8 траўня 2024, Серада, 19:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У бальніцах не хочуць лекаваць імпартнымі прэпаратамі?

39

У інтэрнэце з'явіліся заўвагі з абурэннямі з-за таго, што пацыентам ў шпіталях не дазваляюць выкарыстоўваць замежныя лекі, набытыя за свае грошы.

Як перадае «Еўрарадыё», адна жанчына распавяла гісторыю пра тое, як яе блізкага сваяка лекавалі ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі ў Бараўлянах. Паводле яе словаў, усе прэпараты, якімі карысталіся дактары, былі айчыннай вытворчасці. Але на пытанне жанчыны, ці можа яна набыць і прынесці неабходныя лекі замежнай вытворчасці, ёй нібы адказалі катэгарычнай адмовай - матывуючы тым, што ў шпіталі павінны карыстацца сваімі лекамі, да таго ж абавязкова беларускімі.

Як высветлілася, практыка, калі пацыентам бальніцы дактары не дазваляюць самім прыносіць замежныя лекі і адмаўляюцца іх прымаць, сапраўды ўжываецца ў айчыннай медыцыне. Пра гэта распавяла загадчыца аддзялення хіміятэрапіі Менскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера Ірына Павуля:

«Гэта вельмі доўгатэрміновае пытанне - чаму мы так робім. Але такое магчыма. Гэта не наша ініцыятыва. Гэта... магчыма. А больш ніякіх каментароў».

Але як кажа дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Аркадзь Ларыёнаў, гэта не адпавядае рэчаіснасці.

«Звычайна мы не адмаўляем пацыентам, калі яны прыносяць свае лекі, якія ў нас зарэгістраваныя і прымяняюцца ў рэспубліцы. Калі мы лічым, што яны сапраўды дапамагаюць і патрэбныя, то мы выкарыстоўваем іх. Але ў шэрагу выпадкаў гэты прэпарат можа быць шкодны пацыенту, але яны могуць настойваць на яго ўжыванні. У такіх выпадках адмаўляе, безумоўна, лекар», - кажа Ларыёнаў.

У тым, што пацыенту не маглі адмовіць у прымяненні прынесеных ім замежных лекаў, запэўніла і прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Вольга Шульпіна:

«Не, натуральна. Гэта з серыі «адна бабка сказала». Ёй такія вось усе навокал сволачы забаранілі! Вы самі ў гэта верыце?»

Нягледзячы на ўсю парадаксальнасць сітуацыі, даўно вядома пра праграму імпартазамяшчэння ў медыцыне. Існуе нават зацверджаны міністрам аховы здароўя пералік прэпаратаў, якія дактары ў паліклініках могуць выпісваць хворым па «льготных» рэцэптах. І адхіліцца ад яго вельмі складана. Пра гэта «Еўрарадыё» распавёў Андрэй, хірург адной са сталічных бальніц:

«Што тычыцца ільготнікаў, то ў нас ёсць пэўны загад - што можна выпісваць, а што нельга. Таму там не паспрачаешся: фірменнае ці не фірменнае».

Праўда, кажа кардыёлаг іншай менскай бальніцы Вольга, бываюць выпадкі, што прэпарат, які выпісваюць хвораму, выклікае ў яго алергію. І дапамагчы можа толькі замежны аналаг. Дамагчыся, каб выпісалі яго, можна, але складана:

«Калі ў чалавека алергія, то можна яму выпісаць іншыя лекі. Але гэтая алергія павінна быць дакументальна пацверджана. Яму трэба звярнуцца альбо да алерголагаў, альбо да дэрматолага. Можна зрабіць спробу з гэтымі лекамі. І калі ў яго будзе папера, дзе будзе пацверджана, што ў яго ёсць алергія на гэтыя лекі, то яму выпішуць іншае. Пасля пэўнай працэдуры - кансіліум. І праз кансіліум выпісваецца аналагічны прэпарат, які ён добра пераносіць».

Рашэнне кансіліума неабходна падпісаць загадчыку аддзялення, памочніку галоўнага лекара і непасрэдна доктару, што лекаваў. Ды і замежны прэпарат павінен быць з дадатковага пераліку, зацверджанага ў міністэрстве, кажа хірург:

«Фірменны аналаг выпішуць, калі ён ёсць у дадатках да асноўнага спіса. Ёсць асноўны спіс, што выпісваць, а калі раптам алергія, то ёсць дапушчэнні: аналагі, якія можна выпісваць ў выглядзе выключэння».

Нават калі вам выпісваюць лекі, якія вы будзеце аплочваць самі, то прадпішуць у першую чаргу беларускія. Калі ж, кажа хірург, пацыент папросіць даць яму замежны аналаг, то лекар павінен напісаць тлумачэнні ў карце - чаму ён гэта зрабіў:

«Выпісваецца па змаўчанні, безумоўна, беларускае ў першую чаргу. Але калі чалавек кажа, што ў яго на гэты прэпарат алергія ці яму гэты прэпарат не дапамагае, а дапамагае толькі фірменны, тады пішам у картцы, што ў пацыента на гэты прэпарат алергія і рэкамендуецца аналагічны, толькі замежнай вытворчасці».

Згаданыя спісы і рэкамендацыі прапаноўваць перш за ўсё айчынныя лекі, гавораць дактары, ёсць і ў кожнай аптэцы. Але калі ў камерцыйнай аптэцы вам могуць растлумачыць, чым адрозніваюцца прэпараты ад розных вытворцаў з розных краін, то ў дзяржаўных часцей рэкамендуюць беларускія лекі.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках