Праз «Белую Русь» з Дому літаратара выгналі ўсіх
4
10:20, — Палітыка
Фірмы, якія размяшчаліся на трэцім паверсе Дому літаратара, выселілі, не працягнуўшы з імі дамоваў. Пра гэта стала вядома пасля таго, як старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі атрымаў адказ на ліст, дасланы кіраўніку “Белай Русі” Аляксандру Радзькову.
На канверце з адказам быў напісаны юрыдычны адрас арганізацыі – г. Менск, вул. Фрунзе, 5-205, “Белая Русь”.
Старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў і кіраўнік Літфонду Алесь Пашкевіч паведаміў Еўрарадыё, што Літфонд з будынку выселілі, нават нягледзячы на папярэднюю аплату.
“Дамова не заключаная з намі, хоць у Літфонда была праплата яшчэ на некалькі месяцаў. І фірмы, і грамадскія аб’яднанні, якія размяшчаліся на трэцім паверсе, выселілі, ні з кім не заключылі дамоваў. Паводле звестак супрацоўнікаў гэтага будынку, увесь трэці паверх будзе займаць “Белая Русь”, – кажа Пашкевіч.
Раней з Дому літаратараў, нагадаем, быў выселены Саюз беларускіх пісьменнікаў, большасць сябраў якога апазіцыйна наладжаныя ў дачыненні дзейнай улады.
Старшыня Менскай гарадской філіі “Белай Русі” Міхаіл Батура пацвердзіў, што юрыдычна арганізацыя месціцца па адрасе Фрунзе, 5. Але пакуль у новы будынак не пераязджалі, бо “там рамонт”.
Колькі месца будзе займаць “Белая Русь”, Міхаіл Батура не ведае. Паводле яго слоў, для гарадской арганізацыі вызвалілі адзін пакой у 23 кв. метры.
Цікава, што дырэкцыя Дома літаратара запэўнівае, што нічога пра засяленне “Белай Русі” не ведае. Пакояў, па словах каменданта, для арганізацыі “Белая Русь” не вызвалялі.
Тым часам у будынку на Фрунзе, 5, нягледзячы на працоўны час, усе 10 пакояў, што месцяцца на трэцім паверсе Дома літаратара, зачыненыя. Калідор пустуе, шыльды з дзвярэй знятыя...
Навіны
па тэме




