26 красавiка 2024, Пятніца, 7:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Еўрабачанне-2013» для Беларусі: за чый кошт банкет?

39
«Еўрабачанне-2013» для Беларусі: за чый кошт банкет?

Пасля абрання Алены Ланской прадстаўніком Беларусі на конкурсе «Еўрабачанне-2013» не толькі беларускія гледачы, але і самі артысты перажываюць відавочнае дэжавю.

Пасля скандалу з фальсіфікацыяй галасавання і разгляду на самым версе цяперашняя перамога Ланской і Ко выглядае не менш пераканаўчай і элегантнай, чым вынік апошніх «выбараў», піша «Тут і цяпер».

Старая песня на новы лад

Між тым з першага «трыумфу» да другога не прайшло і года (калі быць дакладным, то прайшло крыху менш за 10 месяцаў). Але за гэты час адбылося нямала цудаў. Прадзюсер Зміцер Баранаў, названы па выніках афіцыйнага расследавання вінаватым у падтасоўцы галасоў, быў звольнены з БТ і... нечакана з'явіўся на пасадзе дырэктара прадзюсарскага цэнтра «Спамаш», дзе ледзь не з моманту заснавання цэнтра «служыць» салісткай Алена Ланская (паводле пашпарта, Ляпохіна). Сама спявачка, якая некалькі месяцаў запар паўтарала, што моцна апяклася і не збіраецца падаваць заяўку ў адбор на «Еўрабачанне-2013», практычна ў апошні дазволены правіламі дзень гэта ўсё ж такі зрабіла. У фінале Ланская з даволі сярэдненькай песенькай ў стылі еўра-поп «Rhythm of Love» нечакана набрала больш за 10 тысяч галасоў і абыйшла папярэдніх лідэраў усіх альтэрнатыўных галасаванняў - гурт «Nuteki».

Сацыяльныя сеткі, мякка кажучы, узарваліся. «Ах, як нечакана!» - смяецца ў сваім блогу кампазітар Сяргей Сухамлін, чыю песню «Mum» «выгуляла» на «Еўрабачанні-2006» Паліна Смолава.

«Я ўключаю свае экстрасэнсорныя здольнасці! Едзе Ланская, - камэнтавала тэлетрансляцыю вострая на язык тэлевядучая Ганна Бонд. І пасля абвяшчэння вынікаў: - Я рада! Якое шчасце! Туш цячэ! О-о-о-о, гэта было незабыўна!»

«Вынікі свайго галасавання па «Еўрабачанні» не апублікую з карпаратыўнай этыкі, - выказваецца прадзюсер Уладзімір Максімкоў, які адказваў за першае для Беларусі «Еўрабачанне-2004». - Але свае думкі і каментары па артыстам - маю права. Заўтра». Назаўтра ў блогу прадзюсара з'явіўся наступны (бязадрасны) запіс: «Некаторыя думаюць, што, калі яны выходзяць на сцэну або подыум, іх паказваюць па тэлевізары, іх фатаграфіі з'яўляюцца ў газетах і часопісах, яны зоркі. Вы памыляецеся! Зорка - гэта нябеснае цела, у якім адбываюцца, адбываліся або будуць адбывацца тэрмаядзерныя рэакцыі».

Да ведама

Наогул прадставіць Беларусь на «Еўрабачанні-2013» пажадалі больш за 80 выканаўцаў і музычных калектываў. У фінале нацыянальнага адбору ў гэтым годзе змагаліся 10 прафесійных музыкаў, у ліку якіх Макс Лорэнс («I love your charming eyes»), Аляксей Грос «One way love»), Дарыя («Catch me again»), група Nuteki («Save me»), Сацура («Get out of my way»), Uzari («Secret»), Яnkey («Letter to mother»), Віталь Варанко («I wonder how you»), «Beaver Band» («Incredible girl»).

Цвярозы разлік

Між тым пакуль адны смяяліся да слёз, іншыя плакалі ад смеху, а трэцім ікалася, мала хто задаўся простым пытаннем: ці магла каманда Алены Ланской, якую ў мінулым годзе публічна і даволі адчувальна пстрыкнулі па носе, перамагчы сумленна? Парадаксальна, але факт: магла.

Схавайце вашыя тапкі - яшчэ будзе ў каго кінуць. Кіруемся разумным сэнсам і матэматыкай. Хоць афіцыйна лічбы галасавання гледачоў ні ў мінулы, ні ў гэты раз нідзе не былі апублікаваныя, на некаторых аматарскіх запісах трансляцыі іх можна ўбачыць. У фінале цяперашняга нацыянальнага адбору Алена Ланская набрала 10 370 галасоў гледачоў. Падкрэслім: гэта не колькасць чалавек, якія падтрымалі апранутую ў чырвонае і скуру бялявую шэльму, а колькасць званкоў і СМС. За 10 хвілін, якія доўжылася галасаванне, адэпты «Еўрабачання» маглі і персанальна Ланской патэлефанаваць хоць 20 разоў - добра, са стацыянарных тэлефонаў званок быў бясплатным - і яшчэ згалець на пару-тройку СМС (коштам ад 3500 да 4100 руб., у залежнасці ад аператара).

Атрымліваецца, што за спявачку прагаласавалі ў лепшым выпадку 3000 чалавек, а можа, і таго менш. Матываваць ж іх можна было вельмі проста. Напрыклад, намякнуць ў «неафіцыйных умовах» супрацоўнікам канцэрна «Амкадор» (дзе «руліць» Аляксандр Шакуцін, той самы, які валодае і прадзюсерскім цэнтрам «Спамаш»), што за праяўленую актыўнасць іх чакае прэмія ў канцы года. Правяраецца актыўнасць элементарна - раздрукоўкай званкоў з хатняга тэлефона, а прэмія, што ні кажы, справа прыемная. І, галоўнае, ніякага крыміналу: абсалютна ніхто і нішто не перашкаджала ўсім астатнім 9 кандыдатам на «Еўрабачанне» зрабіць тое ж самае. Ніхто і нішто, акрамя фінансавых магчымасцей. Але гэта толькі версія, адна з многіх...

Зрэшты, не будзем адыходзіць ад тэмы, рушым далей. Асабіста я, прызнаюся, нічога не маю супраць таго, каб пераможца нацыянальнага адбору, якім бы ён ні быў, за свае ўласныя (або прадзюсерскія, або ад прададзенай ныркі грошы) з'ездзіў праспяваць у Швецыю. Але тут ёсць істотнае, самае важнае пытанне:

Ці варта Беларусі наогул ўдзельнічаць у «Еўрабачанні»?

Калі падлічыць агульную колькасць галасоў за ўсіх 10 фіналістаў цяперашняга адбору і прыблізна ўявіць колькасць рэальных людзей, якія глядзелі і галасавалі за ўвесь гэты, прабачце, беларускі шоў-бізнэс, атрымліваецца вельмі сумная карцінка. Прадстаўніка Беларусі на «Еўрабачанні» выбіралі менш за 15, а то і 10 тысяч чалавек! Гэта нават не 1 адсотак насельніцтва краіны. Гэта менш, чым насельніцтва Стоўбцаў, Быхава і тым больш Магілёва, адкуль родам цяперашні пераможца.

Між тым ўклад кожнай краіны за ўдзел у «Еўрабачанні», хоць і трымаецца ў сакрэце арганізатарам - Еўрапейскім вяшчальным саюзам, але складае ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх сотняў тысяч еўра. Напрыклад, для Расеі ў далёкім ужо 2000 годзе гэты ўклад складаў 70 тысяч даляраў, цяперашняя сума наўрад ці змянілася ў меншы бок. Ці не занадта вялікі кошт для турпаездкі местачковай «зоркі» ў Еўропу? Нават калі яе прадзюсар, як абумоўлена ў цяперашнім палажэнні беларускага нацыянальнага адбору, цалкам аплаціць падрыхтоўку да конкурсу - здымкі кліпа, паслугі іміджмэйкераў і аранжыроўшчыкаў, педагогаў па вакале, англійскай мове і г.д. І гэта яшчэ далёка не ўсе выдаткі. У траўні дададуцца рахункі за авіяпералёт, пражыванне ў гатэлі, харчаванне для ўсёй дэлегацыі, у склад якой, акрамя творчай групы, трапяць і тэлевізійныя функцыянеры, і «правільныя» СМІ. Напрыклад, на дзіцячае «Еўрабачанне» ў гэтым годзе лёталі 15 чалавек, і толькі палова з іх мела непасрэднае дачыненне да выступлення на сцэне. Так, цытуючы савецкую кінакласіку за чый кошт банкет? Альбо (калі бліжэй да нашых часоў) цытуемы леташні разбор «Еўрафэсту» ў прэзідэнта: «трацяць мільярды рублёў незразумела на што. Вам што, грошы няма куды падзець»

Можа варта ўзяць прыклад з Польшчы, якая другі год запар не прымае ўдзел у «Еўрабачанні»? Ці павучыцца ў Славакіі і Партугаліі, якія адмовіліся ад удзелу па фінансавых матывах? У спісе «адмоўнікаў» таксама Чэхія, Манака, Андора, Ліхтэнштэйн і Люксембург, пад пытаннем удзел у конкурсе Грэцыі і Босніі і Герцагавіны. Далёка не ва ўсіх гэтых краінах эканамічная сітуацыя горш нашага «цэнтра Еўропы», проста іх ўрады расставілі прыярытэты. Тым больш што наступны год для беларусаў пройдзе пад знакам эканоміі і беражлівасці. Так можа і нам, спадары, пераняць карысны вопыт і зэканоміць бюджэтныя (чытай - падаткаплацельшчыкаў) грошы, творчыя амбіцыі і нервы гледачоў?

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках