18 траўня 2024, Субота, 12:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ірыне Халіп і Паўлу Севярынцу ў касацыі адмоўлена

10
Ірыне Халіп і Паўлу Севярынцу ў касацыі адмоўлена

Менгарсуд пакінуў без зменаў прысуды Ірыне Халіп, Паўлу Севярынцу і Сяргею Марцалеву.

Журналістка расейскай «Новай газеты» і жонка кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірына Халіп заявіла на судзе, што не лічыць вынесены ёй прысуд справядлівым. «Да гэтага часу не магу паверыць, што мяне асудзілі за тое, што я выконвала свой прафесійны абавязак. У нас жа журналістаў за выкананне прафесійных абавязкаў судзіць не могуць. Так што мяне судзілі як жонку Саннікава. Я лічу, што прысуд вельмі несправядлівы, і прашу яго адмяніць з прычыны адсутнасці складу злачынства ў маіх дзеяннях», - сказала яна.

Севярынец адзначыў, што ў любой краіне галоўнай задачай праваахоўных органаў з'яўляецца забеспячэнне бяспекі людзей, якія сабраліся на мірную дэманстрацыю. «Большасць удзельнікаў плошчы асудзілі па сутнасці за тое, што яны выйшлі на праезную частку праспекта. Я лічыў і лічу, што гэта было найлепшае рашэнне, бо беларусы памятаюць, што такое Няміга і чым можа скончыцца цісканіна», - заявіў Севярынец.

Ён падкрэсліў, што дзеянні ўладаў 19 снежня ён не можа назваць інакш як беззаконнем, перадае БелаПАН.

Ягоны адвакат Вадзім Мушынскі заявіў, што прадстаўленым доказам судом першай інстанцыі была дадзеная няправільная і няпоўная адзнака, што і стала прычынай вынясення несправядлівага прысуду. Па словах адваката, акрамя таго што Севярынец прысутнічаў на мітынгу 19 снежня, прадстаўленыя матэрыялы нічога не даказваюць, у прыватнасці, таго, што Севярынец актыўна заклікаў людзей да парушэння грамадскага парадку. Мушынскі падкрэсліў, што за невялікі перапынак у працы грамадскага транспарту з-за таго, што людзі выйшлі на праезную частку, несправядліва крымінальна караць.

Адвакатка Халіп Ганна Бахціна заявіла, што ў ходзе папярэдняга следства і судовага пасяджэння не былі выкананыя прынцыпы аб'ектыўнага і непрадузятага разгляду ўсіх акалічнасцяў справы. Яна падкрэсліла, што літаральна праз некалькі дзён пасля падзеяў на плошчы Першым каналам беларускага тэлебачання быў створаны фільм «Железом по стеклу», які стаў падставай абвінавачвання, у тым ліку і Халіп. Бахціна адзначыла, што ў фільм увайшлі аператыўна-следчыя матэрыялы, абнародаванне якіх недапушчальнае да вынясення прысуду суда. У той жа час адвакатаў, якія паведамлялі журналістам аб некаторых абставінах справы, пазбаўлялі ліцэнзіі, падкрэсліла адвакатка.

Прамова адвакаткі была вельмі эмацыйнай. У канцы яна нагадала, што «прыйдзе час, калі мы зноў вернемся да гэтай справы, і яна будзе разгледжаная так, як належыць, калі будуць прынятыя да ўвагі ўсе сведчанні». «Я прашу вас аб'ектыўна ўсё разгледзець і прыняць адзіна правільнае і справядлівае рашэнне, а менавіта тое, у якім мы просім у касацыйнай скарзе», - сказаў Бахціна.

Па заканчэнні ейнай прамовы прысутныя ў зале гучна запляскалі ёй. Суддзя Сцяпурка заклікаў іх спыніцца і сказаў: «Вы ж не на мітынгу знаходзіцеся».

Пракурор Мельнік зноў заявіў, што віна Халіп, Севярынца і Марцалева цалкам даказаная і падставаў для адмены прысуду няма. Выступ Бахцінай, асабліва апошняя яго частка, на «асабістаму думку» пракурора, можа расцэньвацца як пагроза.

Ірына Халіп прысуджаная да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады, Павел Севярынец да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, Сяргей Марцалеў да двух гадоў пазбаўлення волі з выпрабавальным тэрмінам на два гады.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках