24 красавiка 2024, Серада, 10:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Звяз беларусаў Нямеччыны пратэстуе супраць правядзення вучэнняў «Захад-2009»

21

Беларуская дыяспара за мяжой лічыць, што ўвядзенне двух расейскіх арміяў нясе ў сабе пагрозу акупацыі Беларусі.

Як кажацца ў заяве грамадскага аб'яднання беларускіх эмігрантаў, расейскія войскі, якія плануецца прыцягнуць для ўдзелу ў вучэннях, «па колькасці салдатаў, баявой і тэхнічнай моцы перавышаюць усю беларускую армію», паведамляе БелаПАН.

«Штатны расклад 58-й расейскай арміі, якая ўдзельнічала ў леташнім канфлікце з Грузіяй, — гэта 80.000 вайскоўцаў, 609 танкаў, 380 установак «Град», 120 самалётаў, 2.000 БМП і БТР, 70 верталётаў, 125 мінамётаў і гарматаў, 450 зенітных сістэмаў», — адзначыў старшыня звяза Яўген Мурашка.

«Узнікае пытанне: дзеля чаго патрэбная такая колькасць замежных войскаў на нашай тэрыторыі? «Звяз беларусаў Нямеччыны» лічыць, што правядзенне вучэнняў у такім складзе патэнцыйна нясе ў сабе пагрозу акупацыі Беларусі. Дастаткова справакаваць любы інцыдэнт з удзелам расейскіх вайскоўцаў, каб расейская армія засталася ў Беларусі назаўжды на падставе забеспячэння бяспекі расейскіх грамадзянаў», — лічыць Мурашка.

Засноўваючыся на Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі 1991 года «Звяз беларусаў Нямеччыны» выказвае пратэст «небяспечным ваенным гульням і заклікае дамагацца непрызнання дамовы аб правядзенні ваенных вучэнняў «Захад-2009».

На думку актывістаў арганізацыі, Лукашэнка таксама павінен адмовіцца ад дамоваў у межах АДКБ, удзелу ў стварэнні адзінай супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расеі. «Мы не бачым ніякай пагрозы Беларусі з боку НАТА, і таму Расея павінна сама абараняць сваю паветраную тэрыторыю. Нам не трэба, каб ракеты ЗША і НАТА былі нацэленыя на Беларусь», — заявіў лідэр звяза.

Мурашка падкрэсліў, што беларускія эмігранты ў Нямеччыне выступаюць «супраць любых праектаў, як з Усходу, так і з Захаду, у якіх Беларусь разглядаецца як аб'ект уплыву». «Мы — за супрацоўніцтва ў будучыні, калі Беларусь стане паважаным суб'ектам міжнародных адносінаў», — заявіў ён.

Нагадаем, што падчас вучэнняў «Захад-2009» Расея мае намер увесці ў Беларусь 2 арміі ў поўным складзе.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках