29 красавiка 2024, панядзелак, 4:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ДФР зрывае выхад часопіса Arche

3
ДФР зрывае выхад часопіса Arche

З-за арышту рахункаў часопіс можа не выканаць абавязацельствы перад сваімі падпісантамі.

Аб гэтым на прэс-канферэнцыі ў Менску 25 кастрычніка заявіў выконваючы абавязкі рэдактара часопіса Arche Аляксандр Пашкевіч, піша БелаПАН.

Паводле яго слоў, рахункі часопіса заблакаваныя дэпартаментам фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю.

Як распавёў Пашкевіч, праблемы ў часопіса пачаліся пасля таго, як у Гродне адбыўся інцыдэнт з тагачасным рэдактарам часопіса Валерыем Булгакавым. 14 верасня яго затрымалі ў Гродне на прэзентацыі кнігі «Саветызацыя Заходняй Беларусі» і абвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. 18 кастрычніка Булгакаў за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць быў аштрафаваны на 500 тысяч рублёў. «21 верасня супрацоўнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў прыйшлі ў друкарню, дзе друкаваўся часопіс, з праверкай. 24-28 верасня з друкарні былі канфіскаваныя ўсе дакументы за апошнія два гады дзейнасці. 2 кастрычніка адбыўся арышт больш 5 тысяч экземпляраў кніг у Булгакава, 4 кастрычніка ў ДФР быў выкліканы заснавальнік Arche Андрэй Дынько. Пасля гэтага было прынята рашэнне вызваліць Булгакава ад пасады рэдактара Arche, каб выратаваць часопіс», - распавёў Пашкевіч.

Тым не менш, у той жа дзень ДФР заблакаваў рахункі часопіса, а яго супрацоўнікі пачалі выклікацца па тэлефоне ў ДФР для дачы тлумачэнняў.

«З размоў са следчымі мы зразумелі, што пакуль супрацоўнікі ДФР цікавяцца двума рэчамі: мэтавым выкарыстаннем паперы, на якой друкаваўся часопіс, і тымі, хто добраахвотна ахвяраваў грошы на яго выданне, - сказаў Пашкевіч. - Справа ў тым, што мы закупляем паперу на Шклоўскім папяровым камбінаце. Нібыта папера, на якой друкаваўся часопіс, такая ж, як і тая, на якой былі надрукаваныя канфіскаваныя ў Булгакава выданні. У сувязі з гэтым і паўстала пытанне аб паперы».

Паводле інфармацыі Пашкевіча, з-за таго, што Шклоўскі папяровы камбінат выпускае абмежаваную колькасць паперы, праходзіць праверка і на самым камбінаце, каб высветліць, ці законна Arche набывала паперу.

Як сказаў Пашкевіч, арышт рахункаў выдання абумоўлены тым, што яно нібыта не прадаставіла ДФР запатрабаваныя дэпартаментам фінансавыя дакументы. «Гэта няпраўда, паколькі ўсе патрабаваныя дакументы падаваліся асабіста супрацоўнікам ДФР па першым іх патрабаванні», - адзначыў выконваючы абавязкі рэдактара.

Паводле яго слоў, пакуль невядома, ці ўзбуджаная нейкая справа ў дачыненні да часопіса, на чым яна грунтуецца і якія прэтэнзіі прад'яўляюцца да выдання. «Аднак у нас ёсць падставы меркаваць, што гэта справа будзе разглядацца ў палітычным кантэксце. Пакуль жа мы не можам выпусціць два наступныя нумары часопіса, макеты якіх знаходзяцца ў друкарні», - заявіў Пашкевіч.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках