27 красавiка 2024, Субота, 23:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шок: у маці забралі пяцярых дзяцей за скаргу на настаўніка (Фота)

183

Праблемы ў жанчыны пачаліся пасля таго, як яна заявіла аб збіцці сына ў школе.

53-гадовая Надзея Дударэнка прысвяціла сваё жыццё дзецям. Яна выгадавала чатырох сваіх дзяцей, а 8 гадоў назад усынавіла двух малышоў і прыняла на выхаванне яшчэ пяцярых. У Надзеі Дударэнка свой дом у гарадскім пасёлку Парычы, жыве ў сярэднім дастатку - дзеці ні ў чым не мелі патрэбы. Малышы прывыклі лічыць Надзею сваёй маці і вельмі хваляваліся, калі яна раптам недзе затрымлівалася.

Сям'я Дударэнка лічылася ўзорнай - яе паказвалі па гомельскім тэлебачанні, хвалілі суседзі. Савет старшыняў даваў ёй толькі станоўчыя характарыстыкі. Але толькі да таго моманту, пакуль яна не пачала змагацца з мясцовай уладай.

Аднойчы старэйшы з дзяцей, другакласнік Ягор, прыйшоў дадому са школы і сказаў, што больш туды не пойдзе.

«Узімку мінулага года Ягор вярнуўся са школы і сказаў - мяне кожны дзень б'е настаўніца за «каравы» почырк», - распавяла Надзея Дударэнка сайту charter97.org.

Па словах маці, фізічныя пакаранні - звычайная практыка ў школе:

«Гэта настаўніца-пенсіянерка Тамара Радзевіч. Яна цэлы год б'е першакласнікаў і потым яны ходзяць у яе «шаўковыя». У яе такая методыка. Я падняла гэтае пытанне - бо ў дзяцей стрэс, яны з такой радасцю ішлі ў школу. Звярнулася да мясцовага начальніка адукацыі Людмілы Вялічка - у адказ мяне выклікалі «на дыван» і як маглі адчыталі. Аказваецца, я не павінна абараняць свайго прыёмнага дзіцяці».

Пасля скаргаў на школу ў Надзеі Дударэнка пачаліся праблемы:

«4 дні я пратрымала дзяцей дома, пакуль не далі дазвол перавесці іх у іншы клас. Пасля гэтага пачалася траўля. За тыдзень у мяне было 4 праверкі. Хадзілі па хаце ў брудным абутку, капаліся ў асабістых рэчах. Я магу адкрыць халадзільнік, шафу, паказаць, што яны хочуць убачыць. Але хто ім даў права па-хамску сябе паводзіць? Больш за год доўжылася гэтая траўля. На мяне пачалі шукаць кампрамат, але нічога не знайшлі. Тады яны сталі паклёпнічаць і вывесілі мяне на дошку ганьбы. А пасёлак у нас невялікі, 2000 жыхароў».

Пасля гэтага жанчына звярнулася да чыноўнікаў Гомеля:

«У нас тут кругавая парука. Я лічу сваім абавязкам абараняць інтарэсы прыёмных і ўсыноўленых дзяцей. Я жыву па закону. У любы час халадзільнікі запоўненыя, дзеці накормленыя і апранутыя. Мы адзін аднаго вар'яцка любім. Я звярнулася ў Гомельскае ўпраўленне - паўгода маліла, каб прыехалі і разабраліся», - успамінае жанчына.

Гомельскія чыноўнікі прыехалі і таксама адчыталі прыёмную маці:

«Прыехала 8 чалавек. Пракурор, начальнік адукацыі Людміла Вялічка, участковы, пажарнік, інспектар аховы дзяцінства, метадыст і іншыя. Думаеце, яны праявілі клопат і ўдзел? У прысутнасці дзяцей яны абвінавацілі мяне ва ўсіх смяротных грахах. Бегалі па хаце і прад'яўлялі прэтэнзіі - вы што, ужываеце спіртное? Але яны выдатна ведаюць, што мяне праверылі з ног да галавы, алкаголікам дзяцей не даюць. Я не пітушчы чалавек. Потым спыталі - з вамі пражываюць мужчыны, якія п'юць? Але ў нас не жывуць ніякія мужчыны. Мне 53 гады, я займаюся выхаваннем. Асабістае жыццё засталося ў мінулым, я прысвяціла сябе дзецям».

Раптам у прыёмнай маці забралі пяцярых дзяцей з сямі прыёмных. Двух усыноўленых пакінулі, па-закону іх не так проста забраць:

«У выніку яны зрабілі заключэнне, што дзяцей не білі. Хоць участковы, які дапытваў малышоў, казаў, што верыць дзецям, што іх білі. А 29 кастрычніка да мяне без папярэджання ўрываецца камісія з міліцыяй і заяўляе - мы прыехалі забіраць дзяцей. Я кажу, вы з розуму сышлі? Каб забраць дзяцей, патрэбныя нейкія падставы! Паказалі рашэнне выканкама - у ім напісана, што мясцовы начальнік адукацыі просіць скасаваць са мной дамову на выхаванне дзяцей. Хоць дамова ў мяне да 2017 года. І каб скасаваць яе, патрэбныя важкія падставы. У нас у доме няма антысанітарыі, дзеці не галадаюць, у іх няма нястачы ні ў чым».

«Пакуль я чытала рашэнне, яны забралі з ложка паўапранутага дзіцяці дашкольнага ўзросту. Астатніх павезлі са школы. Рашэнне забраць дзяцей было прынята ў выканкаме 10 кастрычніка, і мяне ніхто на гэта пасяджэнне не клікаў, ніхто ні пра што не папярэджваў. Яны зрабілі гэта, каб мяне пакараць. Ах, ты не маўчыш - забіраем дзяцей. Мне даўно гэтым пагражалі», - абураецца Надзея Дударэнка.

Больш за ўсё ад гэтай сітуацыі пакутуюць дзеці, упэўненая прыёмная маці:

«Я абураная несправядлівасцю ў дачыненні да дзяцей, для мяне гэта святое. На сёння я знаходжуся каля пабітага карыта. Але я не апускаю рукі, я буду змагацца за дзяцей. Тое, што адбылося - гэта крымінальшчына. Улады хочуць паказаць, што я ніхто. Але больш за ўсё пакутуюць дзеці».

Па словах Надзеі Дударэнка, фармальнай прычынай для таго, каб забраць дзяцей, стала тое, што яна не з'ездзіла на семінар па выхаванню дзяцей:

«Я звярнулася да старшыні райвыканкама з просьбай патлумачыць прычыну, па якой у мяне забралі дзяцей - ён не змог. У рашэнні пазначана, што дзяцей забралі на падставе нядобрасумленнага стаўлення да іх. Нядобрасумленным стаўленнем яны назвалі тое, што я не прысутнічала на курсах па выхаванню ў 45-і кіламетрах ад пасёлка. І гэта ў той час, калі ў мяне 7 дзяцей, палова з якіх хадзіла ў школу. У мяне ўдалы бацькоўскі вопыт. Я сама магу праводзіць такія курсы і дзяліцца вопытам. А яны хочуць, каб мяне 27-гадовыя маладыя дзяўчынкі без жыццёвага вопыту вучылі, як выхоўваць дзяцей. Гэта смешна».

Да таго, як жанчына заявіла аб збіцці дзяцей, яе сям'ю называлі ўзорнай, успамінае Надзея Дударэнка:

«Да таго, як я падняла пытанне са збіццём дзяцей у школе, ніякіх прэтэнзій і заўваг да мяне ніколі не было. Наадварот, хвалілі, казалі толькі добрае. Савет старшыняў даваў добрыя характарыстыкі, нас двойчы паказвалі па гомельскім тэлебачанні. Суседзі могуць пацвердзіць, што я сапраўды прысвяціла сябе дзецям».

«А зараз дзяцей могуць зламаць. Уявіце, яны былі ў хатнім становішчы, накормленыя, апранутыя, цацкі ў кожнага былі. У мяне малодшы ніколі спаць не клаўся, пакуль я яму «буську» не дам. Калі раптам затрымлівалася - яны перажывалі, што мамы няма. А зараз іх адправілі ў ізалятар, дзе іх ахоўваюць. Я хачу, каб яны ведалі, што мама іх не кіне, я забяру іх адтуль», - кажа Надзея Дударэнка.

Напісаць каментар 183

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках