26 красавiка 2024, Пятніца, 11:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мечыслаў Грыб: Колькасць супрацоўнікаў КДБ заўсёды была засакрэчаная

43
Мечыслаў Грыб: Колькасць супрацоўнікаў КДБ заўсёды была засакрэчаная

Старшыня Вярхоўнага Савету 12 склікання не ўпэўнены, што Лукашэнка назваў дакладныя лічбы супрацоўнікаў КДБ.

«Што меў на ўвазе Лукашэнка, калі назваў Валера Вакульчыка «Зайцавым у квадраце» - гэта трэба спытаць у самога аўтара выказвання. Калі «Зайцаў у квадраце» з лепшага боку — то незразумела, за што яго знялі. Калі «Зайцаў у квадраце» з горшага боку, калі ягоныя заганы ўзвесці ў квадрат, то я не ведаю, як гэта будзе выглядаць», - распавёў сайту charter97.org старшыня Вярхоўнага Савету 12 склікання, генерал-лейтэнант міліцыі Мечыслаў Грыб.

Са слоў генерал-лейтэнанта міліцыі, частка камітэтчыкаў не адпавядае патрабаванням правадыра:

«Заява пра скарачэнне КДБ была агучаная не як праграма скарачэння колькасці КДБ, а так, да слова. Відавочна, частка супрацоўнікаў КДБ не адпавядае патрабаванням правадыра. Можа, сваімі развагамі, меркаваннямі і выказваннямі. І таму сказана, што трэба скарачаць з дванаццаці да трох тысяч і «хай яны ідуць, куды хочуць». Але, урэшце, калі ў нармальнай дзяржаве адбываецца скарачэнне сілавых структур, дзяржава ніколі не скажа, што хай яны ідуць, куды хочуць.

Калі ідзе звычайнае планавае скарачэнне, як мы праводзілі скарачэнне ўзброеных сіл напачатку 90-х гадоў, то ў нас былі цэнтры, мы людзей звальнялі па-добраму. Звальнялі іх у запас, забяспечвалі жыллём, стваралі цэнтры, каб яны маглі атрымаць іншую спецыяльнасць — рабочых, мэнэджараў і гэтак далей. Каб яны маглі ўладкавацца ў жыцці, маглі ўтрымліваць свае сем'і. А заяўляць, што хай ідуць, куды хочуць — мы ніколі гэтага не рабілі. Гэта няправільна. Калі чалавек служыў пяць, дзесяць, дваццаць гадоў і яго цяпер звальняе дзяржава, тое яна павінна паклапаціцца пра тое, што ён будзе рабіць заўтра і пазаўтра, і хто будзе карміць ягоную сям'ю, калі дзяржава не дапаможа яму ўстаць на ногі ў новай прафесіі ці пасадзе».

Раней у Беларусі было прыблізна 2000 супрацоўнікаў КДБ, адзначыў старшыня Вярхоўнага Савета 12 склікання:

Я не ведаю, сапраўды ў нас 12’000 супрацоўнікаў КДБ ці не, як заявіў Лукашэнка — у нас гэтыя лічбы засакрэчаныя. Калі я яшчэ 20 гадоў назад працаваў у органах унутраных спраў, і мы шчыльна кантактавалі з КДБ, мы ведалі, што, напрыклад, у Віцебскай вобласці ў нас было КДБ Віцебскай вобласці і былі невялікія аддзяленні ў Наваполацку, Оршы і ўсё. У астатніх раёнах ніякіх падраздзяленняў не было. Быў адзін оперупаўнаважаны КДБ Віцебскай вобласці, які абслугоўваў некалькі сельскіх раёнаў. Адзін прыязджаў на матацыкле, глядзеў і з'язджаў. А сёння структуры і аддзелы КДБ ёсць у кожным раёне. Колькасць супрацоўнікаў КДБ заўсёды была сакрэтнай, яе ніхто ніколі не агучваў, нават мне не казалі. Але іх было вельмі мала. Прыблізна, тысячы дзве».

Нагадаем, сёння Лукашэнка, прадстаўляючы новага старшыню КДБ Валера Вакульчыка кіраўнічаму складу органаў дзяржаўнай бяспекі, папярэдзіў камітэтчыкаў, што да іх прыйшоў «Зайцаў у квадраце».

Таксама дыктатар сказаў, што штат КДБ трэба скараціць у чатыры разы. «Хай іх будзе не 12 тысяч, не 10 тысяч і нават не 6 тысяч чалавек. Хай іх застанецца 3 тысячы, але гэта застануцца найадданыя дзяржаве людзі. Усе астатнія, куды жадаюць, хай сыходзяць».

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках