4 траўня 2024, Субота, 5:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінюст не зарэгістраваў «Нашу Вясну» з прычыны «няправільнай назвы»

4

28 траўня сузаснавальнікі Грамадскага праваабарончага аб’яднання «Наша Вясна» атрымалі рашэнне Міністэрства юстыцыі «Аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі грамадскага аб’яднання».

Праваабаронцы лічаць падставы для адмовы ў рэгістрацыі незаконнымі, паведамляе старонка spring96.org.

На гэты раз у афіцыйным лісце за подпісам намесніка міністра А.М.Бодак мінюст у якасці падстаў для адмовы ў рэгістрацыі грамадскага праваабарончага аб’яднання прыводзіць наступныя аргуманты:

«Многія з заснавальнікаў ГПА прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, многія з іх неаднаразова, у тым ліку за правапарушэнні, звязаныя з парушэннем грамадзкага парадку, а таксама праў і свабодаў іншых асобаў», а таксама «маюцца прыклады ўзбуджэння крымінальных спраў у адносінах да пэўных заснавальнікаў ГПА»;

«У спісе заснавальнікаў ГПА ўказаныя звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці або з’яўляюцца скажонымі і тычацца шэрага асоб»;

«Другая частка назвы ГПА («Наша Вясна») не адпавядае статуту гэтай арганізацыі».

Таксама мінюст абвінавачвае кіраўніцтва ГПА і іншых прадстаўнікоў арганізацыі ва «учыненні перашкодаў» рэгістравальнаму органу пры ажыццяўленні праверкі дакладнасці дакументаў, прадстаўленых для рэгістрацыі».

«На гэты раз мінюст у сваім лісце пра адмову ў рэгістрацыі ўказаў падставы, якія нам цяжка нават каментаваць, бо мы не разумеем, пра што там гаворыцца. Цяжка каментаваць, напрыклад, сцверджанне пра тое, што назва нашага аб’яднання не адпавядае Статуту. Магу сказаць, што фактычна ўсе гэтыя заўвагі, выкладзеныя Міністэрствам юстыцыі - як то нібыта супрацьдзеянне з нашага боку праверкам дакументаў, юрыдычнага адраса і г. д. - не грунтуюцца на Законе Рэспублікі Беларусь «Аб грамадскіх аб’яднаннях» і не з’яўляюцца падставай для адмовы у рэгістрацыі аб’яднання», - кажа адзін з сузаснавальнікаў «Нашай Вясны» Валянцін Стэфановіч.

Трэба зазначыць, што Міністэрства юстыцыі ужо ў трэці раз пры адмове праваабаронцам у рэгістрацыі спасылаецца на тое, што заснавальнікі і сябры аб’яднання неаднаразова прыцягваліся да адміністратыўнай адказнасці.

«Пра гэта было напісана і ў 2007 годзе, і пры папярэдняй адмове, і зараз зноў пішуць тое сама. Гэта пры тым, што суд ужо двойчы не прыняў гэтыя факты як законную падставу для адмовы ў рэгістрацыі, паколькі наш закон такіх падставаў не ўтрымлівае. Навошта гэта робіцца? Я мяркую, што толькі з адной мэтай – каб дэскрыдытаваць праваабаронцаў у вачах беларускай грамадскасці», - лічыць Валянцін Стэфановіч.

Прадстаўнікі незарэгістраванага аб’яднання лічаць рашэнне мінюста палітычна матываваным.

«Бачна, што ўсе падставы, акалічнасці, выкладеныя мінюстам, высмактаныя з пальца. Яны абсалютна надуманыя і будуюцца на домыслах, як, напрыклад, аргумент пра назву аб’яднання, што раней у судовых працэсах нават не гучала. Абсалютна зразумела тое, што рэгістравуальны орган робіць усё магчымае, каб такая праваабарончая арганізацыя, як наша, у Беларусі не існавала ў легальным статусе. Таму, безумоўна, гэта чыстай вады палітычная замова, палітычна матываванае рашэнне», - адзначае законны прадстаўнік інтарэсаў заснавальнікаў «Нашай Вясны» юрыст Уладзімір Лабковіч.

Такое ж меркаванне выказвае і старшыня аб’яднання Алесь Бяляцкі, адзначаючы, што нерэгістрацыя праваабарончых аб’яднанняў – яскравы паказнік рэальнай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.

«Мне абсалютна не зразумелыя прычыны адмовы ў рэгістрацыі, бо ўсе прэтэнзіі мінюста не маюць нічога агульнага з аб’ектыўнай рэчаіснасцю і больш нагадваюць нейкі кепска арганізаваны брэд. Улічваючы такую поўную фармальнасць пры адмове ў рэгістрацыі, адназначна бачыцца палітычная замова. Упартая нерэгістрацыя праваабарончага аб’яднання на працягу трох гадоў – гэта ёсць дыскрымінацыя грамадзянаў Беларусі і адмаўленне ім у праве на асацыяцыю. І тое, што ўлады баяцца рэгістраваць новыя праваабарончыя арганізацыі, ёсць паказальнік таго, што ў краіне яшчэ вельмі далёка да паляпшэння сітуацыі з дэмакратыяй, з правамі чалавека. І, нягледзячы на адмову, мы, праваабаронцы, збіраемся працягваць сваю працу», - паведаміў Алесь Бяляцкі.

У адпаведнасці з законам, праваабаронцы збіраюцца абскардзіць рашэнне Міністэрства юстыцыі ў Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь. Таксама, як ўжо неаднаразова заяўлялася, з улікам усіх трох адмоваў у рэгістрацыі праваабарончага аб’яднання будзе пададзена скарга ў Камітэт па правах чалавека ААН.

«Мы лічам, што адбываецца сістэмная дыскрымінацыя заснавальнікаў і сябраў ПЦ «Вясна», адносна парушэння правоў якіх падчас ліквідацыі аб’яднання ёсць адпаведнае рашэнне Камітэта па правах чалавека. Ад уладаў Камітэт патрабаваў аднаўлення ў правах заснавальнікаў аб’яднання. Але мы бачым, як гэтае патрабаванне выконваецца: трэцяя арганізацыя, якую мы спрабуем зарэгістраваць, Міністэрства юстыцыі не рэгіструе», - нагадвае Валянцін Стэфановіч.

Так, гэта была трэцяя спроба зарэгістраваць праваабарончае аб’яднанне «Вясна» - зараз пад новай назвай «Наша Вясна». Раней Мінюст адмаўляў у рэгістрацыі двойчы: у 2007 і 2009 годзе. Апошняя адмова на рэгістрацыю была атрыманая 26 лютага бягучага году. Праваабаронцы аспрэчвалі гэтае рашэнне ў Вярхоўным Судзе. 22 красавіка Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь пакінуў без задавальнення скаргу заснавальнікаў ГПА «Наша Вясна» на рашэнне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках