3 траўня 2024, Пятніца, 8:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхась Геніюш: «Бабуля зрабіла вельмі шмат для беларускасці і беларускай мовы»

6
Міхась Геніюш: «Бабуля зрабіла вельмі шмат для беларускасці і беларускай мовы»

На святкаванне 100-годдзя слыннай паэткі прыехаў з Польшчы яе ўнук Міхась, які не быў у Беларусі 20 гадоў.

У Зэльве адзначылі 100-годдзе слыннай беларускай паэткі Ларысы Геніюш. У яе хаце, што стаіць практычна насупраць царквы, у цяперашні час жывуць дзве сям’і. Тыдзень таму тут павесілі шыльду ў гонар Ларысы Геніюш. Шыльда, аднак, правісела ўсяго толькі некалькі дзён – пакуль яе не сарвалі міліцыянты на загад мясцовага ідэолага, нагадвае «Еўрарадыё».

«Шэсць чалавек было міліцыянтаў, гэтыя з райвыканкама былі. Было, мусіць, пятнаццаць ці дванаццаць чалавек», - распавялі жыхары.

Гарадзенская паэтка Данута Бічэль добра ведала Ларысу Геніюш, часта прыязджала да яе ў Зэльву. Прыехала яна і зараз, на святкаванне стагоддзя Геніюш.

«Я неяк не ўзгадваю пра тое, што яна была гнаная, апальная. Я прыязджала да яе як да маці. Калі я прыязджала, ёй жылося добра, у нас было свята – таму што я яе сустракала, яна – мяне. Нам было добра разам, і гэтыя ўсе нягоды, яны крышку прытупляліся, і яна магла выгаварыцца перада мною, расказаць мне ўсё гэта, выкласці свой боль. Тое, што яна была ў мяне, – гэта было маё жыццё, багацце маё духоўнае», - распавядае Бічэль.

Чаму вялікая паэтка пасля вызвалення са сталінскага лагеру так да скону і пражыла ў Зэльве, не пераехала ў Гародню ці Менск?

«Ніхто асабліва яе не запрашаў, яна была без грамадзянства, не мела ніякіх правоў. Іван Пятровіч (муж паэткі) знайшоў у Зэльве працу. А яна, як прыехала з лагера, працавала ў шпіталі ці санітаркай, ці медсястрой. Потым яна кінула гэтую працу, працаваў муж толькі. Муж яе працаваў амаль што да смерці, ён быў гінеколагам. Яны жылі сціпла. А дзяржаўным гэтым партыйным уладам яна была непатрэбная», - кажа Данута Бічэль.

Адметнай асобай на святкаванні стаў унук паэткі Міхась Геніюш, які прыехаў з Беластоку ў Беларусь упершыню за апошнія 20 гадоў. Калі бабулі не стала, спадару Міхасю стала цяжка і журботна прыязджаць у хату яго маленства, дзе цяпер жылі чужыя людзі.

«Ларыса Антонаўна прысвячала мне вельмі шмат часу і ўвагі. І можна сказаць, што яна дапамагала мне рабіць першыя крокі на свеце, адкрывала мне вочы, паказвала розныя рэчы, якія мяне атачалі. Гэта быў найважнейшы чалавек у маім жыцці. Яна мяне вельмі любіла, яна была вельмі цёплая, яна была вельмі мудрая, яна старалася, каб я быў прыстойным чалавекам, вучыла мяне ўсім першым крокам у жыцці, паказвала, як я павінен гэта рабіць. Так што я заўсёды вельмі-вельмі чакаў на тое, каб прыехаць сюды і спаткацца з бабуляй. Гэта было для мяне з аднаго боку духоўнай, з іншага боку інтэлектуальнай стравай – тое, што я мог з ёй быць і з ёй гутарыць», - распавёў Міхась Геніюш.

Міхась мае ўнікальную мажлівасьць – згадваць Ларысу Геніюш не толькі як вялікую паэтку, але і як пяшчотную бабулю, якая вучыла яго жыццю і радавала рознымі прысмакамі:

«Ларыса Антонаўна была для мяне вельмі добрай бабуляй, таму што яна мяне песціла. Яна ведала, што я люблю. А тады часы былі такія, што некаторыя прадукты цяжка было дастаць. А калі я прыязджаў да яе, яна выцягвала з розных шафак рэчы, якія я толькі сабе ўяўляў. Калі мне толькі прыходзіла ў галаву, што маю ахвоту на што-небудзь – гэта адразу ў яе знаходзілася. Я не ведаю, скуль яна гэта брала, але ўсё, што я любіў – заўсёды ў яе было. Гэта былі розныя прысмакі – вяндліна сушаная, сялянская каўбаса, сялянскі кумпячок, розныя кампоцікі і варэнні. Яна рабіла заўсёды для мяне тое, што я прыдумаў – і гэта я мог есці толькі ў яе».

Міхась Геніюш кажа, што асабліва не цікавіцца палітыкай, не хоча разважаць на тэму, чаму яго бабуля дагэтуль не рэабілітаваная ў Беларусі. Аднак мяркуе, што яе імя мусіць гучаць у нашай краіне часцей.

«Мне здаецца, што Ларыса Геніюш зрабіла вельмі многа для Беларусі, для беларускасці, для беларускай мовы. Думаю, што яна можа быць прыкладам прыстойнага, добрага чалавека і беларуса. Думаю, што павінна яна быць болей афіцыйна прадстаўленая ў Беларусі. Яе творы павінны быць агульна дасягальныя і для моладзі ў школах, павінна быць свабодная гутарка пра яе – каб магчыма было ўшанаваць яе памяць», - кажа ўнук паэткі.

У гэты прыезд Міхась Геніюш вырашыў не заходзіць у родную хату, якая цалкам змянілася з таго часу – каб не разбураць цёплыя і пяшчотныя ўспаміны маленства:

«Гэта ўжо не тая самая хата, з яе ўжо нічога не засталося… Таму я нават вельмі да яе не падыходзіў. У маім сэрцы, у маёй галаве ёсць гэта сапраўдная хата, якая была калісьці. Так што цяпер я не хацеў нават псаваць сваіх успамінаў. Я жыў у гэтай хаце, і гэтая хата была для мяне вельмі важная і вельмі блізкая. Я ведаю там кожны куточак, як заплюшчу вочы – я магу хадзіць па гэтай хаце, бачачы рэчы, якія ляжалі, і ўсе абразы, якія віселі на сценах...».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках