9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША запатрабуюць ад Беларусі адклікаць сваіх дыпламатаў да 16 траўня?

14

ЗША афіцыйна папярэдзілі Беларусь, што беларуская амбасада ў Вашынгтоне і генеральнае консульства ў Нью-Ёрку могуць быць зачынены, гэтак сама як і амерыканская амбасада ў Менску.

Як паведамляюць крыніцы радыё "Свабода" з Дзярждэпартамента, Злучаныя Штаты запатрабуюць ад Беларусі адклікаць сваіх дыпламатаў з Вашынгтона і Нью-Ёрка да 16 траўня.

Адначасова ідуць пошукі краіны, якая возьмецца прэзентаваць дыпламатычныя інтарэсы Злучаных Штатаў у Беларусі.

Амерыканскі палітолаг, прэзідэнт кампаніі EDK Consulting Элі Кракоўскі кажа, што закрыццё дыпламатычных прадстаўніцтваў і спыненне дыпламатычных зносінаў вельмі рэдкая з'ява ў амерыканскай палітыцы.

"Я лічу, што сітуацыя сапраўды рэдкая. Дзярждэпартамент вельмі не любіць закрываць свае амбасады за мяжой і чужыя амбасады ў сябе з цэлага шэрагу прычынаў. Закрыццё амбасадаў і спыненне дыпламатычных зносінаў - гэта прызнанне таго, што ўсе дыпламатычныя высілкі вычарпаны і не маюць плёну. Закрыццё амерыканскіх амбасадаў, як правіла, бывае выклікана скрайняй нестабільнасцю сітуацыі ў той ці іншай краіне або ўзмацненнем узброенага канфлікту, небяспечным для жыцця амерыканскіх дыпламатаў. Канфлікт з Беларуссю іншага характару. З улікам задзірлівых паводзінаў рэжыму Лукашэнкі, я думаю, поўнае спыненне зносінаў паміж Вашынгтонам і Менскам магчымае. Мне таксама здаецца, што Злучаныя Штаты сваёй цвёрдай пазіцыяй ставяць шырэйшую задачу - паказаць, што з прыгнётам дэмакратыі ў любой краіне свету Белы дом, як і раней, пагаджацца не збіраецца. Праўда, Вашынгтон здзяйсняе больш рашучыя крокі адносна тых краінаў, ад спынення з якімі амерыканскія эканамічныя, палітычныя і партнёрскія адносіны пацерпяць найменшым чынам. Беларусь, цалкам відавочна, у вельмі шчыльных і залежных дачыненнях з Масквой", - кажа Элі Кракоўскі.

На думку палітолага, ад абвастрэння амерыкана-беларускага канфлікту Масква нічога не выйграе. "Расея, падтрымліваючы антыдэмакратычны рэжым Лукашэнкі, выклікае гэткія ж пачуцці, як Кітай, які падтрымлівае ваенную хунту рэспублікі М'янма. Сітуацыя з Беларуссю цалкам не ў інтарэсах Расеі, якая і без таго трапляе пад крытыку з боку Захаду і за дзеянні супраць Грузіі, і за ядзерную супрацу з Іранам, і за паліўны шантаж як блізкіх, так і далёкіх краінаў Еўропы. Той факт, што Злучаныя Штаты яшчэ не падпісалі загад аб зачыненні амбасадаў, сведчыць пра жаданне амерыканскага боку ўсё ж развязаць праблемы ў працоўным парадку, без скрайнасцяў. Калі ж гэта не атрымаецца, я думаю, што дзярждэпартамент, а дакладней сказаць, адміністрацыя прэзідэнта Буша, пайдзе на скрайнія захады".

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках