28 красавiка 2024, Нядзеля, 0:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Брэсце пасажыраў вазіў п'яны кіроўца маршруткі

13
У Брэсце пасажыраў вазіў п'яны кіроўца маршруткі

У Брэсце затрыманы ў стане алкагольнага ап'янення кіроўца маршрутнага таксі.

Як паведаміла БелаПАН начальнік аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама Наталля Сахарчук, 30 кастрычніка ў 8.30 на вуліцы Маскоўскай супрацоўнік батальёна дарожна-патрульнай службы ДАІ спыніў прыватнае маршрутнае таксі № 12, у якім ехалі пасажыры.

52-гадовы кіроўца, які знаходзіўся за рулём «ГАЗа», прад'явіў супрацоўніку Дзяржаўтаінспекцыі дакументы на транспартны сродак і шляхавы ліст. У ім не было адзнакі аб праходжанні кіроўцам перад выхадам на лінію медыцынскага агляду.

Так як у кіроўца маршруткі былі ўсе прыкметы таго, што ён нецвярозы, пасажыры пераселі ў іншы транспартны сродак.

Кіроўцу даставілі на медыцынскі агляд. Ён паказаў наяўнасць у яго крыві 1,0 праміле алкаголю.

Па словах Сахарчук, далейшая праверка ўстанавіла: 52-гадовы мужчына не быў аформлены як кіроўца маршрутнага таксі. У траўні 2011 года ён быў пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі тэрмінам на тры гады за знаходжанне за рулём у стане алкагольнага ап'янення.

«Па словах затрыманага, ён узяў «ГАЗ» у яго ўладальніка, каб з'ездзіць па сваіх справах. Па шляху вырашыў падзарабіць, таму пасадзіў пасажыраў. Звязацца з гаспадаром маршрутнага таксі не ўдалося», - дапоўніла Сахарчук.

«ГАЗ» быў пастаўлены на штрафную стаянку. У дачыненні да кіроўцы складзены адміністрацыйны пратакол. Праводзіцца праверка.

Як адзначыла Сахарчук, з пачатку бягучага года ў Брэсце гэта трэці выпадак затрымання пазбаўленых права кіравання кіроўцаў маршрутак і другі - у стане ап'янення.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках