4 траўня 2024, Субота, 18:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пракуратура Менска не заўважыла збіцця Някляева

108
Пракуратура Менска не заўважыла збіцця Някляева

10 жніўня Уладзімір Някляеў атрымаў з пракуратуры горада Менска афіцыйнае паведамленне.

Яму адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце бандыцкага нападу на яго ў дзень выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Сведкам збіцця кандыдата ў прэзідэнты стаў ўвесь свет - і толькі пракуратура Менска, горада, дзе і было здзейсненае злачынства, гэтага не заўважыла. Чаму?

- Магчыма, - сказаў Уладзімір Някляеў «Беларускаму партызану», - пракуратура не палічыла магчымым узбудзіць крымінальную справу па той прычыне, што нападу яшчэ нібыта і не было, ён прызначаны на... 19 снежня 2011 года. Ва ўсялякім выпадку, менавіта гэтая дата «прычынення целавых пашкоджанняў неўсталяванымі асобамі» паказаная ў афіцыйным дакуменце, падпісаным пракурорам, юрыстам 1 класа М. В. Ермаковым. І гэта вельмі красамоўна кажа аб тым, як паставілася да расследавання гэтага злачынства ягонае ведамства. Але яшчэ больш красамоўна выглядае тлумачэнне, што са скаргай на рашэнне, прынятае пракуратурай горада Менска, я мае права звярнуцца да... пракурора горада Менска.

Што ж, калі маю права звярнуцца, то і звяртаюся.

Спадар пракурор горада Менска!

Як усім вядома, 19 снежня 2010 года на мяне, кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Някляева, рыхтуецца бандыцкі напад. Загад аб нападзе аддадзены міністру ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь А. Куляшову кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, выконваючым абавязкі кіраўніка дзяржавы А. Лукашэнкам. Непасрэднае выкананне загаду даручанае камандзіру спецпадпаддзялення Міністэрства ўнутраных справаў «Алмаз» палкоўніку М. Карпянкову. У аперацыі задзейнічаныя байцы СПБТ «Алмаз» І. Бяляснікаў, А. Баразінец, А. Бугаенка, А. Дзядкоў, П.Латко, І. Сафін, В. Сарокін, К. Цюшэўскі, А.Шынкарэнка, супрацоўнікі палка міліцыі спецыяльнага прызначэння ГУУС Менгарвыканкама В. Елак, С. Кісель, Р. Куляшоў, А.Цітоў, В. Чухліб, А. Шапарэнка, А.Шынкарык і іншыя.

Дадзеная аперацыя - не толькі абуральнае парушэнне Закона, кожную літару якога вы закліканыя ахоўваць не толькі сваёй пасадай, але і сумленнем. Гэта відавочнае замах на маё жыццё. А яно ў мяне, як і вас, спадар пракурор, адно. Таму патрабую прыцягнуць злачынцаў да адказнасці, у адпаведнасці з Законам распачаць ў дачыненні да іх крымінальную справу. У адваротным выпадку пакідаю за сабой права лічыць, што вы таксама датычныя да гэтага злачынства: як службовая асоба, якая садзейнічае ягонаму ўтойванню.

Напісаць каментар 108

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках