27 красавiка 2024, Субота, 1:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прагнозы на 2010 год: Падзеі, якія могуць змяніць свет

66

Часопіс «Newsweek» публікуе спіс галоўных падзеяў, якія адбудуцца ці могуць адбыцца ў 2010 годзе.

Журналісты чакаюць пераваротаў у Пакістане і Венесуэле, крызісаў у Кітаі і Еўропе, абвалу фунта стэрлінгаў, росквіту Бразіліі.

Нарошчванне кантынгенту ЗША у Аўганістане будзе эфектыўным, лічаць аналітыкі «Newsweek». У поспех укідвання падмацаванняў у Ірак, распачаты ў 2007 годзе, таксама мала хто верыў, але паступова колькасць нападаў і ахвяраў сярод мірных грамадзянаў пачала зніжацца. Арыентацыя на абарону насельніцтва дапаможа амерыканцам схіліць на свой бок афганцаў, спадзяецца часопіс.

На другім месцы ў спісе прагнозаў - эканамічны калапс Кітая. Лёгкія грошы перагрэлі кітайскія рынкі акцыяў і нерухомасці, на небяспеку гэтай сітуацыі паказваюць нават афіцыйныя асобы Пекіна. Калі бурбалкі лопнуць (асабліва ў спалучэнні з банкаўскім крызісам, гандлёвай вайной ці запавольваннем тэмпаў росту ў Кітаі), па свеце пракоціцца хваля дэфляцыі, якая дэстабілізуе, мяркуе выданне.

У Пакістане ізноў адбудзецца ваенны пераварот, лічыць часопіс. Прэзідэнт Асіф Алі Зардары не папулярны ў насельніцтва, а таксама ва уласных міністраў і арміі. Пакістанскія вайскоўцы яшчэ менш, чым цяперашні рэжым, схільныя скарацца волі Вашынгтона, а такім чынам, у ЗША з'явіцца яшчэ адзін няўжыўчывы партнёр па вайне ў Аўганістане.

Уга Чавес у 2010 годзе таксама будзе зняты пучыстамі, сцвярджае выданне, прадказваючы Венесуэле гіперінфляцыю, эканамічны калапс і разгул злачыннасці. «Свежае малако, ялавічына і вентылятары стануць прадметамі раскошы, а звычку штодня прымаць душ Чавес абвесціць буржуйскай распешчанасцю», - піша часопіс. Насельніцтва перастане падтрымліваць прэзідэнта, і вайскоўцы возьмуць уладу.

У Еўропе нацыянальныя і рэлігійныя меншасці паўстануць супраць расісцкай палітыкі ўладаў - напрыклад, забароны будаваць мінарэты ў Швейцарыі. Асабліва гэта верагодна ў Францыі, дзе хваляванні сярод мусульманаў толькі на руку шмат якім палітыкам.

Супраць Ірана будуць уведзеныя міжнародныя санкцыі, чакае Newsweek, тлумачачы, што рэжым Ахмадзінежада зараз не схільны да перамоваў і кампрамісаў. Насельніцтву прыйдзецца рабіць пакупкі на чорным рынку, што толькі ўзмоцніць пазіцыі Вартаўнікоў ісламскай рэвалюцыі, якія кантралююць кантрабанду.

«Новым Кітаем» зробіцца Бразілія, мяркуе часопіс. У 2010 годзе іншыя краіны БРІК моцна адстануць ад яе. Уласна, Расея даўно сышла з дыстанцыі: злавесныя аўтарытарныя тэндэнцыі Пуціна адпужалі замежныя інвестыцыі. Бяда Індыі - яе нестабільныя суседзі, а ў Кітаі перагрэты рынак і будзе экалагічная катастрофа.

У Вялікабрытаніі торы атрымаюць «піраву перамогу» . На думку журналістаў, на парламенцкіх выбарах кансерватары не атрымаюць абсалютнай большасці галасоў і паняволі ўтвораць кааліцыю з ліберал-дэмакратамі, што перашкодзіць прапіхнуць хваравітыя меры, неабходныя для пагашэння каласальнага знешняга доўгу. Фунт стэрлінгаў абваліцца, і ў краіне пачнецца сур'ёзная рэцэсія.

Еўропу чакае новы фінансавы крызіс, прагназуе выданне. На гэты раз ён закране запазычанасці дзяржаваў і ў горшым выпадку небяспечны дэфолтам. Краіны зоны еўра не могуць звярнуцца да такіх інструмантаў, як павелічэнне грашовай масы ці дэвальвацыя нацыянальнай валюты.

Фідэль Кастра памрэ, і адносіны паміж ЗША і Кубай палепшацца, вымалёўваеNewsweek яшчэ адзін сцэнар. Улада пяройдзе да Раўля Кастры, які дзеля эканамічнай выгады ад сувязяў з ЗША змякчыць антыамерыканскую рыторыку. Адміністрацыя Абамы ахвотна пойдзе на збліжэнне, і да канца года дзяржсакратар Клінтан абвесціць праграму нармалізацыі адносінаў з Гаванай да 2013 года.

Напісаць каментар 66

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках