2 траўня 2024, Чацвер, 13:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітычная мадэрнізацыя дыктатуры немагчымая

5

Да такой высновы прыйшлі беларускія і замежныя эксперты на дыскусіі ў Варшаве.

«18 кастрычніка ў «Беларускім доме» у Варшаве прайшла дыскусія па тэме «Ці магчымая мадэрнізацыя Беларусі: міфы і рэальнасць». У ёй прымалі ўдзел доктар Польскай Акадэміі навук Аляксандр Папко, аналітык Польскага інстытута міжнародных адносін (PISM) Ганна Дзінер, а мадэратарам выступіў доктар палітычных навук Павел Усаў.

На сустрэчы прысутнічалі Зміцер Бандарэнка, Уладзімір Кобец, Уладзімір Навасяд, Зміцер Бародка, Алесь Зарэмбюк і іншыя беларускія грамадскія і палітычныя дзеячы.

Па словах Паўла Усава, аб мадэрнізацыі сінявокай кажа не толькі Еўразвяз, але і сам Лукашэнка. «Пытанне мадэрнізацыі Беларусі - вельмі актуальнае. Гэта тое, што Еўразвяз прапануе Беларусі і тое, пра што неаднаразова казаў сам Лукашэнка».

Галоўнае пытанне на абмеркаванні гучала як «мадэрнізацыя адназначна з'яўляецца дэмакратызацыяй ці гэта розныя рэчы?». Як адзначыў Павел Усаў, у свеце ёсць шмат прыкладаў, калі мадэрнізацыя не прыводзіла да дэмакратызацыі.

На думку эксперта Аляксандра Папко, мадэрнізацыя сапраўды не азначае дэмакратызацыі. «Гаворка ідзе пра аўтарытарную мадэрнізацыю. Не заўсёды мадэрнізацыя звязана з дэмакратызацыяй. Тое, што адбывалася ў Паўднёвай Карэі, тое што зараз адбываецца ў Кітаі - вялікі эканамічны скачок. Гэта вялікія змены, але іх палітычны лад не стаў падобным на ліберальную дэмакратыю. Так што сапраўды, мадэрнізацыя азначае паскоранае развіццё, адаптацыю да выклікаў сучаснасці, але зусім не азначае дэмакратызацыю».

Па словах Аляксандра Папко, у Лукашэнкі не атрымоўваецца правесці нават аўтарытарную мадэрнізацыю - без дэмакратызацыі. «Але калі гаворка заходзіць пра мадэрнізацыю краіны, мы заўсёды мелі на ўвазе, што нейкая галіна сістэмы ў сваім развіцці засела ў мінулым, і трэба яе адтуль вырваць. Лукашэнка вельмі хацеў бы правесці аўтарытарную мадэрнізацыю. Размовы пра гэта ідуць з 2006 года, з пачатку развіцця адносінаў з Кітаем. З 2006 года прайшло даволі шмат часу, і мы маглі б бачыць, калі б нейкія поспехі аўтарытарная мадэрнізацыя мела. Але мы нічога такога не бачым».

Дзяржаўнае кіраванне ў Беларусі знаходзіцца на ўзроўні пачатку мінулага стагоддзя, адзначыў эксперт. «Палітыка кіравання ў Беларусі дастаткова цікавая. Гэта эканоміка і грамадства ручнога кіравання. Гэта даволі адсталы спосаб кіравання. Можа быць, ён быў актуальным у 20-я гады ХХ стагоддзя, але сёння ён зусім не актуальны».

Аўтарытарнай мадэрнізацыі не адбылося, таму што Лукашэнка не хоча ўскладняць сабе жыццё, упэўнены Аляксандр Папко. «Для правядзення аўтарытарнай мадэрнізацыі Лукашэнка павінен быў бы кіраваць не аднаасобна ўсім, а стаць арбітрам алігархічнай групы. Для гэтага трэба было б пачаць прыватызацыю, і раздаць прадпрыемствы ўстояным алігархам. Заняцца прыцягненнем замежных інвестараў, развіваць малы і сярэдні бізнэс. Гэта быў мадэрнізацыйны план. Але гэты план праваліўся. Чаму? Адна з найбольш верагодных прычын - гэта тое, што Лукашэнка не захацеў ускладняць сабе жыццё».

Мадэрнізацыя Беларусі ў сённяшніх умовах немагчымая, сказаў доктар Польскай Акадэміі навук. «Лукашэнке не ўдалося зрабіць аўтарытарную мадэрнізацыю. Мадэрнізацыю ў Беларусі можна зрабіць толькі робячы дэмакратызацыю сістэмы. Але на сёння яна немагчымая».

Адказваючы на пытанне «ці магчымая палітычная мадэрнізацыя без збліжэння з Захадам?», Аляксандр Папко адказаў, што немагчымая. «Калі б мы знаходзіліся на мяжы з Кітаем, гэта было б магчыма. Але аднекуль трэба браць новыя тэхналогіі, з кімсьці трэба гандляваць».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках