2 траўня 2024, Чацвер, 9:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чыноўнікі просяць каталікоў не галадаць, але касцёл святога Язэпа не вяртаюць

1

Кіраўнік аддзела па справах рэлігіяў Апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Аляксандр Калінаў увечары 10 верасня сустрэўся з вернікамі, якія праводзілі чарговую малітву ля будынку касцёла за вяртанне святыні. З 19 сакавіка 2005 года такія малебны праводзяцца штодня.

- Каля гэтага касцёла мы стаім ўжо тры з паловай года. Просім ва ўладаў аб адным — каб вярнулі нам нашую святыню, якая была забраная яшчэ царом. Ужо столькі рэжымаў памянялася, а пытанне станоўча не вырашаецца, -- распавяла БелаПАН супольніца Менскай рымска-каталіцкай супольнасці святога Язэпа Івона Мацукевіч.

Чыноўнік заклікаў іх спыніць бестэрміновы пост.

- Аляксандр Калінаў матываваў сваю прапанову клопатам аб нашым здароўі. На нашу заяву аб спыненні паста толькі пасля вяртання святыні вернікам чыноўнік адказаў, што дзяржава не можа гэта зрабіць з-за адсутнасці прыдатнага памяшкання для архіваў, якія размяшчаюцца ў будынку касцёла, — сказала Мацукевіч. - Мы, у сваю чаргу, нагадалі службоўцу, што будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі быў збудаваны за два гады, а мы стаім ля сценаў свайго храма ўжо тры з паловай гады.

Касцёл і кляштар былі сканфіскаваныя ў 1864 годзе ўладамі Расейскай імперыі пасля падаўлення нацыянальна-вызвольнага паўстання супраць расейскага царызму пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. На працягу наступных 144 гадоў дзяржава бясплатна карысталася комплексам, пабудаваным на сродкі вернікаў. У будынку касцёла размяшчаюцца Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі і Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва.

Летась пад зваротам да кіраўніка дзяржавы за вяртанне кляштара вернікам было сабрана больш за 30 тысячаў подпісаў. Збор подпісаў пачаўся пасля таго, як стала вядома аб планах Менгарвыканкама перадаць будынкі святыні фундатарам для іх прыстасавання пад гасцінічны комплекс і аб'екты гандлёва-пабытовага прызначэння.

З 19 сакавіка 2005 года вернікі штодня праводзяць тут малебны за вяртанне будынкаў кляштара з касцёлам — помнікам архітэктуры барока XVII стагоддзя. Акрамя таго, 47 вернікаў з Менску і гарадскога пасёлка Івянец Валожынскага раёна Менскай вобласці ўдзельнічаюць у пасце за вяртанне вернікам святыні.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках