9 траўня 2024, Чацвер, 15:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Моладзь прапанавала свой закон аб альтэрнатыўнай службе (Фота)

6
Моладзь прапанавала свой закон аб альтэрнатыўнай службе (Фота)

Згодна з прапанаваным законам, прызыўнік будзе не служыць, а працаваць ва ўстановах, звязаных з медыцынай, экалогіяй і сацыяльнай абаронай.

Моладзевыя арганізацыі, сярод якіх «Грамадзянскі форум», «Маладыя дэмакраты», «Рух Будучыні» і «Малады Фронт», а таксама праваабаронцы прэзентавалі ў Менску сваю прапанову ўрадавай міжведамаснай групе, якая распрацоўвае закон аб альтэрнатыўнай службе, перадае «Еўрарадыё».

На думку маладых людзей, альтэрнатыўная служба павінна доўжыцца не больш за 27 месяцаў, а для прызыўнікоў з вышэйшай адукацыяй – паўтара гады. Служыць «альтэрнатыўнікі» павінны ў арганізацыях, дзейнасць якіх звязаная з сацыяльнай абаронай, аховай здароўя, абаронай навакольнага асяроддзя, адукацыяй, дабрачыннасцю.

Якраз сацыяльнай і экалагічнай сферам часцяком надаецца недастаткова ўвагі, а альтэрнатыўная служба можа дапамагчы ў гэтым, упэўненыя моладзевыя актывісты. Дарэчы, яны правялі спецыяльны маніторынг – даслалі дзвюм тысячам установаў медыцынскай і сацыяльнай сферы пытанне, ці спатрэбіліся б ім людзі, якія будуць праходзіць альтэрнатыўную службу. З іх больш за 60 адказалі станоўча.

«Я лічу, што гэтая лічба нармальная для краіны, дзе ідэя альтэрнатыўнай службы абсалютна новая. Некаторыя прадпрыемствы ўважліва пачыталі, падумалі, вырашылі, што ім гэта трэба. А хтосьці проста зрабіў адпіску, паглядзеў наверх, і напісаў, што не трэба», - сказаў лідэр «Маладых дэмакратаў» Міхаіл Пашкевіч.

Міхаіл адзначае, што ўвосень 2009 года адбыўся карэнны пералом у пытанні аб альтэрнатыўнай службе пасля судоў над Дзмітрыем Смыкам, Яўгенам Якавенкам, Андрусём Цянютам і Іванам Міхайлавым, якія патрабавалі «альтэрнатыву».

«Гэтыя судовыя справы ўнеслі карэнны пералом у кампанію. Бо гэта былі канкрэтныя асобы, для іх і павінен прымацца адпаведны закон. Гэтыя людзі прасілі, дамагаліся, настойвалі і не ламаліся», - адзначыў Пашкевіч.

Моладзевыя арганізацыі таксама прапануюць, каб на альтэрнатыўную службу камісіі прызывалі юнакоў, улічваючы як іх стан здароўя, адукацыю, так і іх уласнае жаданне, адзначае прадстаўнік «Руху будучыні» Вячаслаў Дыянаў:

«Усе мы розныя, са сваімі абставінамі, і гэта трэба ўлічваць. У тым ліку, асабістыя пажаданні – гэта вельмі важны фактар. Калі хтосьці не хоча, скажам, у хоспісе працаваць, не варта яго прымушаць працаваць менавіта там».

Прапануецца, што падчас альтэрнатыўнай службы прызыўнік будзе атрымліваць зарплату і прэміі, а ўвесь тэрмін уключаць у працоўны стаж.

«З гэтага моманту ў чалавека з'яўляецца працоўная дамова, і ён становіцца нічым не горш іншых супрацоўнікаў арганізацыі, а можа нават у больш выгодных умовах», - кажа Пашкевіч.

Альтэрнатыўная служба – альтэрнатыва вайсковай службы ў арміі ў выглядзе працоўнай дзейнасці на карысць грамадства, калі выкананне вайсковых абавязкаў супярэчыць рэлігійным, філасофскім, маральна-этычным і іншым перакананням чалавека.

Права грамадзяніна на замену вайсковай службы альтэрнатыўнай прадугледжвае артыкул 57 Канстытуцыі, а само права на праходжанне альтэрнатыўнай службы вынікае з артыкулаў Канстытуцыі аб свабодзе перакананняў (арт. 33) і свабодзе веравызнання (арт. 31). Самога закона, які б рэгламентаваў альтэрнатыўную службу, няма.

1 верасня ўрад падасць на абмеркаванне «парламента» праект закона аб альтэрнатыўнай службе. Мяркуецца, што ў верасні-кастрычніку пройдзе міжнародная экспертыза закона пад эгідай АБСЕ.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках