9 траўня 2024, Чацвер, 4:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За патрабаванне альтэрнатыўнай службы – крымінальны пераслед

У Беларусі праходзяць судовыя паседжанні адразу па дзвюх крымінальных справах супраць прызыўнікоў, якія запатрабавалі праходжання альтэрнатыўнай службы ў арміі.

12 траўня ў Цэнтральным судзе Гомеля быў адноўлены разгляд дзвюх крымінальных справаў супраць верніка супольнасці «Сведкі Іеговы» Дзмітрыя Смыка і актывіста стваранай партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Яўгена Якавенкі. Як нагадвае «Радыё Свабода», абодва яны абвінавачваюцца ва ўхіленні ад вайсковай службы.

Суды адначасова распачаліся ў дзвюх розных залах. Гэты ўжо паўторны разгляд справаў супраць маладых людзей, якія прасілі альтэрнатыўнай службы. Дзмітры Смык - з рэлігійных перакананняў, Яўген Якавенка - з прычыны адмовы ваенкамата мець стасункі з ім на роднай беларускай мове і адсутнасці магчымасці служыць у беларускамоўным вайсковым падраздзяленні.

«Мяне абвінавачваюць у тым, што я перашкодзіў медкамісіі вынесці рашэнне аб маёй прыгоднасці да службы. Я не з'явіўся ў ваенкамат па позве 20 студзеня. Позва мне фактычна выдадзеная не была, і я не разумею, чаму супраць мяне завялі крымінальную справу», -- заяўляе Якавенка.

Нагадаем, што папярэдняя адміністрацыйная справа супраць Якавенкі развалілася. Савецкі раённы суд аштрафаваў актывіста БХД за нібыта нез'яўленне ў ваенкамат па позве 29 снежня. Але абласны суд адмяніў прысуд, паколькі насамрэч Яўген Якавенка позву не атрымаў - ваенкамат чамусьці не змог выпісаць прызыўніку позву на беларускай мове.

Пакуль актывіст «адбіваўся» ад адміністрацыйнай справы, ваенкамат ініцыяваў супраць яго крымінальную. Абвінавачванне падтрымала пракуратура Цэнтральнага раёна. Гэтым разам - за нез'яўленне на так званыя «мерапрыемствы прызыву» 20 студзеня, хоць ваенкамат ізноў не выпісаў Якавенку позву на беларускай мове. Гэта, па сутнасці, пацвердзіў на судзе і начальнік аддзела прызыву, падпалкоўнік Алег Бурсевіч.

У Дзмітрыя Смыка сітуацыя таксама нагадвае тэатр абсурду. Ён як малады бацька набожнай сям'і не адмаўляецца выканаць свой абавязак перад дзяржавай, але хоча гэта зрабіць на альтэрнатыўнай аснове - такое права яму гарантуе Канстытуцыя. Аднак супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу, і суд Цэнтральнага раёна аштрафаваў верніка на 3,5 мільёна рублёў.

Згодна з пратэстам Вярхоўнага суда, прэзідыум Гомельскага абласнога суда прысуд адмяніў і накіраваў справу на новы разгляд іншаму суддзі. Гэтым разам - Алене Цялковай.

Сведка з боку адказчыка Сяргей Печкуроў пацвердзіў учора на судзе, што Дзмітры Смык шчыра прытрымваецца абавязальніцтваў, узятых на сябе перад Богам. Стаўленне вернікаў да службы ў арміі сведка выказаў словамі са Святога Пісання: хто ўзняў меч, той ад мяча і загіне.

Падпалкоўнік Алег Бурсевіч выступіў сведкам і на судзе супраць Смыка. Са словаў Бурсевіча, ваенкамат ведае пра рэлігійныя перакананні прызыўніка яшчэ з 2007 года. Тады вернікаў не накіроўвалі ў армію - такое было ўказанне генеральнага штаба Міністэрства абароны.

Летась ваеннае ведамства, не маючы закона аб альтэрнатыўнай службе, вырашыла накіроўваць нават і вернікаў у транспартныя войскі. Выглядае, што гэта і спарадзіла канфлікт і крымінальны пераслед прызыўніка.

Назіральнік Беларускага Хельсінскага камітэта на судзе, выкладчык рэлігіязнаўства ўніверсітэта імя Скарыны Віктар Адзіночанка лічыць, што крымінальны пераслед прызыўнікоў - гэта вынік старых савецкіх падыходаў да новых рэаліяў.

«Дзяржава імкнецца дзейнічаць старымі савецкімі метадамі - шляхам забаронаў, рэпрэсіяў і г.д. Цяпер гэтыя метады відавочна не дзейнічаюць. Улады баяцца, што прыняцце закона аб альтэрнатыўнай службе, які, дарэчы, нібыта рыхтуецца, прывядзе да таго, што шмат хто з маладых людзей пачне адмаўляцца ад службы ў арміі. Баяцца стварыць прэцэдэнты. Баяцца, што гэта разбурыць абараназдольнасць краіны. Гэта глупства! Наколькі вядома, толькі адзінкі адмаўляюцца служыць у арміі з прычыны рэлігійных перакананняў», -- адзначыў выкладчык.

Апошняе паседжанне суда супраць Яўгена Якавенкі прызначанае на 19 траўня. Разгляд крымінальнай справы супраць Дзмітрыя Смыка працягнецца 25 траўня.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках