28 красавiка 2024, Нядзеля, 14:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Хашчавацкі: Творчыя людзі - ворагі для ўлад

16
Юрый Хашчавацкі: Творчыя людзі - ворагі для ўлад

Любая праява таленавітасці - пагроза для «дубаломаў» ва ўладзе, лічыць вядомы рэжысёр.

«Справа ў тым, што «Палац» - вельмі моцны гурт, я яго люблю, ён цікава выступае. І менавіта тое, што яны добрыя музыкі, выклікае раздражненне ва ўлад», - сказаў у інтэрв'ю сайту charter97.org вядомы беларускі рэжысёр Юрый Хашчавацкі.

Па словах эксперта, творчыя людзі гэта галоўныя ворагі для нашых улад. «Любая праява таленавітасці - пагроза для існавання «дубаломаў» ва ўладзе. У Савецкім саюзе хто галоўным ворагам быў? Яўрэі і студэнты. А зараз ворагі нашай улады - студэнты, музыкі, рэжысёры, акцёры і гэтак далей. Усе творчыя людзі - гэта ворагі, ад якіх трэба абараняцца».

Самы высокі «твор мастацтва» беларускай дзяржавы - гэта непрыгожая Нацыянальная бібліятэка, адзначыў Юрый Хашчавацкі. «Верх мастацтва для нашай дзяржавы - гэта Нацыянальная бібліятэка, самая вялікая пачварнасць, якую я бачыў у жыцці. Плюс дом Чыжа на Свіслачы. А такія майстры як «Палац» іх раздражняюць», - сказаў рэжысёр.

У чорны спіс можа ўносіць сябе любы таленавіты чалавек, упэўнены рэжысёр. «Аднойчы я папрасіў гурт «Палац» выканаць адну песню і яны ветліва адмовіліся. Сказалі, што яны па-за палітыкай. Я тлумачыў, што пра гэта нават ніхто не даведаецца, але музыкі ўсё роўна не пагадзіліся спяваць. Гэта не ў дакор сказана. Я тады казаў, што вы можаце не займацца палітыкай, але палітыка сама вас дастане. Вось і дастала. Гэта не злараднасць, а шкадаванне. Яны - майстры, і апынуліся ў спісе, у які можа ўносіць сябе любы таленавіты чалавек, нават калі яго там пакуль яшчэ няма», - кажа Юрый Хашчавацкі.

Нагадаем, нядаўна стала вядома, што канцэрт гурта «Палац» у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі з нагоды 20-годдзя гурта адменены.

Для музыкаў гэтае выступленне было вельмі важным. Па-першае, яно прысвечана 20-годдзю гурта, таму запрашэнні на яго атрымалі тыя, хто так ці інакш датычны да гісторыі каманды. Па-другое, музыкі рыхтаваліся прадставіць у гэты дзень адразу два новых рэлізы - музычную прыпавесць «Салдат-доктар» і свежы студыйны альбом «Кола грукатала».

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках