29 красавiка 2024, панядзелак, 12:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўропа пакрывае злачыннага дыктатара

166
Еўропа пакрывае злачыннага дыктатара

Ірына Багданава, Наталля Каляда і Ірына Красоўская звярнуліся з адкрытым лістом да прэзідэнта Латвіі Валдзіса Затлерса.

Прыводзім тэкст ліста цалкам:

Паважаны спадар Прэзідэнт!

Мы сустракаліся з Вамі на Брусэльскім форуме два месяцы таму. Гэтыя два месяцы пасля нашай сустрэчы апынуліся вельмі цяжкімі для Беларусі і асабіста для нас, бо мы назіралі суды над дэмакратыяй у нашай краіне. Усе галоўныя дэмакратычныя лідэры і актывісты, якія знайшлі смеласць абараняць свае правы 19 снежня, паўсталі перад судом, апынуліся ў турмах, і вымушаныя расплачвацца за злачынствы, якіх яны не здзяйснялі. Годныя невінаватыя людзі патрапілі ў турму, у той час як злачынцы засталіся на волі, каб далей кіраваць краінай.

У панядзелак 23 мая мы прыйшлі ў жах ад чарговай бяздзейнасці Еўропы. Панядзелак 23 мая стаў днём, калі беларускі народ страціў веру ў Еўрапейскі Звяз (ЕЗ). Лукашэнка заявіў, што ён вельмі задаволены гэтым вынікам. Ён сказаў, што «Еўропа пачала разумець Беларусь», і менавіта па гэтай прычыне эканамічныя санкцыі не былі ўведзеныя.

Ці сапраўды гэта той сігнал, які Еўропа хацела паслаць бязлітаснаму дыктатару?

Мы не разумеем, што можа прымусіць ЕЗ дзейнічаць, і прыйсці на дапамогу беларускаму народу. Падчас нашай сустрэчы ў сакавіку Вы запэўнілі нас, што мы можам разлічваць на вашую падтрымку і разуменне. Але сёння мы адчуваем сябе падманутымі.

Мы жылі ў кашмары апошнія некалькі месяцаў. Мы засыпалі і прачыналіся з адной думкай: ці жывыя яшчэ нашыя любыя і сябры? Пасля таго, як Андрэй Саннікаў зрабіў заяву аб катаваннях у адносінах да яго і аб пагрозах жыццю сваёй жонкі і чатырохгадовага сына, яго перавялі ў іншую турму, але не паведамілі сваякам у якую. Два дні ягоная жонка і маці шукалі яго, і не маглі знайсці. Мы лічылі, што гэта халодная і цынічная тактыка запалохвання заахвоціць цывілізаваны свет да дзеяння.

Зміцеру Бандарэнку, яшчэ аднаму палітвязню, патрэбная тэрміновая аперацыя на хрыбетніку. У яго ўжо часткова паралізаваная нага. Калі не правесці аперацыю неадкладна, усё можа скончыцца інвалідным крэслам. Ягоныя патрабаванні аб прадастаўленні належнай медыцынскай дапамогі да гэтага часу ігнаруюцца.

Мікалай Статкевіч быў асуджаны да 6 гадоў зняволення з утрыманнем у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён кажа, што гатовы ахвяраваць сваім жыццём, і што ён не хоча, каб Еўропа «купіла» ягоную свабоду ў Лукашэнкі. Ён хоча вольных справядлівых выбараў, у якіх бы не ўдзельнічаў цяперашні беларускі дыктатар.

Зміцер Ус быў прысуджаны да пяці з паловай гадоў зняволення за тое, што ён, як чалавек гонару, заступіўся за аднаго, адмовіўшыся аддаць яго і сваю краіну.

Занадта шмат часу сыйшло б, каб распавесці Вам пра ўсіх тых адважных маладых людзей, якія правядуць у турме па тры-чатыры гады толькі за тое, што яны скарысталіся сваім грамадзянскім правам і запатрабавалі вольным і справядлівых выбараў у Беларусі. Сэрца разрываецца, калі думаеш пра тых, чые маці рана памерлі, таму што не маглі больш жыць з болем у сэрцы за сваіх сыноў у турме, або пра дзяцей, якіх выкарыстоўваюць як «закладнікаў» для шантажу бацькоў. Ці не нагадвае Вам гэта сталінскія часы ў Латвіі?

Страчаныя чаравікі, шалікі і шапкі на снезе, пакрытым крывёй невінаватых людзей, 19 снежня 2010 года... Жорсткі сілавы разгон міліцыяй акцыі мірных грамадзянаў... Катаванні ў засценках КДБ...

Мы гаварылі аб усіх гэтых зверствах на Брусэльскім форуме і думалі, што гэтага будзе дастаткова, каб палітыкі Еўразвяза сталі ўспрымаць сітуацыю ў Беларусі сур'ёзна, і пачалі дзейнічаць. Але так не сталася. Можа быць, хоць падзеі апошніх двух тыдняў заахвоцяць Еўропу да дзеянняў? Ці так неабходна чакаць смерцяў, перш чым нешта зрабіць? Мы можам убачыць, як паўторыцца гісторыя Руанды, калі забіваюць мірных грамадзян, у той час як астатні свет застаецца безуважным, ці, можа быць, Вы хочаце, каб у Беларусі адбыліся падзеі кшталту тых, якія азмрочылі сучасную гісторыю Лівіі, перш чым Еўропа распачне крокі , каб спыніць дыктатара?

Дазвольце нагадаць, за апошнія 11 гадоў у Беларусі знікалі і гінулі апаненты рэжыму і незалежныя журналісты. Тыя, хто цяпер сядзіць у турме, тым не менш, рабілі ўсё, каб прадухіліць масавы гвалт супраць мірных грамадзян на Плошчы.

Мы разумеем, што для Вас у першую чаргу важныя інтарэсы ўласнай краіны. Цёплыя дамы і бензін у машынах важнейшыя. Мы таксама разумеем, што вашая краіна, разам з Грэцыяй і Ісландыяй моцна пацярпела з-за эканамічнага крызісу. Сумна, але здаецца, што пытанням маралі і правоў чалавека няма месца сярод ўнутраных праблем. Але хіба абарона тых гуманістычных прынцыпаў, на якіх засноўваўся ЕЗ, не павінная заставацца прыярытэтнай? Увядзенне эканамічных санкцый супраць Беларусі пакладзе канец рэжыму Лукашэнкі, а эканоміка Беларусі пачне падымацца. Гэта азначае развіццё інтарэсаў латвійскага бізнесу ў Беларусі. Дапамога ў станаўленні дэмакратычнай Беларусі прынясе Латвіі вялікі прыбытак.

Спадзяемся, што народ Латвіі, які не так даўно пазбавіўся ад камуністычнай дыктатуры, грунтуючыся на ўласным досведзе, зразумее, як жывецца ў такіх умовах і чаму мы імкнемся да свабоды. Мы спадзяемся, што народ Латвіі не дапусціць гэтага «зруху маральных каштоўнасцяў», як выказаўся сэр Том Стопард у сваім выступе на Брусэльскім форуме, прызнае нашую агульную чалавечнасць і зойме цвёрдую пазіцыю ў падтрымцы адзіных для ўсіх правоў чалавека.

З павагай,

Ірына Багданава, кіраўнік кампаніі «Free Belarus Now»

Наталля Каляда, заснавальнік і дырэктар «Беларускага Свабоднага тэатра»

Ірына Красоўская, прэзідэнт фонду «Мы памятаем»

З прэзідэнтам Латвіі на Брусэльскім форуме, сакавік 2011

Напісаць каментар 166

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках