28 красавiка 2024, Нядзеля, 1:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The New Times: Лукашэнка адпускае кошты

110
The New Times: Лукашэнка адпускае кошты

У Беларусі рэзка падаражэлі галоўныя сацыяльныя тавары - гарэлка, хлеб і малако.

Народ адрэагаваў прадказальным чынам, учыніўшы ажыятаж, пару боек і цісканіну ў крамах яшчэ за дзень да падаражання, піша маскоўскае выданне The New Times.

Аб павышэнні коштаў улады абвясцілі ўсяго за два дні да ўступлення рашэння ў сілу. Гарэлка падаражэла адразу на 52% - цяпер мінімальны рознічны кошт на яе, дазволены дзяржавай, складае прыблізна 120 расейскіх рублёў. На справе ж у беларускіх крамах цяпер складана знайсці гарэлку, нават нізкаякасную, танней 240 рублёў. Імпартны моцны алкаголь каштуе як мінімум у два разы даражэй. Малако і хлеб у адзін дзень, 27 кастрычніка, падаражэлі на 35%. Цяпер літровы пакет таннага малака каштуе ў краіне як мінімум 30 рублёў, смятаны - 40, ёгурта - 45-50. Кілаграм хлеба ў вялікіх супермаркетах спажыўцы яшчэ змогуць знайсці прыкладна за 30-40 рублёў, а ў вёсках і правінцыйных гарадах яго кошт напэўна апынецца ў раёне 50 рублёў. Гаворка ідзе пра тыя сацыяльныя тавары, якія, як кажуць палітолагі, вельмі моцна ўплываюць на настроі электарату і кошты на якія мясцовыя ўлады стрымлівалі ўсімі сіламі два гады запар.

Шкодны рэсурс

Дзяржава сур'ёзна абмяжоўвала вытворцаў у пытаннях коштаўтварэння на прадукты харчавання з сярэдзіны мінулага года. Тады беларускі «зайчык» за пару месяцаў страціў дзве трэці свайго кошту, і, каб кошты сінхронна з далярам не выраслі ў тры разы, урад ўключыў на поўную магутнасць адміністрацыйны рэсурс. Вынік такой палітыкі па стрымліванні народнага гневу апынуўся прадказальным. Дзяржаўныя заводы сталі цярпець сур'ёзныя страты, прадаючы прадукцыю сабе ў мінус, недзяржаўныя сталі адмаўляцца ад вытворчасці танных прадуктаў. Так, за год з беларускіх крам папросту зніклі малако і кефір тлустасцю да 3,5%, смятана тлустасцю да 25%, тварог тлустасцю да 9% без смакавых дабавак і напаўняльнікаў. Кошты на прадукты прэміум-класа дзяржава не рэгулявала, і іх выпуск быў працягнуты.

З гарэлкай сітуацыя была аналагічнай: нягледзячы на тое, што фармальна мінімальны кошт на яе складаў каля 80 расейскіх рублёў, на справе танней 120-130 рублёў на прылаўках крам нічога не было. А вытворцы прадуктаў харчавання скардзіліся міністрам і прэзідэнту на тое, што ва ўгоду папулісцкім мерам урада ім даводзіцца месяц за месяцам падлічваць страты.

Скуплялі скрынямі

Напярэдадні павышэння коштаў беларусы ўчынілі сапраўдны ажыятаж і цісканіну ў крамах. Гарэлку і малочныя прадукты скуплялі скрынямі. «У дачкі праз тры тыдні вяселле, вось і даводзіцца браць гарэлку празапас», - апраўдваўся ў чарзе перад суседзямі 40-гадовы мужчына ў адной з менскіх крамаў. Ён выстаўляў на стужку перад прадаўцом адразу пяць скрыняў гарэлкі. Следам за ім стаялі тыя, хто браў для сябе па адной-дзве скрыні. «Як ад такога жыцця не запіць?» - паціскаў плячыма 26-гадовы сталічны банкаўскі клерк Аляксей.

У адной з крам наведвальнікі ўчынілі бойку. Гарэлкі на ўсіх не хапіла. Калі на прылаўку заставалася 8 апошніх бутэлек і мужчына сярэдніх гадоў вырашыў забраць усе, аргументуючы гэта тым, што ён «першым падышоў», хлопец гадоў 22-25 тут жа яго паслаў матам і паспрабаваў схапіць адну бутэльку. За што тут жа атрымаў кулаком у жывот. Бойку давялося разнімаць сябрам скандалістаў і работнікам крамы.

«У перспектыве Лукашэнку непазбежна чакае падзенне рэйтынгаў даверу», - лічыць кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка. Паводле яго слоў, праславутая беларуская стабільнасць будавалася як раз шмат у чым на танных сацыяльных таварах, з-за чаго ўзнікала ілюзія сацыяльнай абароненасці. У той жа час увесь год кошты на асноўныя прадукты харчавання ў Беларусі растуць значна хутчэй даходаў. Паводле звестак Белстата, сярэдняя намінальная налічаная зарплата ў Беларусі ў верасні 2012 года склала прыкладна 13 500 рублёў. З пачатку года яна вырасла на 15%, а кошты - мінімум на 40%. Беларусы бяднеюць і расчароўваюцца ва ўладзе. «Калі зімой няма чым будзе карміць дзяцей, мы з сябрамі і калегамі пойдзем мітынгаваць, нягледзячы на маразы, - пагражае 49-гадовы галоўбух дзяржаўнага прадпрыемства Алег. - Улада павінна спыніць здзекі над намі!»

Напісаць каментар 110

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках