў радыяцыі. Свой арышт у 1999 годзе прафэсар Бандажэўскі зьвязвае з крытыкай на адрас беларускіх уладаў за бязьдзеяньне ў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Пасьля амністыі ў 2005 годзе ён зьехаў у Францыю, дзе працягваў займацца навукай. А днямі зарэгістраваў у Летуве грамадзкі рух у абарону рэпрэсаваных у Беларусі.

Навіну пра “прыярытэт” Астравецкай пляцоўкі перад іншымі ён называе працягам “бессыстэмнасьці” ў працэсе пабудовы АЭС. На яго думку, глябальныя пытаньні, якія тычацца лёсу народу, павінныя вырашацца праз рэфэрэндум — што было ў Летуве, калі вырашалася будучыня Ігналіны.

“Я не магу зразумець: чыноўнікі і міністры адразу гавораць з упэўненасьцю пра адно месца, неўзабаве пачынаюцца размовы пра іншае месца. Дык гэта ж прыкмета, гэта дыягназ, сымптом чаго? Перадусім таго, што яны ня ведаюць, што робяць і што ўрэшце хочуць зрабіць. Тут перадусім трэба вызначыцца: дзеля чаго ўсё гэта пачынаецца. Бо французы адмовіліся, амэрыканцы зь японцамі адмовіліся ўдзельнічаць у гэтай будоўлі стагодзьдзя. Дык вызначце спачатку свае пазыцыі з народам, ня трэба сьпяшацца, а то потым такога наробіце, што будзе немагчыма адкруціць назад”, - перакананы Юрась Бандажэўскі.

Так, на пачатковым этапе разглядаліся некалькі варыянтаў міждзяржаўнага супрацоўніцтва для пабудовы АЭС. Міністэрства энэргетыкі накіравала прапановы франка-нямецкай кампаніі “AREVA”, япона-амэрыканскай “Westinghouse-Toshiba” і расейскаму “Росатому”. Кітайская Гуандунская ядзерна-энэргетычная кампанія прапанавала свае паслугі сама. Аднак пасьля ўзгадненьня пазыцый бакоў, як заявіў намесьнік генэральнага дырэктара Аб’яднанага інстытуту ядзерных і энэргетычных дасьледаваньняў Мікалай Груша, асноўная барацьба, відаць, разгорнецца паміж расейцамі і кітайцамі.

Большасьць экспэртаў пры гэтым лічыць, што ўрэшце Беларусь “закальцуе” сябе на сыравіннай залежнасьці ад Расеі. Сьведчаньнем таму — нядаўняя паездка прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага на Балакаўскую АЭС у Саратаўскай вобласьці. Там знаходзіцца навучальна-трэніровачны цэнтар, дзе стажыруюцца расейскія спэцыялісты, прадстаўнікі Ірану, Кітаю, Індыі. Магчыма, і беларускія кадры атрымаюць адпаведныя веды таксама там. Фізык-ядзернік, колішні сябра ўрадавай камісіі ў пытаньнях будаўніцтва АЭС Георгій Лепін больш за 20 гадоў вывучае наступствы аварыі на ЧАЭС і сам 6 гадоў адпрацаваў на станцыі. На расейскі вэктар ён глядзіць гэтак:

“Ну вось выходзіць на першы плян Расея. А ў Расеі няма ўрану, няма паліва. Яна нават для сябе ня можа яго закупіць. Бо краіны, дзе яна яго набывала, ня вельмі зараз рвуцца прадаваць уран. То бок можа атрымацца так, што празь нейкі час гэтая сыравіна стане настолькі дэфіцытнай, што проста бессэнсоўна будзе штосьці будаваць.

У Расеі хапае адпрацаванага паліва, але гэта “ўзбагачанае паліва”. Яно для такога кшталту рэактараў не пасуе. Гэтыя рэактары працуюць на паліве з узбагачэньнем парадку 4%, а там значна больш. І расейцы проста ўвесь час вядуць размовы пра тое, што яго можна пераўтвараць у паліва для рэактараў. Іншымі словамі, альбо разбаўляць чымсьці, альбо будаваць рэактары на хуткіх нэўтронах. Але рэктары на хуткіх нэўтронах ніхто ў сьвеце не будуе, апроч Расеі, якая толькі спрабуе. А колькі спрабавалі, збудавалі ў сьвеце ўсяго 11, дык 5 нават не запусьцілі”, - тлумачыць экспэрт.

Аналітыкі прагназуюць, што папярэдняе рашэньне будаваць АЭС у Астравецкім раёне выкліча рэзка нэгатыўную рэакцыю на Захадзе. Па словах Юрася Банджэўскага, Эўропа паступова адмаўляецца ад атамнай энэргетыкі, і пэрспэктыва атрымаць пад бокам такое суседзтва захапленьня ня выкліча.

“Гэта ўвогуле абсурд. Я не магу казаць, наколькі гэта асэнсаваны выклік міжнароднай супольнасьці, але гэта сапраўды экстраардынарная прапанова. Калі ёсьць жаданьне толькі здавацца экстраардынарным — дык гэта адно. А калі рабіць так, як патрэбна — гэта зусім іншае! Давайце спэцэфэкты прыбяром і будзем працаваць. Наша канфэрэнцыя, мы ўсе прапануем разабрацца ў пытаньні. Ніхто ні на кога не “накатвае”, проста трэба ўсім разумным сілам у Беларусі сесьці за стол і разабрацца. Паколькі сур’ёзнае пытаньне, неабходна сур’ёзнае абмеркаваньне; няхай гэта будзе нават дыскусія, яе баяцца ня трэба.

Вы заўважце: два гады пра гэта гавораць і колькі ўжо на словах месцаў зьмянілі? Чацьвёртая пляцоўка ўжо! Кідаюцца па ўсёй краіне і ня ведаюць, што рабіць. Калі сёньня наконт Астраўца хтосьці такое заяўляе як магчымую гіпотэзу, значыць, структуры, адказныя за гэта, ня ў стане вырашаць такія важныя пытаньні”, - упэўнены спадар Бандажэўскі.

Нагадаем, катлаван пад першую ў Беларусі АЭС мяркуюць пачаць капаць ужо праз год, пры канцы 2009-га. Увод першага энэргаблёку заплянаваны на 2016 год, другога — на 2018-ты. Кошт рэалізацыі праекту, паводле розных ацэнак, вагаецца ад 5 да 10 мільярдаў даляраў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках