19 траўня 2024, Нядзеля, 15:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генпракурор Беларусі: Мы не выдадзім Літве генерала Усхопчыка

36
Генпракурор Беларусі: Мы не выдадзім Літве генерала Усхопчыка

Рыгор Васілевіч заяўляе, што для выдачы літоўскаму боку Уладзіміра Усхопчыка няма прававых падставаў.

«Прававых і юрыдычных падставаў для выдачы Літве генерала Усхопчыка няма», - заявіў Васілевіч на прэс-канферэнцыі ў Менску, адказваючы на пытанне агенцтва «Інтэрфакс».

Пры гэтым ён падкрэсліў, што «згодзен з пазіцыяй прэзідэнта Літвы» Далі Грыбаўскайтэ, якая на мінулым тыдні пракаментавала гэтую тэму.

Гэта паўторная адмова беларускага боку на запыт пракуратуры Літвы выдаць генерала Усхопчыка. Са спасылкай на Генпракуратуру Літвы раней паведамлялася, што ёю быў атрыманы адказ з Генпракуратуры Беларусі, у якім сказана, што Літве не будзе аказаная дапамога па справе 13 студзеня. Паўторны зварот з просьбай выканаць адпаведныя працэсуальныя дзеянні ў дачыненні да падазраваных У.Усхопчыка і С.Юанене ў Беларусь быў высланы восенню 2009 года».

Літоўскія СМІ, спасылаючыся на Генпракуратуру Літвы, паведамляюць, што «беларуская Генпракуратура паўтарыла сваю пазіцыю пра тое, што дзейнасць падазраваных яна ацэньвае па законах, якія дзейнічалі ў той час - законах СССР - як імкненне абараніць канстытуцыйны лад той дзяржавы і яго тэрытарыяльную цэласнасць, і з гэтай прычыны не можа аказаць прававую дапамогу».

У сваю чаргу прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ ў інтэрв'ю Літоўскаму радыё заявіла, што ў Літвы няма юрыдычнай падставы патрабаваць экстрадыцыі з Беларусі Усхопчыка. «У мяне ёсць высновы з нашай пракуратуры, а ў іх - тое, пра што пракуратура публічна не кажа. Да прыкладу, адзін сказ, які мяне вельмі зацікавіў: «У Літвы няма юрыдычнай падставы паводле двухбаковай дамовы, якая дзейнічае, патрабаваць экстрадыцыі Усхопчыка, грамадзяніна Беларусі». Калі дамова не прадугледжвае такую магчымасць, дык чым пракуратура займалася 20 гадоў? Імітавала працу? Пасылала просьбы, ведаючы пра тое, што грамадзяніна па гэтай дамове не выдадуць?», - цытуюць літоўскага прэзідэнта прыбалтыйскія СМІ.

Па словах Грыбаўскайтэ, у гэтых умовах, калі экстрадыцыя немагчымая паводле дамовы, яна будзе шукаць выйсце з сітуацыі, якая склалася, шляхам палітычнага дыялогу.

У той жа час, як паведамляў сайт charter97.org, 13 студзеня МЗС Літвы ўручыў Беларусі ноту ў сувязі з адмовай аказаць юрыдычную дапамогу ў справе генерала Усхопчыка. У ноце сцвярджаецца, што прыведзеная Генпракуратурай Беларусі падстава не адпавядае двухбаковым пагадненням.

Міністр замежных справаў Літвы - у сувязі з гэтым адзначыў, што «абяцанне Аляксандра Лукашэнкі супрацоўнічаць з Літвой у расследаванні асабліва важнай для нашага народа справы 13 студзеня, дадзенае ім падчас візіту ў Вільні, не выкананае».

«Міністэрства замежных справаў у супрацоўніцтве з Генеральнай пракуратурай прыкладзе ўсе высілкі дзеля таго, каб крымінальны пераслед быў працягнуты. Спадзяемся, што Беларусь будзе ацэньваць правасуддзе не па законах таталітарнай дзяржавы, якая існавала калісьці – дзяржавы, якая прынесла шмат шкоды, пакутаў і ахвяраў самім грамадзянам Беларусі, а кіравацца прынцыпамі павагі правоў чалавека, дэмакратыі і добрасуседства», - сказаў Вігаўдас Ушацкас.

Генерал Уладзімір Усхопчык узначальваў Віленскі гарнізон падчас падзеяў 13 студзеня 1991 года. Пры спробе савецкіх вайскоўцаў захапіць віленскую тэлевежу загінула 14 мірных жыхароў і больш за 1000 чалавек пацярпелі. Адзін час Усхопчык займаў пасаду намесніка міністра абароны Беларусі.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках