15 траўня 2024, Серада, 8:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы заклікалі Салану «выразна і недвухсэнсоўна» патрабаваць ад уладаў Беларусі рэформаў

2

Міжнародная федэрацыя правоў чалавека заклікае Хаўера Салану запатрабаваць ад беларускіх уладаў рэформаў у сферы СМІ.

Некалькі міжнародных журналісцкіх і праваабарончых арганізацыяў, у тым ліку і Міжнародная федэрацыя журналістаў, асацыяваным сябрам якой з'яўляецца ГА «БАЖ», звярнуліся да генеральнага сакратара Рады Еўропы Хаўера Саланы, які знаходзіцца з візітам у Менску.

У сваім звароце яны просяць Х. Салану «выразна і недвухсэнсоўна запатрабаваць ад беларускіх уладаў правесці рэальныя і кардынальныя рэформы ў сферы СМІ і неадкладна зрабіць усё неабходнае, каб у краіне была ўсталяваная свабода прэсы, а журналістам гарантаванае права працаваць незалежна і без палітычнага прэсінгу».

Пад зваротам падпісаліся Эйдан Уайт, генеральны сакратар МФЖ, Еспер Хейберг, выканаўчы дырэктар International Media Support, а таксама Роберт Хорд, генеральны сакратар Шведскага Хельсінкскага камітэта.

Раніцай 19 лютага старшыня ГА «БАЖ» Жана Літвіна падчас сустрэчы з Хаўерам Саланам асабіста перадала еўрачыноўніку гэты зварот.

17 лютага МФЖ накіравала таксама зварот да беларускіх уладаў з заклікам «правесці радыкальныя рэформы ў галіне сродкаў масавай інфармацыі і адмовіцца ад стратэгіі, якую вызначае спрэчны новы закон “Аб СМІ”, што ўступіў у сілу 8 лютага».

«Беларускім СМІ патрэбная рэформа, а не новы закон, які яшчэ мацней «закручвае гайкі» незалежным СМІ», — адзначыў генеральны сакратар МФЖ Эйдан Уайт. Міжнародная федэрацыя журналістаў заяўляе, што нават тыя «невялікія паслабленні, якія былі ўведзеныя ў закон у апошні момант», а таксама вяртанне двух незалежных газетаў у дзяржаўную сістэму распаўсюду, не змянілі існуючай рэчаіснасці.

«У Еўропе няма краіны, дзе на журналістаў бы аказваўся такі ціск, як у Беларусі», — падкрэсліваецца ў заяве. МФЖ выказвае словы падтрымкі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» у яе закліках да рэфармавання медыя-прасторы. На думку міжнароднай арганізацыі, якая аб'ядноўвае 600 тысячаў журналістаў з больш як 100 краінаў свету: «Еўрапейскі Звяз абавязаны паставіць нармалізацыю адносінаў з Беларуссю ў залежнасць ад сапраўдных імкненняў краіны да свабоды слова».

Старшыня ГА «БАЖ» Жана Літвіна, каментуючы заяву Міжнароднай федэрацыі журналістаў, адзначыла: «Сёння, калі сталі выяўляцца прыкметы пэўных зрухаў у сферы свабоды слова ў Беларусі, для нас вельмі важная падтрымка аўтарытэтных міжнародных арганізацыяў, адчуваць сябе часткай сусветнай журналісцкай супольнасці».

«Калі прымаўся новы закон “Аб СМІ” шматлікія міжнародныя арганізацыі звярталіся да беларускіх уладаў, у тым ліку і да прэзідэнта краіны, з заклікам не прымаць і не падпісваць гэты закон. Тады меркаванне міжнароднай медыясупольнасці было фактычна праігнаравана. Спадзяемся, што сёння голас міжнародных экспертаў будзе пачуты беларускай уладай. Гэта стане чарговым тэстам на гатоўнасць кіраўніцтва краіны да рэальнага дыялогу», — лічыць старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках