26 красавiка 2024, Пятніца, 17:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінсельгасхарч пацвердзіў: Беларусь завальвае прадуктамі расейскі рынак

9
Мінсельгасхарч пацвердзіў: Беларусь завальвае прадуктамі расейскі рынак

Мінсельгасхарч прызнае, што перавышэнне паставак у Расею беларускага харчавання па некаторых пазіцыях мае месца.

«Ёсць перавышэнне па некаторых пазіцыях», - сказала БелаПАН прэс-сакратар Мінсельгасхарча Вольга Срэднева на просьбу пракаментаваць учорашнюю заяву намесніка міністра сельскай гаспадаркі РФ Іллі Шастакова.

У той жа час яна не стала канкрэтызаваць, якія менавіта групы тавараў пастаўляюцца ў аб'ёме, які перавышае двухбаковыя дамоўленасці. У лютым, дадала прэс-сакратар, плануецца правесці пасяджэнне сумеснай калегіі міністэрстваў сельскай гаспадаркі дзвюх краін, на якім і будзе ўзгадняцца прагнозны баланс попыту і прапановы па асноўных відах сельгаспрадукцыі на 2013 год.

25 снежня ў Маскве намеснік міністра сельскай гаспадаркі РФ заявіў журналістам, што расейскі бок занепакоены значным перавышэннем узгодненага аб'ёму паставак некаторых груп прадуктаў харчавання з Беларусі, у той час як Менск просіць аб павелічэнні аб'ёмаў увозу сваіх тавараў у Расею.

Мінсельгас Расеі гатовы ў чымсьці пайсці насустрач, аднак настойвае на выкананні дамоўленасцей з боку краіны-партнёра, падкрэсліў Шастакоў. «Нашу занепакоенасць выклікае істотнае перавышэнне ўзгодненых аб'ёмаў паставак малочнай і мясной прадукцыі з Беларусі», - заявіў прадстаўнік Мінсельгаса.

Паводле яго слоў, пры вызначаным на 2012 год аб'ёме ўвозу малочнай прадукцыі 3,7 млн. тон (у пераліку на малако) фактычны аб'ём паставак складзе, па прагнозе Мінсельгаса РФ, 4,1 млн. тон, да таго ж назіраецца «частковы дэмпінг».

Мінсельгас РФ таксама адзначае, што пастаўкі мяса пры ўзгодненым аб'ёме 170 тыс. ужо склалі 332 тыс. тон. Аб'ём увозу мяса птушкі перавышае ўзгоднены аб'ём у шэсць разоў, свініны - у 2,5 разы, у значным аб'ёме ўвозяцца мясапрадукты. Пры гэтым расейскі бок сумняваецца, што ўсе мяса, якое ўвозіцца з рэспублікі, мае беларускае паходжанне.

«З аднаго боку, Беларусь просіць павялічыць ім імпартныя квоты на пастаўкі мяса з трэціх краін. З іншага боку, мы бачым, што гэта мяса альбо шляхам замяшчэння, альбо транзітам ідзе да нас. І мы чулі заявы неафіцыйных асобаў, што ім гэта вельмі выгадна», - заявіў Шастакоў.

Паводле яго слоў, Менск прапануе на наступны год павялічыць для Беларусі аб'ёмы паставак мяса і малака ў Расею: прычым, павялічыць не проста ў адносінах да ўзгодненых на 2012 год аб'ёмаў, а да фактычных аб'ёмаў паставак, і на «дзеяткі адсоткаў».

«Але тут будзем адстойваць пазіцыю расейскіх вытворцаў. Мы не супраць павелічэння паставак, але, па-першае, яно не павінна ісці такімі тэмпамі, а па-другое, нашы партнёры павінны ісці ў рамках ўзгодненых аб'ёмаў, каб наш рынак мог разумець, якія дадатковыя аб'ёмы паступаюць на расейскі рынак», - падкрэсліў намеснік кіраўніка Мінсельгаса РФ.

Варта адзначыць, што на мінулым тыдні ў Маскве адбылася сустрэча міністра сельскай гаспадаркі Расеі Мікалая Фёдарава з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанідам Зайцам. У афіцыйным прэс-рэлізе па выніках перамоваў паведамлялася, што бакі абмеркавалі перспектывы ўзаемнага гандлю, а таксама праблемныя пытанні, звязаныя з гэтым.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках