Шантаж у адказ на санкцыі: памежнікі сыходзяць з мяжы
129- 19.04.2012, 18:47
Беларусь скарачае колькасць памежнікаў на межах з ЕЗ.
Надгляд на выездзе з Беларусі становіцца менш дбайным, надгляд на ўезд у Беларусь узмацняецца.
Пра гэта «Еўрарадыё» паведаміў прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка:
- Справа ў тым, што санкцыі Еўразвяза накіраваныя на буйныя прадпрыемствы, якія робяць вялікі ўклад у беларускі бюджэт. Хіба гэта можа застацца без наступстваў? Можа, усе звыкліся з тым, што мы працавалі аднолькава як на ўезд, так і на выезд. Дбайнасць кантролю была аднолькавай. Але зараз, з улікам пытання фінансавання, бюджэтных пытанняў, звязаных з гэтымі праблемамі, мы будзем скарачаць намаганні па кантролю за выездам з Беларусі. Гэта значыць права кантролю за уездам у Еўразвяз мы аддаем нашым суседзям.
Аляксандр Цішчанка дадае, што беларускія памежнікі ні ў якім разе не адмаўляюцца ад аховы межаў Польшчы, Літвы і Латвіі.
«Нельга казаць аб тым, што на мяжы ствараецца «дзірка», - падкрэслівае ён. - Але зараз, з улікам санкцый, мы пераглядаем нашыя прыярытэты ў бок унутраных інтарэсаў».