29 красавiка 2024, панядзелак, 2:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гомелі бастуюць прадпрымальнікі (Фота)

204
У Гомелі бастуюць прадпрымальнікі (Фота)

(абноўлена) Прадпрымальнікі засыпалі міліцыю сотнямі заяў.

Прадпрымальнікі найбуйнейшага гандлёвага цэнтра «Сакрэт» абвясцілі забастоўку.

Некаторыя прадпрымальнікі вырашылі адкрыта выказаць свой пратэст, а некаторыя - пад выглядам «пераўліка» падтрымаць сваіх калег, паведамляе «Еўрарадыё».

На думку прадпрымальнікаў, якія арандуюць плошчы ў гэтым гандлёвым цэнтры, новы ўладальнік будынка беспадстаўна падняў плату амаль да фантастычнай вышыні. Новы кошт арэнднай платы, які выставіла ТДА «НП-Сэрвіс», вагаецца ад 3 да 100 еўра без уліку ПДВ, у залежнасці ад месца і паверха гандлёвай кропкі.

Таксама гомельскія прадпрымальнікі лічаць, што старыя дамовы, заключаныя да 2015 года з папярэднім уладальнікам будынка, скасавалі фактычна з падманам.

Акрамя таго, як піша газета «Гомельская правда», у мінулы чацвер у гандлёвым цэнтры было адключана святло ў некалькіх павільёнах спачатку на першым паверсе, а потым на другім. А наступнай раніцай без святла на працягу некалькіх гадзін апынулася цэлае крыло другога паверха. Прадпрымальнікі былі вымушаныя выклікаць міліцыянта, каб зафіксаваць наўмысныя дзеянні адміністрацыі гандлёвага цэнтра. Па чутках, падача электраэнергіі аднавілася толькі пасля званка ў аблвыканкам.

Апоўдні 200 прадпрымальнікаў адправіліся ў Цэнтральны РАУС Гомеля.

- Дзве сотні чалавек прынеслі свае заявы ў міліцыю, - распавёў «Салідарнасці» старшыня савета Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка. - Прадпрымальнікі звярнуліся з просьбай аператыўна праверыць законнасць скасавання старых дамоў і заключэння новых.

Па словах старшыні РГА «Перспектыва», мясцовыя ўлады вельмі незацікаўленыя ў далейшым абвастрэнні супрацьстаяння паміж арэндадаўцам і прадпрымальнікамі, таму да патрабаванняў прыватнікаў ставяцца ўважліва.

- Нас прыняў намеснік начальніка РАУС Цэнтральнага раёна горада, ніхто не перашкаджаў падачы заяў, цяпер іх рэгіструюць, - адзначыў Анатоль Шумчанка ў аўторак днём. - Мы просім, улічваючы велізарную колькасць пацярпелых, правесці па факце аператыўную праверку на прадмет наяўнасці альбо адсутнасці ў дзеяннях уласнікаў ГЦ «Сакрэт» складу крымінальна-каральных дзей. А таксама прыцягнуць вінаватых асоб да адказнасці, - працытаваў суразмоўца тэкст звароту.

Яшчэ прадпрымальнікі звярнуліся да праваахоўнікаў з просьбай праверыць законнасць куплі-продажу гандлёвага цэнтра і правільнасць працэдуры гэтай здзелкі.

- Фактычна, тое, што адбылося ў Гомелі, акрамя як самаўпраўнасцю ў стылі 90-х гадоў мінулага стагоддзя, не назавеш, - лічыць Анатоль Шумчанка. - Для Гомеля і 40 еўра - гэта высокі кошт арэнды.

Прадпрымальнікі рыхтуюць таксама і пазоўную заяву ў Гаспадарчы суд. У другой палове дня прызначаная сустрэча з прадстаўнікамі гарвыканкама.

- Мясцовым уладам даўно пара на сваёй тэрыторыі навесці парадак. Аб якім развіцці прадпрымальніцтва можна казаць, калі няма разумных правіл гульні? - пытаюць гомельскія прадпрымальнікі.

Напісаць каментар 204

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках